Экс-пракурора Бабака будуць судзіць па двух артыкулах: 342 і 130. Ён сказаў, каму ахвяраваць замест яго
Як стала вядома «Нашай Ніве», былому пракурору Яўгену Бабаку, які выступіў супраць гвалту, выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці). Суд прызначаны на 11 сакавіка.
22.02.2022 / 10:08
Бабак стаў вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збілі байкераў ва Уруччы ноччу 11 жніўня. Праверцы, аднак, не далі ход, а самога Бабака прымусілі звольніцца.
10 чэрвеня 2021 года кватэру Бабака разграмілі, а яго арыштавалі. Спачатку на суткі, а потым і па крымінальным артыкуле.
Яўген перадае прывітанне ўсім, хто яго падтрымлівае, кажа, што ў яго ўсяго хапае, і што калі ёсць жаданне ахвяраваць яму, то лепш накіраваць гэтыя сродкі на дапамогу дзецям з праграмы UNIHELP. Рэкламу з просьбай падтрымкі ад сем'яў ён часта бачыць па тэлевізары ў камеры.