Заходнія СМІ назвалі запланаваную Расіяй дату ўварвання ва Украіну
Па інфармацыі крыніц заходніх выданняў, напад мае пачацца з кібератак і бамбардзіровак стратэгічных аб'ектаў.
12.02.2022 / 11:11
Беларуска-расійскія вучэнні на палігоне пад Брэстам. Фота Мінабароны Расіі.
Амерыканскае выданне Politico і нямецкае выданне Spiegel паралельна напісалі са спасылкай на крыніцы ў сталіцах трох розных краін, што Вашынгтон перадаў саюзнікам дадзеныя разведкі пра тое, што напад Расіі на Украіну запланаваны на сераду 16 лютага.
Напад нібыта мае пачацца з кібератак і бамбардзіровак стратэгічных аб'ектаў.
Агенцтва Bloomberg, спасылаючыся на невядомага чыноўніка, называе іншую дату — 15 лютага.
Тэлеканал Сі-Эн-Эн і «Вашынгтон пост», у сваю чаргу, паведамляюць са спасылкай на свае крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі, што ЗША яшчэ ўвосені прынялі рашэнне агучваць разведдадзеныя адносна запланаванага Расіяй нападу на Украіну, каб гэта не магло здарыцца нечакана.