Пагроза ўварвання Расіі ва Украіну павінна хваляваць кожнага. Гісторык Юваль Ной Харары — пра тое, што чалавецтва можа страціць
Калі для звышдзяржаў зноў стане нармальным праглынаць сваіх слабейшых суседзяў, чалавецтва вернецца да закону джунгляў. Пры сённяшнім узроўні ваенных тэхналогій гэта можа прывесці да смерці нашага віда, піша вядомы пісьменнік і гісторык Юваль Ной Харары, аўтар бестселера «Sapiens: кароткая гісторыя чалавецтва». Сваё эсэ пра крызіс ва Украіне ён публікуе ў выданні The Economist.
13.02.2022 / 00:35
Фота depositphotos.com.
У цэнтры ўкраінскага крызісу знаходзіцца фундаментальнае пытанне аб прыродзе гісторыі і чалавецтва: ці магчымыя змены? Ці могуць людзі змяніць свае паводзіны, або гісторыя бясконца паўтараецца і людзям назаўсёды наканавана паўтараць мінулыя трагедыі і не змяняць пры гэтым нічога, акрамя дэкарацый?
Адзін падыход цалкам адмаўляе магчымасць пераменаў. Згодна з ім, свет — гэта джунглі, а моцныя заўсёды палююць на слабых, і адзінае, што перашкаджае адной краіне праглынуць іншую, гэта вайсковая моц. Так было заўсёды і будзе заўсёды. Тыя, хто не вераць у закон джунгляў, не проста падманваюць сябе, але і рызыкуюць самім сваім існаваннем. Яны доўга не выжывуць.
Іншы падыход сцвярджае, што так званы закон джунгляў — гэта зусім не закон прыроды. Людзі яго прыдумалі, і людзі могуць яго змяніць. Наперакор распаўсюджанай памылковай думцы, першыя яўныя звесткі пра арганізаваныя войны з'яўляюцца ў археалагічных знаходках толькі 13000 год таму. Нават пасля гэтай даты было шмат перыядаў, пазбаўленых археалагічных звестак пра вайну.
У адрозненне ад гравітацыі, вайна — гэта не фундаментальная з'ява прыроды. Яе інтэнсіўнасць і існаванне залежаць ад тэхналагічных, культурных і эканамічных фактараў. Па меры таго, як змяняюцца гэтыя фактары, змяняецца і сама вайна.
Прыкметы такіх зменаў ёсць паўсюль вакол нас. За апошнія некалькі пакаленняў ядзерная зброя ператварыла вайну паміж звышдзяржавамі ў шалёны акт калектыўнага самагубства і прымусіла самыя магутныя нацыі на Зямлі шукаць менш жорсткія спосабы вырашэння канфліктаў. У той час як войны вялікіх дзяржаў, такія як Другая Пунічная ці Другая сусветная, былі характэрнай рысай большай часткі гісторыі, за апошнія сем дзесяцігоддзяў не было прамых войнаў паміж звышдзяржавамі.
За гэты ж перыяд глабальная эканоміка ператварылася ў эканоміку ведаў. Калі раней асноўнымі крыніцамі багацця былі матэрыяльныя актывы, такія як залатыя радовішчы, пшанічныя палі і нафтавыя свідравіны, то цяпер асноўнай крыніцай багацця з'яўляюцца веды. І хаця вы можаце захапіць нафтавыя радовішчы сілай, вы не можаце атрымаць такім чынам веды. У выніку знізілася прыбытковасць заваявання.
Нарэшце, у сусветнай культуры адбыўся тэктанічны зрух. Шматлікія эліты ў гісторыі — напрыклад, гунскія правадыры, ярлы вікінгаў і рымскія патрыцыі — ставіліся да вайны станоўча. Кіраўнікі ад Саргона Вялікага да Беніта Мусаліні імкнуліся ўвекавечыць сябе заваяваннямі (і такія творцы, як Гамер і Шэкспір, з радасцю прыслухоўваліся да гэтых фантазій). Іншыя эліты, такія, як хрысціянская царква, лічылі вайну злом, але непазбежным.
