«Пачуваецца здавальняюча». Адвакат распавёў, як Уладзімір Мацкевіч трымае галадоўку
У панядзелак, 7 лютага, адвакат наведаў філосафа Уладзіміра Мацкевіча ў СІЗА, і перадаў на волю падрабязнасці галадоўкі палітвязня.
08.02.2022 / 14:29
Паводле і адваката, пасля чатырох дзён галадоўкі Уладзімір Мацкевіч «у цэлым пачуваецца здавальняюча» і знаходзіцца «ў роўным настроі», бо падрыхтаваў сябе і маральна, і фізічна да гэтага выпрабавання. Адміністрацыя СІЗА ставіцца да факта галадоўкі карэктна і ў рамках стандартных нормаў і працэдур: зафіксавала факт галадоўкі, Уладзіміра наведвалі дзяжурны ўрач і псіхолаг следчага ізалятара, паведамляе «Новы час».
Уладзімір Мацкевіч таксама паведаміў, што галадоўка будзе працягвацца, пакуль не адбудуцца «канкрэтныя дзеянні, якія штосьці сапраўды зменяць у яго справе», а не толькі «пустыя словы і абяцанні».
Такім дзеяннямі можа быць рашэнне аб змене меры стрымання.
Нагадаем, Уладзімір Мацкевіч быў арыштаваны 4 жніўня 2021 года. Ужо паўгода ён знаходзіцца пад арыштам па абвінавачванні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Філосаф адмовіўся ад ежы з 4 лютага і плануе галадаць да выканання патрабаванняў. У выпадку невыканання, па заканчэнні 10 дзён, ён пяройдзе да сухой галадоўкі.