Алесю Капуцкаму зноў далі 15 сутак. Разам ужо 60
Палітзняволенага праваабаронцу Алеся Капуцкага чацвёрты раз запар арыштавалі на 15 сутак, паведамляе «Вясна».
02.02.2022 / 19:40
Маладзечанскага праваабаронцу Алеся Капуцкага першы раз затрымалі 17 снежня ў Маладзечна. З таго часу ён судзіцца ўжо чацвёрты раз.
Сёння суд у Маладзечна пакараў праваабаронцу 15-сутачным арыштам. Цяпер на яго зноў склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), але ўжо за захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання.
Агулам Алесь будзе ўтрымлівацца за кратамі 60 сутак.
Па словах адваката, Капуцкі трымаецца добра. Сёння яму нават выдалі лісты паперы і ручку. Але перадачы да гэтага часу не перадаюць.