Міністр абароны Віктар Хрэнін: Нашы прэзідэнты — самыя сёння моцныя ў сусветнай палітыцы

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін упэўнены, што лідары Беларусі і Расіі не дапусцяць пераходу сітуацыі ў рэгіёне ў гарачую фазу. Аб гэтым ён заявіў журналістам падчас урачыстага сходу з нагоды 23 лютага.

23.02.2022 / 13:46

«У інфармацыйным полі вы бачыце, што адбываецца. Але ў мяне ёсць упэўненасць і перакананасць, што нашы прэзідэнты, самыя моцныя сёння, я лічу, у сусветнай палітыцы, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, не дапусцяць скаціцца ў гарачую фазу. Будзе ўсё мірна, дыпламатычна, усё стане на свае месцы. Думаю, гэта адбудзецца вельмі хутка. У найбліжэйшы час», — сказаў міністр.

Ён канстатаваў, што апошнім часам часта некаторыя палітыкі робяць алярмісцкія прагнозы. «Такое пачуццё, што нас прывучаюць да гэтага слова. Такая «нармальнасць». Але, я лічу, гэта ненармальна. Гэта ненармальна», — падкрэсліў Віктар Хрэнін.

Nashaniva.com