Фільм тыдня: «Паралельныя маці». Новая стужка Альмадовара, якой 9 хвілін апладзіравалі у Венецыі

«Паралельныя маці» — атмасферная драма ад іспанскага класіка з шыкоўнай Пенелопай Крус у галоўнай ролі. 

02.02.2022 / 18:59

Кадр з афіцыйнага трэйлера стужкі.

3 лютага ў беларускіх кінатэатрах выходзіць новая драма іспанца Пэдра Альмадовара «Паралельныя маці». Карціну ўжо ведаюць у свеце — яна была фільмам-адкрыццём 78-га Венецыянскага міжнароднага кінафестываля, і там стужку сустрэлі дзевяціхвіліннай авацыяй.

Пра што «Паралельныя маці»

Галоўныя гераіні стужкі — іспанкі Джэніс і Анна, якія сталі маці ў адзін дзень. Джэніс — прафесійная фатографка ва ўзросце за трыццаць, што чакае дзіця ад жанатага крыміналіста-антраполага Артура.

У палаце шпіталя, дзе Джэніс збіраецца нараджаць дзіця, яна сустракае яшчэ адну будучую маці, Анну. Гэта дзяўчына-падлетак, якая зацяжарала пры даволі складаных абставінах. Абедзве жанчыны нараджаюць дачок у адзін і той жа дзень і дапамагаюць адна адной падчас пераходу ў статус маці. Далей лёсы жанчын пераплятаюцца.

Паралельна з матывам мацярынства — дарэчы, любімым Альмадоварам — рэжысёр уздымае яшчэ і тэму вайны. Джэніс, жыхарка Мадрыда, захопленая адной мэтай — раскрыць у яе роднай вёсцы масавае пахаванне ахвяр грамадзянскай вайны, дзе ляжаць парэшткі яе прадзеда і яго паплечнікаў, чыю памяць ніхто ніколі не ўшаноўваў належным чынам.

Джэніс хоча гэта выправіць, бо некалі яна дала абяцанне сваёй бабулі дастойна пахаваць прадзеда, яе бацьку. Бабуля, што і вырасціла Джэніс, апошні раз бачыла тату ва ўзросце сваіх дзесяці гадоў, калі яго забралі з дому фалангісты — прадстаўнікі галоўнай партыі пры таталітарным рэжыме Франка.

Крус і Альмадовар

Крытыкі асабліва адзначаюць ігру Пенелопы Крус, што выканала галоўную ролю — Джэніс (дарэчы, назвалі яе ў гонар спявачкі Джэніс Джоплін).

На кінафестывалі ў Венецыі працу Крус адзначылі ўзнагародай за найлепшую жаночую ролю.

Пенелопа — даўняя муза Альмадовара. У іх сумесным паслужным спісе восем фільмаў, дзе Крус сыграла галоўныя ролі, а Альмадовар выступіў у якасці рэжысёра. Усё пачалося са стужкі «Жывая плоць» у 1997 годзе. Крус сведчыць, што яна і Альмадовар амаль адразу пасябравалі, а за больш чым 20 гадоў увогуле сталі амаль сям’ёй.

У нядаўнім інтэрв’ю актрыса распавяла пра асаблівасці геніяльнага іспанца. Напрыклад, Крус кажа, што Альмадовар вельмі любіць смачную ежу, і розныя стравы часта займаюць важныя месцы ў яго фільмах. У стужцы 2006 года «Вяртанне» такой стравай быў дэсерт флан, а ў выпадку з «Паралельнымі маці» гэта амлет.

Рэйтынгі на сусветных рэсурсах

IMDB - 7,1/10,

Rotten Tomatoes - 97%.

Восем фільмаў і міні-серыялаў пра тыранаў і дыктатуры, якія варта паглядзець

Кіно на вечар: топ-5 навінак ад Netflix, якія выйшлі на гэтым тыдн

Nashaniva.com