Фільмы пра Беларусь і беларусаў з'явіліся на фестывалі аўтарскага дакументальнага кіно «Артдокфэст»

У праграму 2022 года ўвайшло 19 фільмаў, зробленых кінематаграфістамі з 13 краін свету. Два з іх — пра Беларусь, паведамляе meduza.io.

03.02.2022 / 16:51

«Калі кветкі не маўчаць»

Фільм рэжысёра Андрэя Куцілы пра падзеі ў Беларусі 2020 года. Карціна пабудаваная на асабістых гісторыях сем'яў, якія пацярпелі ад хвалі рэпрэсій і гвалту.

«Праз лёсы звычайных беларускіх сем'яў мы бачым боль і надзею, адчуваем іх страх і рашучасць», — напісана на сайце «Артдокфэста».

Раней «Калі кветкі не маўчаць» была прызнаная найлепшай карцінай у секцыі дакументальных фільмаў Варшаўскага кінафестывалю.

«Мара»

Фільм беларускай рэжысёркі Сашы Кулак. Мара — маладая мастачка, якая спрабуе знайсці сваё месца ў народным паўстанні.

«Мара выходзіць у свет, ахутваючы сябе ўласнымі мастацкімі вобразамі, але вуліца, якая бунтуе, цягне яе ў адкрытае мора, у якім дзяўчыне не наканавана ўтрымацца на плыву».

Nashaniva.com