Мінабароны РБ: «Беларусь і Расія вырашылі працягнуць сумесную праверку сіл рэагавання»
«З-за ваеннай актыўнасці ля межаў і абвастрэння на Данбасе Беларусь і Расія вырашылі працягнуць сумесную праверку сіл рэагавання», — такая заява міністра абароны Беларусі апублікаваная на сайце ведамства. Пры гэтым дзяржаўнае агенцтва БелТА першапачаткова не ўключыла гэты сказ у паведамленне пра падвядзенне вынікаў вучэнняў.
20.02.2022 / 13:08
Фота Мінабароны Беларусі.
Вось што гаворыцца ў тэксце, апублікаваным на сайце Міністэрства абароны РБ.
«У сувязі з нарастаннем ваеннай актыўнасці ля знешніх межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе, прэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі прынята рашэнне праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы працягнуць.
У яе ходзе будуць старанна прапрацаваны этапы абароны Саюзнай дзяржавы, якія не былі ахоплены з такой ступенню дэталізацыі навучальнымі пытаннямі папярэдняга перыяду праверкі.
Захад адмаўляецца ўспрымаць пазначаныя Расіяй «чырвоныя лініі» ў архітэктуры бяспекі Еўропы, якія актуальныя і для беларусаў. Мы бачым, як ідзе адкіданне асноватворнага прынцыпу непадзельнасці бяспекі.
З усяго вышэйсказанага лагічная адна выснова — у Еўропе вельмі моцна запахла порахам. Яе мэтанакіравана падштурхоўваюць да вайны», — на сайце Мінабароны цытуецца заява міністра Хрэніна.
Звяртае ўвагу, што ў паведамленні дзяржаўнага агенцтва БелТА пра падвядзенне вынікаў вучэнняў аб «падаўжэнні праверкі боегатоўнасці» спачатку нічога не гаварылася.
Раней Віктар Хрэнін падводзіў папярэднія вынікі вучэнняў.
Сярод іншага, ён канстатаваў,
— што вучэнні пацвердзілі здольнасць Узброеных сіл Беларусі і Расіі сумесна вырашаць задачы ўзброенай абароны Саюзнай дзяржавы,
— пытанні забеспячэння перагрупоўкі войскаў у такіх маштабах адпрацоўваліся ўпершыню,
— у Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі уся інфраструктура гатовая, а юрыдычныя аспекты ўрэгуляваны,
— дасягнуты неабходны ўзровень аператыўнай сумяшчальнасці. Мінімальны час патрабуецца на баявое зладжванне, а таксама на розныя ўвязкі і ўзгаднення,
— вучэнні прадаставілі магчымасць стварыць групоўку авіяцыі і спа, абсталяваную самымі сучаснымі сістэмамі ўзбраення.
«Мэты вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022» дасягнутыя. У цэлым органы ваеннага кіравання, войскі і сілы ацэньваю як «паспяхова справіліся з задачамі» — канстатаваў Віктар Хрэнін.