«Калі чужы балкон — шкатулка святла, акно ў недасяжную штодзённасць». Юлія Чарняўская напісала пра лета пад хатнім арыштам
Культуролаг Юлія Чарняўская напісала на сваёй старонцы ў фэйсбук пра тое, як правяла лета пад хатнім арыштам.
06.02.2022 / 19:30
Фота з фэйсбука Юліі Чарняўскай
«Усё лета я глядзела на балкон суседняга дома. Старога мінскага дома ў старым мінскім двары.
Адтуль лілося жоўтае хатняе святло дзяцінства, як з бабулінага балкона, адкуль мяне вось-вось паклічуць вячэраць. (Клікаць будуць доўга, не даклічуцца, потым, як цяжкую артылерыю, вышлюць тату, і ён пацягне мяне па лесвіцы, па-хірургічнаму моцна ўхапіўшы за перадплечча).
Гэтае акно было даволі далёка. Таму я ніколі не бачыла гаспадароў кватэры. Але святло загаралася ў адзін і той жа час і ў адзін і той жа згасала. Я разумела: гэта кухня, у такіх дамах балкон звычайна на кухні, як тады ў нас.
Зайшлі павячэралі — выключылі. Потым нехта зазірнуў выпіць перадначнога кефіру, запаліў святло на імгненне — выключыў. Сыходзячы гасіце святло. Чаго яму гарэць дарма?
Яны не ведалі, што для кагосьці іх балкон — шкатулка святла, акно ў недасяжную штодзённасць. Я радавалася, калі ён пачынаў свяціцца. І радавалася, калі гас: людзі ішлі спаць, бо заўтра рана на працу. Гэта было нармальна і таму радавала. Радуешся таму, што недзе існуе звычайная штодзённасць, жыццё людзей. Хочацца верыць, што добрых.
Мне да чорцікаў было патрэбна гэтае балконнае акно…».
***
Юлія Чарняўская застаецца абвінавачанай па справе Тутбай. Ёй змянілі меру ўтрымання з хатняга арышту на забарону пэўных дзеянняў. Яна была пад хатнім арыштам з 18 мая.
Зараз яна можа выходзіць з дома, але напрыклад, не можа карыстацца сацсеткамі. Такую самую меру ўтрымання СК раней абраў яшчэ для двух фігурантак справы — юрыстак Ірыны Касцючэнкі і Кацярыны Ткачэнкі.
Па інфармацыі НН, змена меры ўтрымання Чарняўскай можа быць звязана са станам яе здароўя.