«Коммерсантъ»: Альтэрнатыўных варыянтаў для транспарціроўкі беларускага калію цяпер няма

«Беларуськалій», які забяспечвае больш за 15% сусветнага рынку калійных угнаенняў, працягвае рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, хоць ужо сёння не зможа экспартаваць калій з-за ўступлення ў сілу санкцый ЗША. Літва, праз якую адбываецца перавалка большай часткі беларускага калію, адмовілася яго транспартаваць з 1 лютага, хоць гэтыя перавозкі і забяспечвалі траціну даходу мясцовай чыгунцы. Альтэрнатыўных варыянтаў транспарціроўкі цяпер няма, сцвярджае журналіст расійскага выдання «Коммерсант» Вольга Мардзюшэнка.

01.02.2022 / 15:29

Пракладка маршруту праз Расію, якую Мінск абмяркоўвае з Масквой ужо некалькі гадоў, выглядае немагчымай. У расійскіх партах няма такога аб'ёму свабодных магутнасцяў (максімум на 2-3 млн тон у год замест неабходных 11 млн тон), а расійскія кампаніі не хочуць падстаўляцца пад санкцыі.

Рызыкі самім аказацца ў чорным спісе Мінфіна ЗША цалкам забіваюць і ўсе іншыя тэарэтычна магчымыя схемы, пра якія цяпер гавораць на рынку — ад куплі «Беларуськалія» або стварэння сумеснага трэйдара з расійскай або заходняй кампаніяй да перавалкі беларускага калію праз вугальныя тэрміналы ў біг-бэгах і свопу з расійскім каліем.

Пры гэтым, кажуць мае крыніцы, Мінск нават не спрабаваў дамовіцца аб новых схемах з ключавымі расійскімі кампаніямі, у якіх ёсць транспартныя магутнасці.

Пра такія перамовы на вышэйшым узроўні таксама ніхто не чуў, хоць іх і нельга выключаць. Але нават калі Мінск знойдзе схему паставак, застаецца адкрытым пытанне, хто купіць санкцыйны калій. Нарвежская Yara, якая атрымлівала каля 1,5 млн тон беларускага калію, ужо заявіла аб спыненні закупак на фоне санкцый.

Адзіным лагічным тлумачэннем бяздзейнасці беларускага боку мне здаецца цвёрдая ўпэўненасць Мінска ў тым, што ўжо ў бліжэйшы час ЗША і Еўропа самі адмовяцца ад блакады экспарту калію пасля таго, як цэны на яго ўзляцяць да гістарычных рэкордаў.

Ужо цяпер у свеце каціроўкі калію цвёрда перавышаюць $500 за тону, а ў выпадку спынення паставак з Беларусі, паводле ацэнак экспертаў, могуць дасягнуць $1000.

З іншага боку, краіны Захаду могуць зыходзіць з таго, што, хоць хутка замясціць усе 11 млн тон беларускіх паставак будзе складана, магчымасць змякчыць удар існуе.

Канадская Nutrien ужо заяўляла пра гатоўнасць хутка ўвесці дадатковыя магутнасці. Акрамя таго, што кампанія нядаўна пашырыла сваю вытворчасць, у яе ёсць закансерваваныя актывы, якія пры нізкіх цэнах на калій былі нерэнтабельныя.

«Усяго, паводле ацэнак маіх суразмоўцаў, канадцы змогуць даволі аператыўна замясціць да паловы экспарту з Беларусі. Ці будзе гэтага дастаткова, каб утрымаць цэны на калій у прымальных межах, ці ж ЗША з часам прыйдзецца аслабіць санкцыі, мы неўзабаве даведаемся», — піша Вольга Мардзюшэнка.

Чытайце таксама:

Прэм'ер Літвы: Юрысты старанна ацанілі ўсе рызыкі скасавання дамовы Літоўскай чыгункі з «Беларуськаліем»

Галоўчанка анансаваў «жорсткія меры» ў дачыненні да Літвы

Nashaniva.com