Эдуард Бабарыка з-за кратаў: Жыццё кожны дзень дорыць новыя адкрыцці і маленькія радасці
Палітвязень разважае ў лісце, што «адзіная наша «прафесія» і сцежка — гэта стаць сабой і быць сабой».
23.02.2022 / 15:07
Эдуард Бабарыка, якога за кратамі трымаюць ужо 20 месяцаў, даслаў на волю ліст. У ім палітвязень разважае пра сталенне і дзеліцца сваім настроем. Сыну Віктара Бабарыкі, экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду і былога кіраўніка «Белгазпрамбанка», пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, нагадвае «Новы час».
«Са мной усё добра: малюю, чытаю, пішу, займаюся ёгай, медытую, — піша Эдуарт у лісце. — Жыццё кожны дзень дорыць новыя адкрыцці і маленькія радасці:)
Атрымліваю задавальненне.
Па-першае, спадзяюся, што ты ніколі не зможаш сказаць пра тое, што «вырасла». Гэтага ні ў якім выпадку нельга дапусціць! Нават калі ты будзеш бабулечкай, не вырастай. Інакш знікне ўменне здзіўляцца свету, радавацца жыццю. Боб Дылан у адной з песень кажа: «Мы пачынаем паміраць, калі перастаем нараджацца». Таму кідай дурное:)
Па-другое, не паддавайся грамадскай думцы, даволі неразумнай, дарэчы, наконт таго, што мы абавязкова павінны кімсьці стаць. Гэта вельмі вузка для хараства і велічы чалавечай асобы. Адзіная наша «прафесія» і сцежка — гэта стаць сабой і быць сабой. Проста рабі тое, што падабаецца і хочацца. Развівайся ў тых галінах, якія табе максімальна блізкія, не прымяраючы зневажальныя гарнітурчыкі у выглядзе строгай спецыяльнасці. Не існуе ўзросту, прафесіі і іншай лабуды — гэта ж усяго толькі абстракцыі, якія не здольныя апісаць глыбіню і шматграннасць чалавечага жыцця. Мадэль «вучоба-праца-пенсія» вельмі прымітыўная і заганная. Увогуле, я вельмі рады тваім пошукам. Жадаю ім ніколі не заканчвацца!»
Днямі стала вядома, што Эдуард Бабарыка будзе знаходзіцца ў мінскім СІЗА мінімум да 14 красавіка. У канцы года яму выставілі абвінавачванні — у распальванні варожасці і арганізацыі масавых беспарадкаў.
За кратамі ён з 18 чэрвеня 2020 года.