«Сістэма запаўзае ў кожную сям’ю». Што піша з-за кратаў Ягор Марціновіч

Сёмы месяц Ягор Марціновіч знаходзіцца ў следчым ізалятары, у невялікай камеры, адкуль раз на суткі можна выйсці толькі ў бетонны прагулачны дворык, зацягнуты зверху кратамі. Што дапамагае трымацца? Вера ў людзей і здаровы сэнс, падтрымка блізкіх і чытачоў, якія дасылаюць лісты. 

05.02.2022 / 19:58

Вясной 2021-га Ягор Марціновіч з калегамі з'ездзілі да Андруся Горвата, які аднаўляе палац на Палессі.

«Прыход лістоў — самая цікавая і важная падзея дня, — піша Ягор. — Гэта можа быць і ў 11.00, і ў 19.00 — сістэмы няма. Проста ў нейкі момант адчыняецца акенца ў дзвярах і прасоўваецца рука са стосам лістоў. Хто знаходзіцца бліжэй, забірае. Зачытвае прозвішчы і раздае ўсім. Ну і ўсё, шчасце ёсць! Спачатку сядаеш ўсё прачытаць, а пасля бяжыш за стол пісаць адказы. Але каб не ўсё адразу, стараешся расцягнуць і на вечар, і на заўтрашнюю раніцу». 

Пра побыт і суседзяў

«Сёння прапускаем прагулку, бо раніцай хадзілі ў лазню — не хочацца адразу пацець, хоць дзень лепш пратрымацца чысценькім) А ўчора гулялі ў дворыку ў футбол адколатым ад сцяны каменьчыкам. Стараўся не ўхандохаць зімовыя боты, змог. Адразу ўзгадаў папона, які ў дзяцінстве казаў: «Насі акуратна, не гуляй імі ў футбол!» І так пра кожны куплены абутак» А чым мне зімой у футбол гуляць? Не ў красоўкі ж пераабувацца пры мінус 15! Так што можна празнацца папону, што я парушаў абяцанне». 

«Апрануў старыя джынсы. Блін, гэта рэальна дзіўна з рацыянальнага пункту гледжання, але адчуваеш сябе ў іх свабодным чалавекам. Заўтра пайду ў іх на прагулку!»

«Нешта зламалася ў графіку кухні — з канцамі знік кісель! Цяпер замест яго даюць чай. Эх, сышла эпоха! Буду на свабодзе варыць сабе». 

«Усё жыццё мяне суправаджаюць музычныя людзі, пачынаючы з мамы, таксама жонка і тут, канечне, таксама аматары музыкі. Раней быў сусед, які з аршанскага дзяцінства ведае ўсе расійскія папсовыя песні. І гатовы падпяваць (зусім без голасу, праўда) з любога слова. Было смешна: іншы хлопец расказвае сваю крымінальна-сямейную драму, а той пачынае падпяваць кожнаму яго слову. Вось так:

«И тогда я ее отпустил…»

«Отпусти-и-и меня, я умоляю!»

«И пошел домой»

«Домой, домой, пора домой!»

«И позвонил Вике»

«А где-то лондонский дождь до боли, до крика… С Днем рождения, Вика!»

І так хвілін пяць няспынна. А цяпер ёсць сусед, які падпявае (!) кожнай песні, асабліва расійскай папсе. Хацеў яму сказаць, што ў яго няма голасу, але высветлілася, што ён у дзяцінстве быў вакалістам у музычнай школе, нават удзельнічаў у конкурсах з усімі гэтымі Ксюшамі Сітнік. Ходзіць цэлую прагулку і падпявае радыё».

«Я ж цяпер спецыяліст па рэкламе, адглядаю кожны ролік шмат разоў. Вымушана, праўда, Звярнуў увагу, што з Новага года рэкламы стала адчувальна менш, часам у блоках круцяць толькі пару анонсаў і вяртаюць праграму. Сталі часцей круціць толькі рэкламу А1». 

Пра кнігі ў турме

«Для мяне загадка, што ёсць людзі, якія месяцамі і нават гадамі сядзяць тут, і ўвогуле нічога не чытаюць. Не разумею, як забіваць час — ну проста сядзяць і думаюць, але нават не спрабуюць знайсці для сябе цікавы жанр. Прычым такія з рознай адукацыяй ёсць — і вышэйшай, і базавай». 

