Лукашэнка заявіў, што Беларусь не пашле свае войскі ва Украіну, але паўтарае расійскі наратыў

Лукашэнка заявіў сёння на паседжанні Рады бяспекі: Беларусь не плануе ўдзельнічаць у спецаперацыі ва Украіне.

01.03.2022 / 11:22

«Беларускае войска ніякага ўдзелу ў баявых дзеяннях не прымала і не прымае. Мы можам гэта даказаць каму заўгодна», — сказаў Лукашэнка.

«Больш за тое, расійскае кіраўніцтва ніколі не ставіла перад намі гэтае пытанне — аб нашым удзеле ва ўзброеным канфлікце, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. —

Мы і далей не збіраемся ўдзельнічаць у гэтай спецаперацыі ва Украіне. Няма такой неабходнасці». 

«Мы прыкрываем сваімі сіламі дзяржаўную мяжу ад Брэста да Мазыра для прадухілення пранікнення ў краіну радыкалаў, зброі», ‒ заявіў ён. 

Віну за развязванне вайны ва Украіне Лукашэнка ускладае на Захад. Паводле яго, Захад узмацніў мілітарызацыю рэгіёна, «уцягнуў у гэтую гісторыю ўкраінскі бок нязбытнымі абяцаннямі прыняцьця краіны ў Еўрасаюз і NATO».

Мэта была «справакаваць нас, перш за ўсё Расію», — кажа ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі прыведзеныя ў гатоўнасць сродкі супрацьракетнай абароны.

«Міністр абароны далажыў мне пра гатоўнасць да прыкрыцця заходняй мяжы яшчэ пяццю батальёнамі. Па-іншаму мы не можам. Мы пастаянна чакаем правакацый ад заходніх партнёраў. То ў палітыцы, то ў эканоміцы, то ў ваеннай сферы», — заявіў ён.

Як Беларусь саўдзельнічае ў нападзе на Украіну: паказваем на мапе

«Ніколі не будзе, што з тэрыторыі Беларусі нейкія войскі атакуюць Кіеў. Ні-ко-лі!» Прыводзім заявы Лукашэнкі пра вайну з Украінай

Nashaniva.com