«Бык купіў сабе «Лэндкрузер»… Новыя дзіцячыя вершы з турмы ад Андрэя Скурко
Андрэй Скурко — палітвязень, выбітны аўтар і рэдактар. Па абсалютна надуманым абвінавачванні ён і галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч знаходзяцца за кратамі. У сваіх лістах Андрэй не толькі разважае пра літаратуру, гісторыю ды філасофію, але і дасылае ўласныя вершы для свайго малога сына і ўсіх дзяцей свету.
03.02.2022 / 21:43
Бык купіў сабе «Лэндкрузер»
Бык купіў сабе «Лэндкрузер» —
Насмяшыў гусей на лузе.
Гусі гучна гагаталі,
А пасля купацца сталі.
Нёс алень на рогах ровар —
Насмяшыў шашка ў дровах.
І ад смеху той шашок
Ледзь не трапіў у мяшок.
На мапедзе едуць лісы —
Дзік смяяўся з іх да віску.
Аж ад смеху ён на лузе
Паваліўся ў кукурузе.
Кажа дзік: «Нашто вам ехаць?
Кожны б мог як вецер бегаць,
Абагнаць мапед і ровар,
Ды і джып сапхнуць з дарогі.
Плыў бабёр на бервяне —
Пасмяёмся або не?
Наша мора
Цэлы месяц дождж імжыў —
Мора з лужыны зрабіў.
Мы па моры паплылі
На вялікім караблі.
Разам з намі наш сабака,
Папугаі і каты.
Прывітанне, чарапахі,
Васьміногі і кіты!
Каляровыя каралы
Нам дэльфіны паказалі,
І адкрылі альбатросы
Таямнічых скарбаў востраў.
І пілі марской каровы
Мы марское малако.
Частавала рыба-заяц
Нас капустаю марской.
І марскія булачкі
Неслі нам акулачкі…
У такое падарожжа
Марыць выправіцца кожны.