Эканаміст Леў Львоўскі — пра SWIFT: Калі замах сякеры страшнейшы, чым само пакаранне
Старшы навуковы супрацоўнік цэнтра Beroc Леў Львоўскі пракаментаў, што азначае адключэнне Расіі ад SWIFT, якое сёння праанансавалі лідары заходніх краін.
26.02.2022 / 17:36
Харкаў, Украіна. Фота Vadim Ghirda / AP
Калі з большасцю санкцый у дачыненні да РФ усё ясна і там чым больш, тым лепш, то з адключэннем ад SWIFT усё не так адназначна.
SWIFT выкарыстоўваецца для міжнародных пераводаў і часткова для ўнутраных транзакцый (на ім завязаныя сусветныя пластыкавыя карты).
Што будзе, калі SWIFT адключаць:
— Для ўнутраных перакладаў ёсць сістэма «Свет». Карты ўнутры РФ працаваць не перастануць.
— Будуць часовыя складанасці з паступленнем валюты. Каб у краіну не паступалі нафтадаляры ў доўгатэрміновай перспектыве, трэба ўвесці санкцыі на куплю ў Расеі нафты, а не на транзакцыі. Таму што Газпрам ўсё роўна знойдзе спосабы пераводу грошай і само па сабе адключэнне яго не палохае.
— Трэцяя, немалаважная функцыя SWIFT — вывад грошай з Расеі.
Для ўдару па расійскіх банках і змяншэння яе дэпазітнай базы лепшага рашэння, чым пакінуць магчымасць вываду капіталаў, але ўвесь час казаць, што гэтая магчымасць можа хутка знікнуць, — і прыдумаць нельга.
Так, нейкая колькасць пуцінскіх прыхлябацеляў выратуюць свае грошы, затое гэта перавядзе ўсю банкаўскую сістэму Расеі на галодны паёк і запусціць гіганцкія праблемы з ліквіднасцю. Таму самай дзейснай мерай стане абяцанне адключэння, але не рэальнае дзеянне.
А каб праз SWIFT у краіну не прыходзілі грошы, ёсць усе астатнія санкцыі.