Але
апошнія некалькі пакаленняў светам кіруюць эліты, якія лічаць вайну злом, якога можна пазбегнуць. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі. Нават такія людзі, як Джордж Буш-малодшы і Дональд Трамп, не кажучы ўжо пра людзей кшталту Ангелы Меркель, з'яўляюцца палітыкамі зусім іншага тыпу, чым гун Атыла ці гот Аларых. Звычайна яны прыходзяць да ўлады з марай пра ўнутраныя рэформы, а не пра знешнія заваяванні. У сферы мастацтва і думкі большасць карыфеяў — ад Пабла Пікаса да Стэнлі Кубрыка — вядомыя тым, што яны адлюстроўваюць бессэнсоўныя жахі бою, а не праслаўляюць яго стваральнікаў.
Праз усе гэтыя змены большасць урадаў больш не лічаць агрэсіўныя войны прымальным сродкам прасоўвання сваіх інтарэсаў, а большасць нацый перасталі марыць пра заваёўванне і анексію сваіх суседзяў. Такім чынам, не толькі вайсковая сіла не дазваляе Бразіліі заваяваць Уругвай ці не дазваляе Іспаніі ўварвацца ў Марока — існуюць і пералічаныя вышэй фактары.
Параметры міру
Заняпад вайны бачны па шматлікай статыстыцы. З 1945 года міжнародныя межы даволі рэдка перакройваюць у выніку замежных уварванняў, і ніводная прызнаная светам краіна не была цалкам сцёртая з зямлі праз знешняе заваяванне.
У вялікай колькасці былі іншыя тыпы канфліктаў, такія, як грамадзянская вайна ці хваляванні. Але нават з улікам усіх тыпаў канфліктаў за першыя два дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя чалавечы гвалт забіў менш людзей, чым самагубствы, аўтамабільныя аварыі ці хваробы, звязаныя з атлусценнем. Цукар забівае больш за порах.
Навукоўцы спрачаюцца наконт дакладнай статыстыкі, але важна глядзець далей за матэматыку. Заняпад вайны быў як псіхалагічнай, так і статыстычнай з'явай. Яго найбольш важнай асаблівасцю стала сур'ёзнае змяненне самога значэння слова «мір». На працягу большай часткі гісторыі пад мірам разумелі толькі часовую адсутнасць вайны. Калі ў 1913 годзе гаварылі, што паміж Францыяй і Германіяй мір, яны мелі на ўвазе, што паміж французскай і нямецкай арміямі няма прамых сутыкненняў, але ўсе ведалі, што вайна паміж імі можа выбухнуць у любы момант.
У апошнія дзесяцігоддзі слова «мір» пачало значыць непраўдападобнасць вайны. Для шматлікіх краін уварванне суседзяў і заваяванне імі стала нечым неймаверным.
Я жыву на Блізкім Усходзе, таму цудоўна ведаю, што ёсць выключэнні з гэтых тэндэнцый. Але прызнаваць тэндэнцыі не менш важна, чым умець звяртаць увагу на выключэнні.
«Новы свет» не быў статыстычнай выпадковасцю ці фантазіяй хіпі. Найбольш ярка гэта адбілася на стрымана разлічаных бюджэтах. Апошнія дзесяцігоддзі краіны ва ўсім свеце адчувалі сябе ў дастатковай бяспецы, каб выдаткоўваць у сярэднім толькі каля 6,5% на свае ўзброеныя сілы і пры гэтым траціць нашмат больш на адукацыю, ахову здароўя і сацыяльнае забеспячэнне.
Мы ўспрымаем гэта як нешта належнае, але насамрэч гэта надзвычайна новая з'ява ў чалавечай гісторыі. На працягу тысяч гадоў выдаткі на вайну былі самым вялікім артыкулам у бюджэце кожнага князя, хана, султана і імператара. Яны амаль не трацілі грошай на адукацыю ці медыцыну для простых людзей.
Заняпад вайны не быў вынікам божага цуду ці змянення законаў прыроды. Ён здарыўся праз тое, што людзі зрабілі лепшы выбар. Магчыма, гэта найвялікшае палітычнае і маральнае дасягненне сучаснай цывілізацыі. На жаль, той факт, што яно здарылася праз чалавечы выбар, таксама значыць, што яно абарачальнае.
Тэхналогія, эканоміка і культура працягваюць змяняцца. Развіццё кіберзброі, эканомікі, заснаванай на штучным інтэлекце, і новай мілітарысцкай культуры можа выклікаць новую эру войнаў, горшых за папярэднія. Каб і далей атрымліваць асалоду ад міру, нам трэба, каб амаль кожны рабіў правільны выбар. Наадварот, кепскі выбар толькі аднаго боку можа прывесці да вайны.
