Зянон Пазняк: Беларуская тэрыторыя зараз — пад кантролем расійскага войска, і Лукашэнка нічога не можа зрабіць
Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк у інтэрв'ю Свабодзе расказаў, чаму лічыць анансаваныя Лукашэнкам і Пуціным вайсковыя вучэнні акупацыяй Беларусі і расказвае, ці будзе расійска-ўкраінская вайна і што мог бы зрабіць для Беларусі Захад у такой сітуацыі.
25.01.2022 / 21:12
Пра акупацыю
Тое, што здарылася ў Беларусі, — гэта тыповая акупацыя.
Па-першае, рэжым з'яўляецца нелегітымным, і таму ў яго няма ніякага права распараджацца лёсам нацыі. Па-другое, гэты рэжым з'яўляецца рэжымам унутранай акупацыі. Гэта значыць, што 27 гадоў таму Масква паставіла свайго стаўленіка, яна цалкам яго кантралюе, і эканамічна, і палітычна. Рэжым праводзіў палітыку цалкам у інтарэсах РФ — закрыццё школаў, мова, эканоміка, шмат што.
Фактычна, беларуская тэрыторыя цяпер — пад кантролем расійскага войска, і Лукашэнка нічога не можа зрабіць. І рэальна гэты «беларускі гаўбец» знаходзіцца ў руках Пуціна. Гэтыя войскі могуць быць часткова выведзеныя, застануцца частковыя базы, але, як кажуць, цнатлівасці ўжо няма.
Нават калі яны поўнасцю выведуць з Беларусі свае войскі — гэта нічога не азначае. Гэта факт акупацыі адбыўся, і яна ёсць. Але гэтыя войскі поўнасцю выведзеныя не будуць. Ёсць вучэбныя цэнтры, а гэта шырма для вайсковых базаў.
Пра магчымасць расійска-ўкраінскай вайны
Тое, што зрабіў Пуцін, зроблена нечакана для Захаду і дастаткова прафесійна. Яны зрабілі шум вакол Украіны, але нападаць Пуціну на Украіну і ўвязвацца ў вайну — вельмі рызыкоўна. Я не думаю, што ён у яе ўвяжацца. Але пад гэтае шоў яны занялі «беларускі гаўбец». Гэта ўжо зусім іншая сітуацыя, гэта ўжо не войскі ў Смаленску. Яны будуць стаяць пад Бугам, яны будуць стаяць каля Горадні, іхная стратэгічная авіяцыя ўжо ўведзена ў Беларусь. Гэта ціск на ўвесь Захад і на Украіну.
Пра рэакцыю Захаду
Для Еўропы Беларусь — гэта цэнтральная краіна, гэта вельмі важны вузлавы пункт. Калі яны страцяць гэты «гаўбец», то стратэгічна для Захаду гэта будзе яшчэ горш, чым страціць Украіну. Каб не разумець такія рэчы, відаць, трэба быць дэпутатам Еўрапарламента.
Пуцін фактычна забраў Беларусь, дык зрабіце моцны адказ. Ён сцягнуў войскі з усёй Расіі ў Беларусі, і яны яшчэ ідуць. Ніхто нават не ведае, колькі гэтага будзе. Чыгуначнікі паведамілі, што будзе 200 вагонаў. Цалкам магчыма. І ў Захаду ёсць магчымасці, яны пра гэта заяўляюць. У іх няма волі і рашучасці.
І калі так будзе далей, то паўторыцца як з фюрарам. Хацелі яго ўласкавіць, аддалі Судэты, Аўстрыю. Так нельга абыходзіцца з дыктатарамі, ворагамі чалавецтва. Гісторыя паказвае, што трэба абыходзіцца па-іншаму. І цяпер ёсць такая магчымасць.
Папярэдзіць Расію, зрабіць заяву пра вывад войскаў з Беларусі. Калі гэта не будзе зроблена, то прыняць тыя моцныя меры, пра якія казаў Байдэн, і Столтэнбэрг, і ўсе астатнія, што ў выпадку атакі на Украіну яны прымуць моцныя меры. Павінен быць ультыматум Расіі, каб вывесці войскі, бо гэта акупацыя Беларусі.