«На захадзе я расстрэльваў групы мігрантаў у колькасці прыкладна дваццаці чалавек штодня». Чаму Эміль Чэчка дагэтуль на свабодзе і нават дае прэс-канферэнцыі?
Сёння публіцы зноў паказалі Эміля Чэчку — польскага вайскоўца, які дэзерціраваў падчас мігранцкага крызісу і збег у Беларусь. На прэс-канферэнцыі малады чалавек паўтарыў, што дзясяткамі расстрэльваў мігрантаў. Чаму ж ён да гэтага часу на волі?
10.02.2022 / 16:19
Сціслы пераказ: пілі піва, потым расстрэльвалі
Мерапрыемства, якое доўжылася некалькі гадзін, нагадвала анатацыю да дрэннага баевіка. Здзіўляла, што дарослыя людзі могуць удзельнічаць у відавочнай фантасмагорыі, сур'ёзна задаваць пытанні, не ставячы пад сумнеў сказанае.
Калі сцісла, то версія Эміля Чэчкі наступная. У чэрвені 2021 года ён быў накіраваны да польска-беларускай мяжы і трапіў у падпарадкаванне да памежнікаў. На службовым Land Rover яны ездзілі, пілі піва і размаўлялі на розныя тэмы. Гэта нагадвала ці то патруляванне, ці то сяброўскі пікнік, пакуль 8 чэрвеня ў лесе яны не спынілі нейкага чалавека, якога забіў «лысы памежнік».
Далей пачаліся масавыя расстрэлы, у якіх прымаў непасрэдны ўдзел госць прэс-канферэнцыі. «На захадзе [сонца] я расстрэльваў групы мігрантаў у колькасці прыкладна дваццаці чалавек штодня», — Эміль Чэчка зачытваў тэкст з паперы на польскай мове даволі будзённа, не выказваючы эмоцый.
Па яго словах, расстрэлы працягваліся з 9 па 18 чэрвеня, пакуль вайсковец знаходзіўся ў прымежнай зоне. На думку Чэчкі, за гэты час ім і іншымі салдатамі маглі быць забітыя ад 200 да 700 чалавек. Ён сцвярджае, што заўважыў факты марадзёрства. А сярод забітых «адзін раз бачыў жанчыну, яшчэ адзін раз — дзіця».
Чаму чалавек, які прызнаўся ў забойствах, знаходзіцца на волі?
Арганізатары прэс-канферэнцыі запэўнілі, што Эміль Чэчка спрабуе атрымаць у Беларусі статус уцекача, у сувязі з чым праходзіць паглыблены медагляд, і ў яго нават выявілі недахоп бялку.
Аднак самае галоўнае пытанне, якое напрошваецца: чаму гэты чалавек да гэтага часу знаходзіцца на свабодзе? У краіне, дзе асуджаюць за эмодзі ў каментарыях і даюць суткі за шкарпэткі «няправільнага» колеру, следчыя органы чамусьці ігнаруюць публічнае прызнанне ў масавых забойствах.
Юрысты салідарныя ў сваіх ацэнках: гэта прызнанне ў асабліва цяжкіх злачынствах. Чалавека, які гэта зрабіў, павінны заключыць пад варту. Яго словы неабходна правяраць, нават калі гэта відавочная хлусня.
Сам Чэчка пацвердзіў, што лічыць сябе забойцам. Пры гэтым ён зазначыў, што «мае спецыяльнасць зваршчыка, хоча знайсці працу і жыць далей».
Гэта відавочная супярэчнасць, мабыць, мала бянтэжыла запрошаных на прэс-канферэнцыю. У каментарыях жа да трансляцыі ў YouTube яго нават падбадзёрвалі: «Можам і ў АМАП узяць».
Супярэчнасці і пытанні
Ніякіх доказаў, апроч слоў Чэчкі, на прэс-канферэнцыі не прадставілі: ні фота, ні запісаў, ні імёнаў загінулых… Толькі сцвярджэнні дэзерціра з польскай арміі.
Акрамя масы відавочных нестыковак, якія кідаюцца ў вочы, звяртае на сябе ўвагу характар паводзін. Малады чалавек распавядаў аб масавых забойствах, практычна не выказваючы ніякіх эмоцый. Ён не згадваў нават пол «расстраляных» (згадаўшы толькі, што сярод іх была адна жанчына і адно дзіця), не кажучы ўжо пра іншыя дэталі.
А падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі выявілася прамая супярэчнасць у параўнанні з папярэднімі прызнаннямі польскага вайскоўца.
У снежні 2021 года ён заявіў, што польскія вайскоўцы на яго вачах застрэлілі валанцёраў, якія хацелі дапамагчы мігрантам: «Я быў у такой сітуацыі, калі пад'язджаў валанцёр і пачынаў казаць: «Куды вы іх ведзяце?». А памежнік папросту стрэліў яму ў лоб». Чэчка сцвярджаў, што быў сведкам двух такіх выпадкаў.
Але сёння ён казаў зусім іншае. Аказваецца, забойства двух актывістаў ён асабіста не назіраў, а толькі чуў пра яго ад іншых. Ды і хто гэта быў, ён дакладна сказаць не можа — ці то кантрабандысты, ці то валанцёры.
Польскія ўлады даволі падрабязна патлумачылі матывы маладога чалавека, які ў верасні 2021 года быў асуджаны на шэсць месяцаў абмежавання волі. Суд абавязаў яго ўстрымацца ад злоўжывання алкаголем, з якім у хлопца назіраліся няпростыя адносіны.