Пранкеры плануюць новыя акцыі «ў падтрымку рэферэндуму», улады заклікаюць павысіць пільнасць 

Афіцыйныя ўлады Беларусі занепакоіліся пасля таго, як невядомыя пранкеры арганізавалі ў беларускіх школах некалькі ўдалых флэш-мобаў з удзелам настаўнікаў.

17.02.2022 / 18:53

Апошняя з вядомых пранкерскіх акцый. Настаўнікам разаслалі просьбу сфатаграфавацца на фоне дзяржаўнай сімволікі з трыма плакатамі.

Начальніца аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава, як паведамляе Reform.by, рассылае падначаленым зварот, у якім спрабуе прадухіліць арганізацыю масавых мерапрыемстваў у падтрымку рэферэндуму.

Чыноўніца папярэджвае, што цяпер рассылаюцца фальшывыя лісты ад імя кіраўнікоў «Белай Русі» ў нізавыя арганізацыі Мінскай вобласці, у якіх гаворыцца пра неабходнасць удзелу «ў масавых мерапрыемствах на цэнтральных плошчах населеных пунктаў». Паведамленні прыходзяць на электронную пошту ўстаноў і прадпрыемстваў, а таксама ў асабістыя месенджары.

«Ніякіх масавых мерапрыемстваў у выглядзе мітынгаў, шэсцяў, пікетаў у падтрымку рэферэндуму мы не арганізоўваем», — запэўнівае падначаленых Таццяна Ражава.

Тэлеграм-канал дзяржаўнага агенцтва БелТА таксама паведамляе пра лісты, якія рассылаюць ад імя Фонду міру з просьбай сфатаграфавацца з «апазіцыйнымі лозунгамі» — за мір з Украінай і супраць вайны. Маўляў, «учора такія лісты прыходзілі ад імя «Белай Русі».

Улады занепакоіліся не дарэмна. Дагэтуль было некалькі ўдалых пранкерскіх акцый, калі жартаўнікі з фэйкавых адрасоў рассылалі па бюджэтных арганізацыях просьбы-патрабаванні ад імя нібыта дзяржаўных структур ці праўладных арганізацый, каб іх супрацоўнікі засведчылі сваю лаяльнасць і патрыятызм, зрабіўшы пастановачныя здымкі і даслаўшы іх на пазначаны адрас. Многія на гэта вяліся і дасылалі, некаторыя імгненна. Пасля тыя здымкі рабіліся крыніцай для жартаў і выразна засведчвалі штучнасць і арганізаваную паказушнасць «усенароднай падтрымкі рэферэндуму».

Чытайце таксама: 

У школы разаслалі фэйкавыя лісты нібыта ад «Белай Русі» з патрабаваннем правесці акцыі за рэферэндум. Настаўнікі падпарадкаваліся

Хакеры прыкінуліся чыноўнікамі і адправілі бюджэтнікам газету з Бабарыкам на першай старонцы з просьбай яе пачытаць. «Даручэнне» выканалі

Nashaniva.com