«Прабач мне за ўсё, 10 год праляцелі як імгненне». Інтэрв'ю з беларусам, у якога нечакана памерла 29-гадовая жонка, але ён працягвае жыць у машыне дзеля іх супольнай мары
Чатыры гады таму бабруйчанін Артур Наркевіч з’ехаў у ЗША. У іх з жонкай Ксеніяй быў план: як толькі ён легалізуецца ў новай краіне, сям’я адразу перабярэцца да яго. Але 9 студзеня жонка адчула сябе дрэнна: панізіўся ціск, пачало балець сэрца — жанчына знепрытомела. 30-га Ксюшы, якая да гэтага не скардзілася на здароўе, не стала: яна зусім крыху не дажыла да свайго 30-годдзя.
13.02.2022 / 19:18
Нягледзячы на трагедыю, Артур не збіраецца спыняцца і хоча прыкласці ўсе намаганні, каб іх з Ксюшай мара на ЗША спраўдзілася і туды пераехала іх маленькая дачка Ніка.
Артур з жонкай Ксюшай. «Прабач мне за ўсё, нашы 10 год праляцелі як імгненне, здавалася, усё жыццё наперадзе, мы столькі планаў будавалі, і ўсё ў адно імгненне разбурылася. Не ўсцярог, не захаваў…» — напісаў Артур у сваім блогу, калі Ксюшы не стала.
Што здарылася з дзяўчынай?
9 студзеня ў Ксюшы, якая да гэтага не скардзілася на здароўе, нечакана закружылася галава, адчуваўся боль у раёне сэрца, яна пачала губляць прытомнасць. Ëй выклікалі хуткую. Супрацоўнікі зрабілі кардыяграму, змералі ціск: ён быў 90 на 60. Ксюшу вырашылі шпіталізаваць. Паклалі ў эндыкраналогію, бо яна назіраецца ў спецыяліста са шчытавіцай. Пад вечар наступнага дня дзяўчыне зрабілася горш. У яе спынілася сэрца, яна перажыла клінічную смерць. Дзяўчыну рэанімавалі.
Зранку ў Ксюшы ў стане комы пачалі адмаўляць ныркі, было вырашана везці яе ў Магілёў. Дактары там наладзілі ціск, сэрцабіццё, але ў дзяўчыны пачаў ацякаць мозг. 30-га Ксюша памерла. У афіцыйным дакуменце аб смерці прычынай значыцца тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі.
Артур і ўсе сябры сям'і да апошняга верылі, што Ксюша паправіцца.
На пахаванне Ксюшы ў Бабруйску прыйшлі сотні людзей. Не было на ім толькі яе мужа Артура: да легалізацыі ён не мае права пакідаць межы штатаў, інакш ужо не вернецца. Але калі Ксюша толькі трапіла ў бальніцу, ён прапаноўваў ёй кінуць усё і прыехаць. Тая сказала: «Ні ў якім разе».
«У нас з жонкай заўсёды былі нейкія дамоўленасці, і я іх не парушаў. Насамрэч, я пытаўся, ці прыехаць мне, на працягу ўсіх чатырох гадоў. Але яна не дазваляла, бо хацела, каб дачка хутчэй пераехала ў ЗША і там расла. Як бы мне ні было цяжка і балюча, калі яна была ў коме, я не мог не паслухацца жонкі, гэта было б здрадай», — кажа Артур.
«Наша Ніва»: Артур, як вы пазнаёміліся з Ксюшай?
Артур Наркевіч: У нас гісторыя кахання неймаверная. Першы раз мы ўбачыліся ў беларускім дзіцячым санаторыі (цяпер ужо не згадаю яго назвы). Ëй было 13, мне — 16. Я на яе тады не звярнуў увагі, а яна, як высветлілася, ужо тады закахалася раз і назаўсёды. Мы абмяняліся тэлефонамі і раз’ехаліся. Я нават раней паехаў дахаты, бо руку зламаў.
