Калі Расія нападзе на Украіну з беларускай тэрыторыі, ці будуць украінцы біць па Беларусі?
Вось ужо некалькі месяцаў ва ўмовах каласальнай напружанасці паміж Расіяй і Украінай усіх цікавіць, якую ролю ў канфлікце можа cыграць вайскова-палітычны хаўруснік Расіі — Беларусь. І як на патэнцыйную агрэсію з беларускай тэрыторыі можа адказаць Украіна.
29.01.2022 / 19:33
Расія сабрала вакол украінскіх межаў аграмадную вайсковую групоўку і перакінула самыя сучасныя наступальныя ўзбраенні, ад танкаў да «Іскандэраў».
Перакінула Расія свае войскі і ў Беларусь — нібыта, для ўдзелу ў супольных вучэннях «Саюзная рашучасць — 2022», якія пачнуцца 10 лютага. Адбываецца гэта на фоне складаных перамоваў Масквы і Вашынгтона, на якіх Расія патрабуе ад Захаду так званых «гарантый бяспекі».
Усе гэтыя чыннікі прымушаюць казаць пра тэарэтычную ваенную пагрозу для Украіны з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта кажуць заходнія і ўкраінскія палітыкі. У агучаных заходнімі СМІ сцэнарах таксама разглядаўся кірунак магчымай агрэсіі Расіі супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі.
Калі такая агрэсія ўсё ж адбудзецца, ці будзе гэта азначаць, што паміж Беларуссю і Украінай будзе вайна? Якой будзе рэакцыя Украіны і ці магчымыя ўдары па беларускай тэрыторыі і аб'ектах?
Былы кіраўнік «Правага Сектара» і кіраўнік «Украінскай дабравольчай арміі» Дзмітрый Яраш нядаўна напісаў у сваіх сацсетках:
«Калі будзе гарэць украінская зямля, то агонь процідзеяння акупацыі Украіны будзе палаць і ў Беларусі, і ў Расіі. (…) Мы, украінцы, за сваю свабоду, будзем ваяваць усімі мэтазгоднымі метадамі і сродкамі… У тым ліку, пры ўварванні з вашай тэрыторыі, і ў Беларусі», — піша Яраш.
Фота: Мінабароны Украіны
А што думаюць пра імавернасць баявых дзеянняў на беларускай тэрыторыі ўкраінскія эксперты?
Публіцыст і ўдзельнік расійска-ўкраінскай вайны Станіслаў Бязушка сказаў «Нашай Ніве»:
«Тут вельмі важна адзначыць, што Украіна абараняецца, а не з’яўляецца агрэсарам. З 2014 года Украіна і ўкраінскія вайскоўцы ніколі не атакавалі тэрыторыю Расіі. Мы толькі абараняемся.
Перасек дзяржаўную мяжу Украіны — загінуў. Ніхто ні на каго нападаць не будзе. І тут тое самае будзе, калі атака распачнецца з тэрыторыі Беларусі, то паміраць будуць на украінскай тэрыторыі.
Досвед васьмі гадоў вайны гаворыць пра тое, што мы не будзем атакаваць іншую дзяржаву, таму што мы абараняемся і не з’яўляемся агрэсарам. Нам важна абараніць сваю тэрыторыю, а не ўдарыць па нейкай іншай, чужой тэрыторыі», — кажа спадар Бязушка.
Ён адзначае, што было ўжо шмат агрэсіўных правакацый з боку расіян, каб падставіць украінцаў.
Фота: Мінабароны Украіны
«Упэўнены, што не будзе атакавацца ні тэрыторыя Беларусі, ні яе аб’екты. Атакоўваць будуць толькі тых вайскоўцаў, і тую тэхніку, якая будзе перасякаць дзяржаўную мяжу Украіны», — кажа публіцыст.
Украінскі журналіст Віктар Бішчук у каментары «Нашай Ніве» адзначыў:
«Украіна разумее, што Пуцін можа (і, мабыць, плануе) выкарыстоўваць беларуска-ўкраінскую мяжу як яшчэ адзін пункт стварэння напружання для нашай краіны. У лістападзе 2021 года Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны праводзіла пасяджэнне ў Луцку (адміністрацыйны цэнтр суседняй з Беларуссю Валынскай вобласці). Тады разглядалася магчымасць атакі на Украіну з гэтага кірунку. Былі распрацаваны сцэнары процідзеяння і нават праведзены контрдыверсійныя вучэнні.
Але нават калі канцэнтрацыя войскаў будзе выкарыстаная для наступу — Украіна будзе абараняцца толькі на ўласнай зямлі.
У ліпені 2014 года расейскія вайскоўцы з тэрыторыі Расіі абстрэльвалі рэактыўнымі ўстаноўкамі залпавага агню ўкраінскія пазіцыі ў Луганскай вобласці. Аднак нават тады Украіна ўстрымалася ад таго, каб наносіць удар у адказ. Па параўнанні з 2014 годам украінская армія стала нашмат больш магутнай і моцнай. Лепш абсталяванай, у тым ліку і дзякуючы заходнім партнёрам. Мы здольныя супраціўляцца і перамагаць ворага.
Мы паважаем мяжы нашых суседзяў. За 30 гадоў незалежнасці Украіна ні разу не праводзіла ваенных аперацый за межамі краіны. Так будзе і надалей. Але вельмі хочацца спадзявацца, што да такога сцэнара не дойдзе. Таму што мы разумеем розніцу паміж настроямі дружалюбнага беларускага народа і амбіцыямі самаабвешчанага тырана, які трымае ў закладніках сваіх суграмадзян», — сказаў ён.
