Памёр пратэстанцкі пастар і савецкі дысідэнт Эрнст Сабіла

Пра смерць Эрнста Сабілы напісаў у Фэйсбуку адзін з кіраўнікоў БХД Аляксей Шэін. Яму было 89 гадоў, да 90-гадовага юбілею не дажыў паўтара месяца. 

05.02.2022 / 19:22

Аляксей Шэін пералічвае ключавыя этапы ягонай біяграфіі: 

«У 1951 годзе, будучы студэнтам, Сабіла быў арыштаваны па арт. 72-Б Крымінальнага кодэкса БССР («актыўная агітацыя з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў»). Некалькі месяцаў правёў у «Амерыканцы», дзе прайшоў праз катаванні.

Быў асуджаны да расстрэлу, але расстрэльны прысуд быў заменены на 25 гадоў канцлагераў. Збег з лагера, каля 700 кіламетраў прайшоў па тайзе, быў зноў арыштаваны.

З 1988 года ён быў пастарам беларускамоўнай Евангельскай царквы. У 1989-м пастар Сабіла прысутнічаў на першым з'ездзе Беларускага народнага фронту: зачытваў на ім Біблію, асвячаючы палітычнае мерапрыемства.

З другой паловы 2000-х — сябра БХД. Пераклаў Новы Запавет і Псалмы на беларускую мову.

Пахаванне адбудзецца ў яго роднай вёсцы Дзегцяроўка пад Мінскам у панядзелак ці аўторак».

Nashaniva.com