А потым аказалася, што мы жывём ў суседніх дамах у Бабруйску. І ў школу я перавёўся ў 16-ю, дзе Ксюша вучылася. Самае цікавае, калі былі дзяжурствы: ну, калі дзяжурны сочыць, каб іншыя дзеці не бегалі. Я часам стаяў ля сталовай, і яна тады кожную перамену бегала. Ужо потым яна мне расказала, што гэта для таго, каб я яе заўважыў. А я намёкаў не зразумеў — думаў, яна проста паесці любіла (пасміхаецца — Заўв. рэд.).
І мы камунікавалі, а ўжо калі я вучыўся ў Мінску, летам сустрэліся. Яна таксама паступіла, адносіны завязаліся. Я звярнуўся да свайго таварыша, каб мы маглі пажыць у яго, пакуль не знойдзем жытло для дваіх.
Праз пару месяцаў Ксюша спытала: «Слухай, бацькі даведаліся, што я ў дзядзі не жыву. Што будзем рабіць?» Я адказаў: «Скажы ім, што летам будзе вяселле».
Ксюша — вельмі прыгожы і вельмі душэўны чалавек, я па натуры досыць канфліктны, а з ёй, неяк адразу адчулася, я рабіўся роўным. У нас на працягу ўсіх 10 гадоў адносін канфліктаў не было амаль. Пару разоў, можа, толькі. Мы жылі душа ў душу.
«НН»: Ксюша скончыла журфак, яна працавала па спецыяльнасці пасля ўнівера?
АН: Ксюша прайшла практыку на ўсіх каналах і вельмі расчаравалася ў беларускай дзяржаўнай журналістыцы, таму што ты не маеш магчымасці быць журналістам: там усё робіцца па загадзе. Яна не захацела там працаваць, пайшла ў службу 115.бел. Спачатку сядзела за тэлефонам, але вельмі хутка стала начальнікам змены. Ëй вельмі падабалася, пра яе добра адгукаліся. На пахаванне прыйшла вялікая частка яе калектыву. Хобі ж Ксюшы быў макіяж.
Сам я — вэб-распрацоўшчык, дызайнер камп’ютарнай графікі. Пачаў працаваць па спецыяльнасці яшчэ да ўнівера. У асноўным фрылансіў, таксама быў выкладчыкам у «IT-шаг». Толькі ў Амерыцы ўсё яшчэ не вярнуўся ў гэты строй.
«НН»: Як так выйшла, што вы не бачылі сваёй дачкі ўжывую ні разу?
АН: У мяне была амерыканская віза. Я паехаў у госці да сваякоў, і мы сазваніліся з жонкай — вырашылі, што я не буду вяртацца, а ўладкую сваё жыццё там і іх пасля перавязу. (Нараджала жонка, калі ўжо я быў за мяжой.)
Думаў падацца ў Сіліконавую даліну, у «Гугл», але не склалася. Вырашыў, што зарабляць рукамі для мяне будзе больш гнутка і перспектыўна.
Кім я толькі ні працаваў спачатку: і прыбіральшчыкам у прыбіральнях, быў вышыбалам у бары (на памяці ёсць моманты, калі на змене на вачах забівалі людзей з пісталета). Прыбіраў таксама снег, касіў траву, мяняў у машынах шкло. Пазней уладкаваўся на СТА: займаўся зваркай, электрыкай — збіраў машыны грузавыя, калі груба казаць.
Калі назапасіў крыху грошай, узяў сабе новую машыну ў крэдыт і пачаў вазіць грузы сам — працаваць на сябе. Вось ужо тры месяцы я жыву ў аўто на трох квадратных метрах: перастаў здымаць жытло ў мэтах эканоміі, рэчы свае захоўваю ў спецыяльным кантэйнеры-сховішчы.
«НН»: Англійскую мову ведалі добра, пераязджаючы?
АН: Да гэтага вучу. У мяне вельмі дрэнна з мовамі, лепш заўсёды даваліся дакладныя навукі. Але гэта не моцна перашкаджае ў ЗША, калі ў цябе ёсць мэта. Паступова я вучу, займаўся з рэпетытарам, але цяпер часу на гэта менш праз інтэнсіўнасць працы. У любым разе ўсе дамовы, усё навокал тут на англійскай мове, таму паціху рухаюся наперад у гэтым кірунку.
«НН»: Што ў вас за машына і як вам у ёй жывецца?
