Фільм тыдня: «Камон Камон». Кранальная чорна-белая драма з геніяльным Хаакінам Феніксам

Калі хочаце зрабіць сабе ў чацвер кінавечар, найлепшы выбар — драма «Камон Камон». Тлумачым, чаму гэтая стужка не павінна прайсці міма вас.

16.02.2022 / 19:00

Фота: flickz.co.nz.

Сапраўднае сяброўства людзей з розных міроў

Галоўная зорка стужкі — 47-гадовы Хаакін Фенікс. Вы дакладна памятаеце яго па карціне 2019 года «Джокер», за якую акцёр атрымаў «Оскар» як лепшы выканаўца мужчынскай ролі. А вядомасць Фенікс набыў яшчэ на пачатку 2000-х, калі зняўся ў «Гладыятары» разам з Расэлам Кроу.

У «Камон Камон» Фенікс грае радыёжурналіста Джоні, які падарожнічае па ЗША і гутарыць з дзецьмі пра іх жыццё і будучыню.

У Лос-Анджэлесе ён сустракаецца з Джэсі, сваім дзевяцігадовым пляменнікам. Маці хлопца Віў, сястра Джоні, просіць яго прыгледзець за Джэсі, пакуль яна будзе займацца здароўем мужа — той знаходзіцца на мяжы нервовага зрыву. Адносіны Джоні і яго сястры — асобная гісторыя: яны не размаўлялі год з таго часу, як іх маці памерла, пакутуючы на дэменцыю.

Джоні пагаджаецца на просьбу Віў і накіроўваецца разам з пляменнікам у падарожжа. Разам яны ездзяць па краіне, гутараць і спазнаюць адзін аднаго, ператвараючыся з намінальных сваякоў у сапраўдную сям'ю. 

Фота: media.multikino.lt.

Фільм атрымаў добрыя водгукі крытыкаў і намінацыі на прызы кінафестываляў, у тым ліку на прэстыжную прэмію Брытанскай акадэміі кіно і тэлевізійных мастацтваў (BAFTA). Эксперты ацанілі ігру акцёраў, прычым не толькі зорнага Фенікса, але і маленькага Вудзі Нормана, які сыграў роль Джэсі. Адзначаюць, што карціна, знятая ў чорна-белых колерах, робіцца больш атмасфернай і настальгічнай.

Невядомае дзіця, якому прысвечаны фільм

Цікава, што стужка ўключае ў сябе сапраўдныя інтэрв’ю з амерыканскімі дзецьмі ў розных гарадах краіны: Дэтройце, Нью-Ёрку, Новым Арлеане. Сярод іх — гутарка з дзевяцігадовым Дэвантэ Браянтам, хлопцам з Новага Арлеана, які пазней загінуў у трайным забойстве за месяц да свайго дзясятага дня нараджэння.

Як жа Браянт трапіў у стужку? Рэжысёр карціны Майк Мілз у дзяцінстве шмат камунікаваў з чалавекам з Новага Арлеана. Той расказваў Мілзу пра свой горад і надзяляў яго ледзьве не містычнымі ўласцівасцямі, таму гэтае месца набыло важнасць для хлопца. Цяпер рэжысёр часам уключае ў свае стужкі тэму Новага Арлеана, і «Камон Камон» не стаў выключэннем.

Дэвантэ Браянт. Фота: thegrio.com.

Мілз пазнаёміўся з мастачкай Джэкі Самэл, што якраз жыла ў Новым Арлеане, і дамовіўся з ёй выкарыстоўваць яе дом як дэкарацыі для фільма (пазней дом нават ператварыўся ў вытворчую базу для стужкі). Высветлілася, што мастачка прыглядае за некалькімі дзецьмі са свайго раёна, і адным з іх якраз быў Дэвантэ Браянт. Так ён і яго двое сяброў апынуліся сярод маленькіх зорак карціны.

«Камон Камон» прысвяцілі яго памяці.

Цытата з фільма

«Што б ні здарылася, ідзі наперад (you have to c'mon c'mon c'mon)».

Рэйтынгі на буйных сусветных рэсурсах:

IMDB — 7,6 / 10.

Rotten Tomatoes — 94%.

Падборка камедый пад розныя густы, якія вы раней маглі абмінуць увагай

«Першы сустрэчны». Рамантычная камедыя з Джэніфер Лопез — ідэальны варыянт, каб проста расслабіцца

Nashaniva.com