«Адбываецца руцінізацыя ідэі вайны, яе магчымасці». Чаму Лукашэнка гаворыць пра вайну як нешта непазбежнае?

Апошнім часам Лукашэнка амаль кожны дзень гаворыць пра вайну. Прычым з любой нагоды. Нават калі выступае перад навукоўцамі. Адбываецца руцінізацыя самой ідэі вайны, яе магчымасці. Піша аналітык Валер Карбалевіч. 

26.01.2022 / 15:26

Лукашэнка доўгі час выступаў у ролі гаранта стабільнасці. Апошнія гады, асабліва пасля Крыма, галоўны мэсэдж грамадству быў прыкладна такі: няхай жывём і небагата, затое ў нас мір, парадак, спакой, бяспека.

2020 год радыкальна паламаў усю ранейшую парадыгму яго палітычнага пазіцыянавання. Памяняўся не тое каб характар кіроўнага рэжыму, а хутчэй умовы яго панавання. Цяпер для яго існавання патрэбнае перманентнае становішча надзвычайшчыны.

Таму, хоць, здавалася б, пратэсты задушаныя, усе ворагі пераможаныя, а рэпрэсіі не спыняюцца. Кожны дзень прыходзіць інфармацыя пра новыя арышты, затрыманні, суды, заканадаўчыя навацыі супраць апанентаў.

Такім чынам, пастаянная ўнутраная вайна, свядомае нагнятанне напружанасці — неабходная ўмова выжывання рэжыму.

Таму не думаю, што праз пэўны час, напрыклад пасля рэферэндуму, рэпрэсіі спыняцца.

Аднак высвятляецца, што для бесперапыннага павышэння градуса напружання мала барацьбы толькі з унутранымі ворагамі. Мадэль крэпасці ў аблозе патрабуе вонкавых ворагаў.

Таму цалкам заканамерна, што Беларусь ператварылася ў фактар дэстабілізацыі не толькі рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, але і больш шырокага абшару, у чыннік пагрозы рэгіянальнай бяспецы.

Адзін за другім правакуюцца міжнародныя крызісы, у цэнтры якіх аказваецца Беларусь. Спачатку была скандальная гісторыя з пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у мінскім аэрапорце. Потым быў шматмесячны міграцыйны крызіс. Як высвятляецца, менавіта Лукашэнка быў ініцыятарам уводу войскаў АДКБ у Казахстан. І вось цяпер Беларусь апынулася ў цэнтры ваенна-палітычнага крызісу вакол Украіны.

З выступаў Лукашэнкі апошняга часу вынікае, што цяпер галоўная пагроза Беларусі зыходзіць не ад «страшнага монстра» НАТА, а ад Украіны. Цяпер, як высвятляецца, яна галоўны вораг Беларусі.

Нагнятанне варожасці супраць паўднёвай суседкі набывае маштаб падрыхтоўкі да рэальнай вайны. Прычым кідаецца ў вочы як абсалютна штучны характар нібыта ўкраінскай пагрозы, так і яўны расійскі палітычны кільватар, у межах якога дзейнічае Лукашэнка.

Галоўная выснова палягае ў тым, што зніжэнне градуса напружанасці — гэта пагроза для рэжыму. Таму ён і кідаецца ва ўсё новыя замежныя авантуры.

Разам з тым можна канстатаваць, што ва ўмовах пагрозы рэальнай вайны свабода рук, калідор магчымасцяў, поле для манеўру Лукашэнкі рэзка звузіліся. Павялічылася яго залежнасць ад непрадказальнай палітыкі Масквы.

Мяркую, зрабіць з Украіны ворага — задача маларэальная нават у вачах прыхільнікаў Лукашэнкі. Але жах у тым, што Лукашэнка прывучае беларусаў да вайны як да нечага непазбежнага. Прычым да ўдзелу ў абсалютна чужой вайне, ніяк не звязанай з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. І гэта не выклікае ніякай рэакцыі ў грамадстве.

Газета Аляксандра Лукашэнкі назвала Украіну «еўрапейскім Самалілэндам». Але гэта не адзінае азначэнне

Кіраўнік Памежнага камітэта: Мы ніколі не думалі, што Украіна будзе сябе так паводзіць

«Мы восьмы год ваюем і прывыклі». Што ва Украіне думаюць пра магчымае расійскае і беларускае ўварванне?

Nashaniva.com