АН: У Амерыцы грузаперавозкі — гэта вялікі бізнэс. Тут дрэнна развітая чыгунка, і шмат тавараў транспартуецца на калёсах. У фуры ўваход досыць дарагі, і патрэбныя новыя правы, таму я выбраў варыянт па сілах і па кішэні для сябе: у мяне машына, крыху большая за мікрааўтобус, — лёгкі грузавічок «Форд Транзіт», мной жа пад сябе перароблены. І на ім я транспартую розныя грузы. Мне тэлефануе дыспетчар і прапаноўвае: ёсць такі груз у такі штат, паедзеш за такія вось грошы? І я пагаджаюся ці не.
«НН»: Якім чынам вы апдэйцілі машыну пад сябе?
АН: Тут увогуле «пацешная» перадгісторыя. Я з «Фарда» заказаў машыну: нягледзячы на тое, што я не грамадзянін краіны, мне даступныя крэдыты. Калі машыну выдалі і падпісалі ўсе паперы, я радасны паехаў дадому і адразу ж пачаў яе пілаваць, каб мадыфікаваць. А тут мне тэляць і кажуць: вам банк не ўхваліў крэдыту. А я ўжо распіліў машыну, назад яе і сэнсу аддаваць няма! Праз месяц усё ж крэдыт на машыну ўдалося ўхваліць, таму ўсё разрулілася.
Я паставіў будку, куды непасрэдна грузы грузяцца, змяніў падвеску, печку, таму што часам у Мінесоце можа быць 30 градусаў марозу і спаць у машыне было б холадна. Зрабіў сабе камфортнае спальнае месца.
Спальнае месца Артура.
Яшчэ шмат чаго планую зрабіць. Мабыць, у будучыні мае напрацоўкі змагу прадаваць.
«НН»: Наколькі складана жыць і працаваць у машыне?
АН: Усё залежыць ад чалавека: нехта і дыеты з цяжкасцю можа прытрымлівацца, а ў мяне гастрыт, таму я ўсё жыццё на дыеце. Для мяне складанасцяў няма: я адчуваю сябе абсалютна камфортна, ні ў чым не ўшчэмлены.
Будучы ў дарозе, я харчуюся лепш, чым большасць людзей: месца для гатоўкі ёсць, спальнае месца таксама добрае. Дзе памыцца і папраць адзенне ёсць — тут гэтыя сервісы вельмі добра развітыя на запраўках. Я яшчэ і ў спортзалы паспяваю заехаць у розных штатах мінімум два разы на тыдзень.
Канечне, дома лепш, але цяпер я адбіваю крэдыт на машыну. З таварышам мы здымалі трохпакаёвы дом з гаражом і выдаткоўвалі на гэта 1100 даляраў з чалавека. Машына гасіць усе расходы, інакш я гэтым не займаўся б. Па харчаванні стаў траціць нават менш: лішняга не купіш, таму што проста месца няма.
Пакуль у мяне крэдыты (900 даляраў плюс страхоўка на машыну 1450 кожны месяц ды яшчэ крэдыт на абсталяванне), я працую амаль у нуль. Але пастараюся ўсё выплаціць як мага хутчэй.
Менавіта таму, што зараз я ў крэдытах, як ні было дыскамфортна, я быў вымушаны звярнуцца па дапамогу да людзей, калі жонка трапіла ў бальніцу. Трэба было, каб сям’ю падтрымалі фінансава. І людзі моцна адгукнуліся — такой падтрымкі я ніколі не бачыў. Мне пісалі з усяго свету, і гэта была велічэзная дапамога. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто нам дапамог.
«НН»: Колькі кіламетраў намотваеце ў месяц?
АН: Я абраў для сябе аптымальна камфортны графік працы і ў сярэднім праязджаю 24 тысячы кіламетраў. Імкнуся катацца не больш за 10-12 гадзін у суткі, але часам выпадаюць вельмі цікавыя грузы, прапаноўваюць больш грошай — тады можна праехаць і 20 гадзін запар. Але я стараюся так не рабіць, бо гэта вялікая нагрузка на сасудзістую сістэму. Ды і ў аварыю можна патрапіць стомленым.
