Лукашэнка не выключыў прызнання «ДНР» і «ЛНР»

Падчас наведвання сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў на палігоне «Асіповіцкі» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рашэнне аб прызнанні «ДНР» і «ЛНР» будзе «сумесным з Расіяй і ўзаемавыгадным»

17.02.2022 / 12:26

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй Савіных заявіў, што Беларусь не павінна спяшацца з гэтым прызнаннем. 

«Калі Расія пасля звароту Дзярждумы прызнае «ДНР» і «ЛНР», гэта будзе сур'ёзны знешнепалітычны крок, ён памяняе вельмі многія мадальнасці на постсавецкай прасторы. Не хачу апярэджваць змест нашай рэакцыі. Але, калі такое рашэнне з боку Масквы будзе прынятае, то саюзнікамі Расіі яно будзе ўспрынятае з усёй сур'ёзнасцю», — сказаў Савіных.

Нагадаем, што Дзярждума РФ прагаласавала за зварот да Пуціна з просьбай прызнаць самаабвешчаныя рэспублікі. У Крамлі заявілі, што гэта не карэлюецца з Мінскімі пагадненнямі.

Nashaniva.com