Рэцэпт на выхадныя: венецыянскі маркоўны пірог
Маркоўны пірог (ці, у іншых варыяцыях, торт) — дужа папулярны дэсерт, які часта можна сустрэць у кавярнях. Пры жаданні да яго можна дадаць крэм з сыру маскарпонэ — сапраўдная асалода!
02.04.2022 / 08:00
Фота: BBC Food
Каб прыгатаваць венецыянскі маркоўны пірог, вам спатрэбіцца:
- 3 чайныя лыжкі кедравых арэхаў,
- 200-250 грамаў морквы,
- 75 грамаў разынак (лепей браць залатыя разынкі),
- 60 мілілітраў рому,
- 150 грамаў цукру,
- 125 мілілітраў аліўкавага алею (і трошкі яшчэ, каб змазаць форму),
- чайная лыжка ванільнага экстракту,
- 3 яйкі,
- 250 грамаў молатага міндалю,
- палова чайнай лыжкі молатага мускатнага арэху,
- палова лімона (пакіньце ад яго толькі цэдру і сок).
Калі хочаце зрабіць да пірага крэм з маскарпонэ, падрыхтуйце:
- 250 грамаў сыру маскарпонэ,
- 2 чайныя лыжкі цукровай пудры,
- 2 чайныя лыжкі рому.
- Разагрэйце духоўку да 180 градусаў. Вазьміце круглую форму для выпякання дыяметрам 23 см, пакрыйце дно пякарскай паперай і змажце бакі формы алеем.
- Падсушвайце кедравыя арэхі на патэльні без алею, пакуль яны не набудуць карычневы колер.
- Здрабніце моркву з дапамогай дробнай таркі. Завярніце атрыманую масу ў сурвэтку з паперы і адцісніце яе, каб прыбраць лішнюю вадкасць.
- Памясціце разынкі і ром у маленькую каструлю, давядзіце да кіпення, потым паменшыце агонь і варыце сумесь 3 хвіліны.
- Узбівайце цукар і алей разам, пакуль сумесь не загусцее. Дадайце ванільны экстракт і яйкі, зноў добра ўзбейце сумесь. Пасля гэтага ўмяшайце ў яе молаты міндаль, мускатны арэх, маркоўную масу, разынкі і, нарэшце, цэдру і сок лімона.
- Перамясціце сумесь у падрыхтаваную форму для выпякання і разгладзьце яе лапаткай.
- Упрыгожце верх пірага кедравымі арэхамі і пастаўце форму ў духоўку на 30-40 хвілін. Пірог будзе гатовы, калі яго верх уздымецца і набудзе карычневы колер. Памясціце ў цэнтр пірага драўляную шпажку і дастаньце яе — калі на шпажцы амаль не будзе рэшткаў цеста, значыць, пірог можна есці. Дастаньце яго з духоўкі і астудзіце перад тым, як вымаць з формы.
- Каб зрабіць крэм, перамяшайце сыр маскарпонэ з цукровай пудрай і ромам.
- Падавайце пірог з крэмам у асобнай місцы, каб кожны, хто пажадае, мог узяць трошкі крэму сабе.