«НН»: Вы ў тым ліку засвяціліся ў ЗША ў бодзібілдынгу. Як гэты раздзел з’явіўся ў вашым жыцці?
АН: Спорт да таго, як ты зрабіў сабе імя, — гэта вялікія выдаткі, проста шалёныя. І гэта ўсё за твой рахунак. Я ўсё жыццё займаюся спортам. У мяне калі скаліёз знайшлі, адзін доктар параіў: ідзі плаваць і спортам займацца. І я пайшоў у 15 у спортзалу — спадабалася. Нават у Бабруйску заняў другое месца па паўэрліфтынгу.
Агулам праз тое, што я дызайнер, цела для мяне гэта як карціна, якую я малюю. Мяне пачаў захапляць бодзібілдынг, але я нідзе не выступаў, займаўся для сябе. І ўжо прыехаўшы ў ЗША, мясцовыя з Мінесоты прапанавалі выступаць.
Летась я ўпершыню ў сваім жыцці выступіў сярод навічкоў на спаборніцтвах па бодзібілдынгу Twin Cities Open і заняў першае месца ў Мінесоце.
Артур у цэнтры.
«НН»: Гэта нешта вам дало?
АН: Калі шчыра, то пакуль толькі пацешыла самалюбства. Але з’явіліся пэўныя карысныя знаёмствы, з тымі ж спартыўнымі дактарамі. У мяне ёсць жаданне і далей рухацца ў гэтым кірунку, але яно пакуль несумешчальна з маёй працай, таму наперад я не загадваю. Хочацца менавіта ўзровень медыйнасці падняць у будучыні, калі пра мары: спартсмен ён атрымлівае медалі, а медыйны чалавек атрымлівае грошы за рэкламу спартыўных тавараў, напрыклад.
«НН»: Раскажыце, як усе гэтыя гады на адлегласці вы падтрымлівалі сувязь і з дачкой, і з жонкай?
АН: Калі дачцэ быў год прыблізна, яна пачала рэагаваць на мой голас. І з гэтага моманту ў нас пачалася такая вось камунікацыя па тэлефоне — на гуках, мыканні. Як толькі Ніка заразмаўляла, мы пачалі гуляць з ёй у розныя гульні. Калі маці чытае нейкія кніжкі, мы, напрыклад, па ролях агучвалі іх.
У нас былі і выдуманыя гісторыі. Я набыў, напрыклад, шапку пірата ды на вочы павязку. І мы гулялі, хуліганілі: як пірат я ёй дазваляў раскідаць цацкі ў доме.
Артур на сувязі з дачкой.
Па тэлефоне класна атрымлівалася дамовіцца з ёй пра нешта, наконт чаго не атрымлівалася ў маці. Вось з ежай: я загадваў ёй узяць тэлефон і пайсці ў ванны пакой, каб пасакрэтнічаць. Выслухваў там усе крыўды, што яе прымушаюць есці і ўсімі праўдамі ўсё ж падводзіў да таго, што яна сама вырашала: трэба паесці.
Мы былі з сям’ёй на сазвонах раніцай і ўвечары. З жонкай ладзілі анлайн-спатканні. Яна прыходзіць у кафэ, і я прыходжу — ставім тэлефоны, заказваем ежу, камунікуем. Так кампенсавалі адсутнасць жывых сустрэч.
«НН»: Пасля гэтай жудаснай трагедыі які ў вас план?
АН: Мне б хацелася, каб мая дачка ў школу пайшла ў ЗША. Хацелася б і бацькоў жонкі перавезці, таму што іх глядзець у Беларусі не будзе каму. Як гэта ажыццявіць, я пакуль не ведаю.
Самому выязджаць з ЗША мне можна будзе, толькі калі дадуць грын-карту. Праз пандэмію міграцыйны офіс скараціў штат, і праца ідзе павольна, увесь працэс зацягнуўся. Калі б я прыехаў хаця б на паўгода раней, мая б сям’я ўжо была са мной па прыкладзе маіх знаёмых — я б падаў дакументы на ўз’яднанне.
У нас быў план з жонкай і была мара. І я не збіраюся адступаць — і дзеля яе, і дзеля дачкі.