Le Figaro: Макрон гаварыў з Пуціным пра «фінляндызацыю» Украіны
У распараджэнне парыжскага выдання Le Figaro трапіла інфармацыя пра змест учорашніх перамоваў паміж Макронам і Пуціным. Газета сцвярджае, што Макрон планаваў абмеркаваць з прэзідэнтам Расіі ў тым ліку і магчымую «фінляндызацыю» Украіны.
08.02.2022 / 21:26
Фота: mil.gov.ua
Гэта нешта падобнае на тое, што зрабілі пасля Другой сусветнай вайны з Фінляндыяй. З аднаго боку, яна засталася незалежнай дзяржавай і часткай заходняга свету, але пры гэтым не ўступала ў НАТА, не ўдзельнічала ў працэсах еўрапейскай інтэграцыі, а замежную палітыку праводзіла з аглядкай на Маскву.
Магчымая «фінляндызацыя» ў выпадку яе прыняцця зачыніць, прынамсі на нейкі час, Украіне шлях у ЕС і ў НАТА, а саму краіну пакіне ў значнай ступені ў арбіце ўплыву Расіі.
Каментуючы ў сваім тэлеграм-канале гэтую інфармацыю, гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман піша:
«А Беларусь? Пра Беларусь Le Figaro не піша. Калі ж, аднак, Парыж сапраўды падрыхтаваў Украіне ролю «Фінляндыі», то будучыня Беларусі павінна выглядаць яшчэ больш сумна: яна можа быць проста прызнаная зонай уплыву Расеі і аддадзеная на водкуп Крамлю. У кантэксце публікацыі Le Figaro асаблівы сэнс набываюць словы Макрона пра ядзерную зброю і расійскія войскі ў Беларусі: пытанні, якія цікавяць Захад, Парыж настроены вырашаць выключна з Масквой.
Варта адзначыць, што пакуль гаворка ідзе толькі пра газетную публікацыю, а адміністрацыя Макрона яе не каментуе. Публікацыя Le Figaro выглядае, аднак, праўдападобна: праект рашэння галоўнага еўрапейскага канфлікту адлюстроўвае палітычны стыль Макрона, які лічыць сябе лідарам ЕС, і павінен дапамагчы яму атрымаць перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў красавіку. Гэта, дарэчы, не першы еўрапейскі праект Макрона, але пакуль усе яны заканчваліся аглушальным правалам.
У выпадку «фінляндызацыі» асноўнай праблемай для Парыжа стане, аднак, пазіцыя Кіева, які відавочна не пойдзе на гэты варыянт, і Масквы, для якой «фінляндызацыя» стане хутчэй не перамогай, а ўсё-такі паразай».