Павел Латушка: У нас моцная сям’я, і ніколі такога не было, каб адзін аднаму здраджваў

Ужо некалькі прадстаўнікоў сям’і Паўла Латушкі зазнаюць рэпрэсіі. І іх не толькі трое, паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання ў размове з тэлеканалам «Белсат». Раней паведамлялася пра рэпрэсіі супраць ягонай дачкі Яны і стрыечнага брата Анатоля.

01.02.2022 / 23:56

«Я мяркую, што ажыццяўляюцца рэпрэсіі праз прыналежнасць да маёй сям’і. Гэта фактычна тэрор у Беларусі. Можна правесці аналогію з перыядам сталінскіх рэпрэсіяў 1937 года, якія спазнаў увесь постсавецкі абшар, калі пераследуюцца родныя і блізкія дзеячаў. Напрыклад, пераслед маёй дачкі, завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні майго стрыечнага брата — тут таксама трэба чакаць негатыўнага развіцця падзей»,

— мяркуе Павел Латушка.

Паводле інфармацыі палітыка, Анатоль Латушка цяпер на Акрэсціна, а пазней надоўга застанецца ў турме. На праўладным канале была інфармацыя, што затрыманы ў хуткім часе мае распавесці нешта пра палітыка. Да гэтага наш суразмоўца ставіцца з хваляваннем за сваяка:

«Гэта сведчыць пра тое, што ён можа зазнаваць гвалт, што будуць спробы абылгаць сябе і мяне. Але адразу заўважу, што мы з ім не камунікавалі каля 10 гадоў. Таму я абсалютна не ведаю, што ён можа сказаць: мы не мелі кантактаў. Калі мы былі дзецьмі, сябравалі, сустракаліся, калі да бабулі прыязджалі на святы. Пазней кантакты былі ўжо значна радзейшыя, і мы даўно не бачыліся».

Павел Латушка заклікае праваабарончую супольнасць прызнаць Анатоля Латушку палітычным вязнем:

«Я спадзяюся, што будзе прынята такое рашэнне ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Бо гэта прыкметы рэпрэсіяў праз прыналежнасць да сям’і».

Аднак гэта не адзіны эпізод пераследу родных кіраўніка НАК:

«Некаторыя з прозвішчам Латушка страцілі працу. Быў прыклад, калі прымушалі запісаць «пакаяннае» відэа, дзе абгаварыць і абылгаць мяне. Але родны адмовіўся гэта рабіць. У нас моцная сям’я, і ніколі такога не было, каб адзін аднаму здраджваў».

Сваякі кіраўніка НАК не мелі на думцы ўцякаць з Беларусі.

«У бабулі з дзядулем было васьмёра дзяцей, таму гаворка пра вялікую колькасць родных і блізкіх. Нерэальна ўявіць, што ўсе з’едуць. І зноў жа, кожны сам прымае рашэнне, але ніколі нікога не вабіла нейкае замежжа. Ніхто не імкнуўся з’ехаць. Я праз сваю працу бываў за мяжой і заўсёды вяртаўся. І мая дачка праз маю працу была за мяжой. І мы хочам дабіцца таго, каб як мага хутчэй вярнуцца дадому»,

— адзначыў Павел Латушка.

Чытайце таксама:

Затрымалі Анатоля Латушку — стрыечнага брата Паўла Латушкі

На дачку Паўла Латушкі заведзеная крымінальная справа, яе кватэра арыштаваная

Пракуратура завяла крыміналку на Латушку за правальны фільм. Але падазраваным можа быць не толькі ён

Nashaniva.com