Фота: Мінабароны Расіі.
Трохі іншае меркаванне мае вайскова-палітычны аглядальнік Ігар Леўчанка.
«Калі кіравацца выключна ваеннай логікай, пачатак любых дзеянняў з беларускай тэрыторыі з вялікай доляй імавернасці будзе выклікаць удары па вялікай колькасці тэхнікі і войскаў, у тым ліку на беларускай тэрыторыі. Гэта магчыма», — сказаў спадар Леўчанка.
Эксперт кажа, што сітуацыя з выкарыстаннем расійскімі войскамі чужой тэрыторыі для атакі на трэцюю краіну не з’яўляецца ўнікальнай. Падобныя прыклады былі і раней. Напрыклад, у 2008 годзе расіяне выкарыстоўвалі ў вайне супраць Грузіі расійскі Чарнаморскі флот, які базіраваўся на тэрыторыі Украіны ў Севастопалі.
«Тады ўкраінскія эксперты-міжнароднікі казалі, што, фактычна, дазвол, або адсутнасць нейкіх забарон з боку Украіны на выкарыстанне частак, караблёў, і любой ваеннай тэхнікі, якая базіравалася на тэрыторыі Украіны, супраць Грузіі, можа фармальна стварыць сітуацыю, калі Украіна таксама з’яўляецца агрэсарам супраць Грузіі.
І ўкраінская ўлада тады рабіла пэўныя захады па стварэнні праблем для Чарнаморскага флоту Расіі, але яны былі малаэфектыўныя, і, калі сказаць шчыра, мелі характар дэманстрацыі сваёй палітычнай пазіцыі грузінскаму кіраўніцтву, што, маўляў, мы не падтрымліваем Расію. Тады нават прэзідэнт краіны Юшчанка лятаў у Грузію, і гэтак далей», — кажа аглядальнік.
Ці будзе цяперашняе беларускае кіраўніцтва дэманстраваць сваю адлучанасць ад расійскай агрэсіі з беларускай тэрыторыі, сказаць цяжка, адзначае эксперт.
«Хутчэй не, чым так», — кажа ён.
Фота: president.gov.by.
Калі прааналізаваць апошнія заявы Лукашэнкі, то яны характарызаваліся пэўнай агрэсіўнасцю супраць Украіны, кажа спадар Леўчанка.
«Я б нават і не выключаў і дзеянняў непасрэдна беларускіх вайскоўцаў у складзе групіроўкі расійскіх войскаў супраць Украіны. Гэта можна аднесці да розных відаў узброеных сіл і родаў войскаў. Гэта і забеспячэнне тылавой падтрымкі расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі. Таму што аб’ектыўна мы разумеем, што забяспечваць лагістычную падтрымку з тэрыторыі Расіі больш праблематычна, чым забяспечваць яе на месцы сіламі беларускіх вайскоўцаў. Выкарыстоўваючы магчымасці, рэсурсы і інфраструктуру беларускую непасрэдна.
Таксама я б не выключаў магчымасць дзеянняў беларускіх сіл спецыяльнага прызначэння ў складзе разведвальна-дыверсійных груп, якія, з вялікай імавернасцю, будуць арганізаваныя расіянамі і дзейнічаць з тэрыторыі Беларусі ў выпадку агрэсіі з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны», — кажа Ігар Леўчанка.
Ён адзначае, што на тэрыторыю Беларусі перакінутыя падраздзяленні 45-й брыгады спецыяльнага прызначэння ПДВ Расіі, таксама ў Беларусь перакінутыя падраздзяленні марской пяхоты з Далёкага Усходу, кажа эксперт, і на базе гэтых падраздзяленняў могуць фарміравацца разведвальна-дыверсійныя групы, невялікія атрады для правядзення дыверсій і разведкі ў памежнай тэрыторыі.
45-я брыгада спецыяльнага прызначэння ПДВ Расіі. Фота: Мінабароны Расіі.
«Беларуска-ўкраінская мяжа пераважна з’яўляецца цяжкапраходнай для вялікіх масаў войскаў і непрыдатнай для правядзення шырокамаштабных баявых дзеянняў буйнымі ваеннымі злучэннямі. Таму найбольшы імавернымі з’яўляюцца дзеянні расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі вось у такім фармаце разведвальна-дыверсійнай дзейнасці. Выключаць нейкіх прарываў, удараў таксама нельга», — кажа эксперт.
Таксама сярод магчымых дзеянняў з тэрыторыі Беларусі Ігар Леўчанка разглядае дзеянні авіяцыі. Ён нагадвае, што ў Беларусь перакінулі эскадрыллі баявых самалётаў Су-35.
«Але нельга і выключаць, што з імі будзе дзейнічаць і баявая авіяцыя Беларусі. Таму ў выпадку пачатку шырокамаштабнага ваеннага канфлікту мы можам з высокай імавернасцю казаць, што тэрыторыя Беларусі будзе выкарыстоўвацца расійскім камандаваннем для правядзення аперацыі супраць Украіны», — мяркуе аглядальнік.
«Я лічу, што ў выпадку дзеяння расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ўкраінскія войскі, з высокай імавернасцю, будуць наносіць удары па вялікай колькасці войскаў, вайсковай тэхнікі і вузлах камунікацыі расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Такое магчыма. Таму што калі расійскія войскі будуць весці баявыя дзеянні з тэрыторыі Беларусі, то ў адпаведнасці з міжнародным правам Беларусь будзе хаўруснікам Расіі, і дэ-факта будзе лічыцца бокам канфлікту», — падсумоўвае эксперт.