Вось чаму пагроза расійскага ўварвання ва Украіну павінна хваляваць кожнага чалавека на Зямлі. Калі для звышдзяржаў зноў стане нармальным праглынаць сваіх слабейшых суседзяў, гэта паўплывае на тое, як людзі ва ўсім свеце сябе адчуваюць і паводзяць. Першым і найбольш відавочным вынікам вяртання да закону джунгляў стане рэзкі рост ваенных выдаткаў за кошт усяго астатняга.
Грошы, якія павінны ісці настаўнікам, медсёстрам і сацыяльным працаўнікам, замест гэтага пойдуць на танкі, ракеты і кіберзброю.
Вяртанне ў джунглі таксама падарве глабальнае супрацоўніцтва па такіх пытаннях, як прадухіленне катастрафічных зменаў клімату ці рэгуляванне рэвалюцыйных тэхналогій, такіх як штучны інтэлект ці генная інжынерыя. Цяжка працаваць разам з краінамі, што рыхтуюцца вас знішчыць. І па меры таго, як змяненне клімату і гонка ўзбраенняў у штучным інтэлекце паскараюцца, пагроза ўзброенага канфлікту будзе толькі расці. Так будзе замыкацца заганны круг, які цалкам можа асудзіць наш від на смерць.
Кірунак гісторыі
Калі вы верыце, што гістарычныя перамены немагчымыя, што чалавецтва ніколі не пакідала джунгляў і не зробіць гэтага ў будучыні, застаецца толькі адзін выбар: іграць ролю драпежніка ці ахвяры. Большасць лідараў, калі б мелі такі выбар, аддалі б перавагу магчымасці ўвайсці ў гісторыю як альфа-драпежнікі і дадаць свае імёны ў змрочны спіс заваявальнікаў, якіх няшчасныя вучні вымушаныя запамінаць для экзаменаў па гісторыі.
Але, можа, перамены магчымыя? Можа, закон джунгляў — гэта выбар, а не непазбежнасць? Калі гэта так, кожны лідар, хто выбірае заваяваць суседа, атрымае асобае месца ў чалавечай памяці, і яно будзе нашмат горшае, чым у тыповага Тамерлана. Такі чалавек застанецца ў гісторыі як той, хто разбурыў наша найвялікшае дасягненне. Як толькі мы падумалі, што выбраліся з джунгляў, ён адразу зацягнуў нас назад.
Я не ведаю, што будзе ва Украіне. Але, як гісторык, я веру ў магчымасць перамен. Я не думаю, што гэта наіўнасць, — гэта рэалізм. Адзіная канстанта чалавечай гісторыі — гэта перамены. І гэта тое, чаму, магчыма, мы можам навучыцца ў украінцаў.
На працягу шматлікіх пакаленняў украінцы мала што ведалі, акрамя тыраніі і гвалту.
Яны перажылі два стагоддзі царскага самадзяржаўя, што было канчаткова разбурана ў катаклізме Першай сусветнай вайны.
Іх кароткая спроба незалежнасці была хутка задушаная Чырвонай арміяй, што вярнула краіну пад кіраўніцтва рускіх. Пасля гэтага ўкраінцы перажылі страшны голад Галадамора, за якім стаялі іншыя людзі, сталінскі тэрор, нацысцкую акупацыю і дзесяцігоддзі жахлівай камуністычнай дыктатуры. Калі СССР абрынуўся, гісторыя, здавалася б, гарантавала, што Украіна зноў абярэ шлях тыраніі — што яшчэ яны выбіралі?
Але яны абралі іншае. Нягледзячы на гісторыю, нягледзячы на жудасную беднасць і нягледзячы на перашкоды, што здаваліся непераадольнымі, украінцы ўсталявалі дэмакратыю. Ва Украіне, у адрозненне ад Расіі і Беларусі, апазіцыйныя кандыдаты неаднаразова замянялі дзейных кіраўнікоў. Калі ў 2004 і 2013 гадах украінцы сутыкнуліся з пагрозай самадзяржаўя, яны двойчы ўздымалі паўстанні, каб абараніць сваю свабоду.
Іх дэмакратыя — нешта новае. Таксама як і «новы мір». Абедзве гэтыя з'явы кволыя і могуць доўга не пражыць. Але яны абедзве магчымыя і могуць пусціць доўгія карані.
Кожная старая рэч некалі была новай. Усё зводзіцца да чалавечага выбару.