«Сёння ў прамежках паміж лістамі пачаў чытаць «Дзеці Арбата», пра сталінскія часы. Чытаеш і разумееш, як вакол цэлага пакалення сціскаецца кола, як уся гэта сістэма павольна запаўзае ў кожную сферу, у кожную сям’ю. Добра, што тыя механізмы не могуць гэтаксама працаваць у ХХІ стагоддзі. Ці проста хочацца ў гэта верыць?»

«Мае літаратурныя густы далёкія ад класічна прынятых. Зразумела, што Багушэвіч зрабіў гіганцкі ўнёсак у літаратуру, але прымушаць сябе чытаць у 2021 годзе «Смык беларускі»? Ну канечне не! Мы вымушана арыентуемся ў расійскай інфармацыйнай прасторы, але ўпускаем масівы інфармацыі праз сябе. Я раю нават чытаць дзённікі Шамякіна — пра тое, як яшчэ нядаўна жыла камуністычная наменклатура, якія каштоўнасці мела. Бывае, агідна чытаць, але вельмі пазнавальна. Нататкі Адама Глобуса пра сучаснікаў часам злыя, але інфарматыўныя. Саша Філіпенка, Алексіевіч — гэта фактычна найноўшая гісторыя Беларусі. З ваеннага і сталінізму, канечне, Быкаў — «Сотнікаў», «Жоўты пясочак». Па-добраму яшчэ варта ўзяць нешта пра жыццё Заходняй Беларусі, напрыклад, Адамчыка. Пра Караткевіча нават гаварыць не буду, гэта і так зразумела — must have. Ну і абавязкова турэмныя мемуары. Я таксама думаў, што мне не спатрэбіцца. Але рады, што папярэдне прачытаў. «Чарвяк» Змітра Дашкевіча — вось з яго пачынай». 

«Кнігі ўспамінаў міністраў-рэфарматараў часоў Саакашвілі вельмі цікавыя! Адзін з іх апісвае: задумаў бязвізавы ўезд. Пытаецца ў калег: «Падтрымаеце?» Усе кажуць: «Я ўпрынцыпе «за», але астатнія ж будуць супраць!» У выніку ён сабраў усіх, пытаецца: «Ну што, хто супраць? Мы бедная краіна, непатрэбная ніякім тэрарыстам. Ад каго хавацца?» Ну і зрабілі бязвіз для 90 краін, багацейшых за Грузію па ВУП». 

Пра падарожжы і гісторыю Беларусі

«Сапраўды цікавы пласт інфармацыі — жыццё беларускіх шляхетных родаў у пачатку ХХ стагоддзя. З аднаго боку, ідзе рэвалюцыйны ўздым, змяняецца жыццё, развіваецца прамысловасць. А з іншага, захоўваюцца старыя рэгаліі, дынастычныя шлюбы і ўсё такое. Вось пакінуў Станіслаў Грабоўскі ўладанні сёстрам. І што ім рабіць, нейкую сваю мануфактуру адкрываць? Артыкулаў пра жыццё шляхты ў гэты перыяд я асабліва не бачыў. І наступнае — жыццё шляхты, якая пасля 1917-га перастала быць шляхтай. Гэта ж трэба прызвычаіцца да зусім новых абставінаў!»

«Днямі прачытаў у «Звяздзе» душэўны тэкст Рублеўскай пра Геранёны. Там такія атмасферныя руіны, калі праязджаю міма, абавязкова заскокваю. І неяк нават не здагадваўся, што з геранёнскім замкам звязана гісторыі Барбары Радзівіл і Жыгімонта. Таксама было складана ўявіць, як менавіта выглядаў гэты замак. А там апісваецца — драўляны пасярод валоў. А цяпер усё настолькі пазарастала лесам, што цяжка нават знайсці нейкія сляды. І касцёл вельмі прыгожы пад гарой, проста на сваім месцы, гарманічна выглядае. Але турыстаў няшмат, пакуль яшчэ не надта раскручанае месца». 

Што можа кожны зрабіць для палітвязняў? Адправіць ліст ці паштоўку. Усяго некалькі словаў — вялікая падтрымка для людзей, якіх арыштавалі за погляды і імкненне зрабіць жыццё ў Беларусі лепшым.

Калі ласка, не забывайце пра нашаніўцаў, пішыце ім лісты.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзьевіч

Справу супраць Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко накіравалі ў суд

«Вы знаходзіцеся ў турме за тое, што выступалі за свабоду прэсы». Дэпутат нямецкага парламента даслаў ліст галоўнаму рэдактару «НН»

«Нібы ляціш на міжгалактычным караблі да далёкіх зорак». Андрэй Скурко з турмы разважае пра сумную выгоду цяжкіх часоў

Nashaniva.com