«Да 80% усёй беларускай ІТ-галіны знікне». Тысячы праграмістаў з сем'ямі бягуць з Беларусі проста ў гэтыя хвіліны

Як стала вядома «Нашай Ніве», проста ў гэтыя дні адбываецца маштабная рэлакацыя беларускіх праграмістаў з краіны. Лік ідзе на тысячы. 

01.03.2022 / 21:41

Кіраўнікі кампаній называюць прычынамі рэзкіх уцёкаў некалькі асноўных фактараў.

— Заходнія замоўшчыкі адмаўляюцца супрацоўнічаць з юрыдычнымі асобамі, размешчанымі ў Беларусі, а таксама купляць прадукт, зроблены ў Беларусі.

Гэта частка агульнасусветнага трэнда па выпіхванні беларускіх і расійскіх тавараў са сваіх рынкаў, гэта датычыць і ІТ-тавараў таксама. Ставіцца ўмова змены юрысдыкцыі кампаніі і знаходжання людзей. 

— Глабальны рынак ІТ-аўтсорсу страціў гіганцкую частку працоўнай сілы пасля пачатку вайны ва Украіне — дзясяткі тысяч украінскіх праграмістаў не могуць нармальна працаваць, займаючыся пытаннямі абароны Радзімы і выжываннем.

Роўна як і не могуць пакінуць тэрыторыю краіны, бо хлопцаў прызыўнога ўзросту, якіх большасць у прафесіі, не выпускаюць за мяжу. ІТ-кампаніі непакояцца, што, калі Лукашэнка пачне вайну і абвесціць мабілізацыю, у той самай сітуацыі апынуцца з дзясяткамі тысяч беларускіх супрацоўнікаў, якія ўмомант стануць невыязнымі, то лепш эвакуяваць іх, пакуль можна. 

— Адзначаюцца праблемы фінансавых разлікаў з кліентамі, калі ў іх нават і няма прынцыповых пазіцый па размяшчэнні персанала: няма ніякай гарантыі, што ў кароткатэрміновай ці сярэднетэрміновай перспектыве плацяжы ў бок Беларусі з Захаду будуць ажыццяўляцца.

— Таксама няма ніякіх гарантый, што можна будзе выплачваць заробкі ў доларах, як было дамоўлена кантрактамі. Бо з пагаршэннем валютнай сітуацыі з'явілася праблема, што пры налічванні заробку на доларавую карту банк залічвае яе па афіцыйным курсе, але, за кошт вялікага спрэду паміж купляй і продажам долара (2,8—3,5), пры разліку такой картай адтуль спісваецца у рублях больш, чым было залічана.

Адпаведна, заробак праграміста падае з тэмпамі інфляцыі (выдаваць валютай заробак у Беларусі нельга, як і разлічвацца, на ўзроўні бухгалтэрыі прадпрыемстваў і аплаты ўсё канвертуецца ў рублі)». 

«У нас працуе тысяча чалавек, большасць з іх мы вывозім проста зараз»

Вось як гэта выглядае на практыцы. 

«З нашай кампаніяй адмовіліся супрацоўнічаць асноўныя замоўцы са Злучанага Каралеўства і ЗША, да таго моманту, пакуль прадукт робіцца ў Беларусі, — тлумачыць менеджар адной з вядомых кампаній. — У нас працуе тысяча чалавек, большасць з іх мы вывозім проста зараз. Але гэтая тысяча разам з хамячкамі, сабачкамі, дзецьмі і жонкамі ператвараецца ўжо амаль у дзве тысячы».

Асноўны маршрут эвакуацыі — па зямлі ў ЕС, Літву і Польшчу. Але ён актуальны толькі для тых, у каго ёсць віза. Што рабіць тым, у каго візы няма? 

«Мы сваіх вывозім чартарнымі рэйсамі. Адзін чартар каштуе, дарэчы, сорак тысяч долараў, — кажа менеджар іншай кампаніі, якому трэба вывезці 150 чалавек без віз. — Вывозім у Маскву, а потым яны паляцяць ва Уладзікаўказ унутраным расійскім рэйсам, адкуль зямлёю дабяруцца да Грузіі і атрымаюць там візы». 

Як расказалі «Нашай Нівы» беларускія праграмісты, якія працавалі ў Маскве, аналагічна гэтымі днямі з Расіі эвакуююцца дзясяткі тысяч расійскіх ІТ-спецыялістаў.

Даляцець наўпрост да Грузіі ці Арменіі з Беларусі ўжо вельмі дорага. Пошукавыя сістэмы выдаюць астранамічныя сумы ад тысячы даляраў за шараговыя пералёты, і цана квіткоў кожную гадзіну расце. Прамых рэйсаў на бліжэйшыя дні сервісы пошуку квіткоў не знаходзяць, сайт «Белавіі» адкрываецца з вялікімі цяжкасцямі.

Гэта таксама сведчыць пра адток фінансава-самастойных людзей.

 

«Да 80% усёй беларускай ІТ-галіны знікне»

Праграмісты і кампаніі высокага ўзроўню, з істотнай падушкай бяспекі, пераважна бягуць у ЕС. Кампаніі меншыя і бяднейшыя едуць у Грузію, Турцыю і Узбекістан, каб паназіраць адтуль, як будуць развівацца падзеі. 

Узбекістан, дарэчы, адразу ж, 25 лютага, адкрыў уласную праграграму рэлакацыі, згодна з якой аплочвае пераезд кампаній і праграмістаў ва Узбекістан за свой рахунак. Аналаг нашага ПВТ ва Узбекістане будуюць у тым ліку беларускія менеджары. 

Што да Грузіі, то там ужо відавочна, што ў Тбілісі не хапае офісных плошчаў патрэбнага ўзроўню і памеру. Беларускія кампаніі арэндуюць цэлыя паверхі гатэляў у Тбілісі для сваіх работнікаў, каб яны там і працавалі. У гарадскіх уладаў баліць галава, як забяспечыць для гэтай справы патрэбную хуткасць інтэрнэту. 

Удзельнікі рынку ўспрымаюць сітуацыю ў Беларусі як «сапраўднае бе(г)дства». 

«Пасля падзей 2020-га, аб'ектыўна кажучы, выехала працэнтаў 20% кампаній і праграмістаў, сыход быў заўважны, але не стаў крытычным, — адзначаюць суразмоўцы. — Таму што з таго часу іх месцы занялі выпускнікі ўніверсітэтаў, якіх даволі шмат, а таксама тыя, хто перавучваецца.

Але цяпер узровень праблем зусім іншы — гэта вялікі сістэмны сыход, не эмацыйны, а прагматычны, такі ж сыход адбываецца цяпер і ў Расіі.

Я б прагназаваў, што да 80% усёй беларускай ІТ-галіны знікне.

Застануцца тыя кампаніі, якія працуюць на ўнутраны і расійскі рынак, а таксама тыя праграмісты, якія маюць у рэспубліцы вялікія і глыбокія якары ў выглядзе хворых бацькоў, крэдытаў з немагчымасцю прадаць і падобнага».

Агулам сайт ПВТ ацэньвае колькасць супрацоўнікаў кампаній-рэзідэнтаў у 76 тысяч чалавек. Сама IT-сфера Беларусі да 2021 года давала 4% ВУП і з'яўлялася крыніцай росту іншых спадарожных сфер. 

Арцём Гарбацэвіч