Газета Аляксандра Лукашэнкі назвала Украіну «еўрапейскім Самалілэндам». Але гэта не адзінае азначэнне
Прапагандысты выдання «СБ. Беларусь сегодня» пайшлі ў інфармацыйную атаку на Украіну. Зброя ў руках англасаксаў, бесхрыбетнае мяса ў руках мяснікоў, «еўрапейскі Самалілэнд». Так бачаць і малююць Украіну ў афіцыйнай газеце Аляксандра Лукашэнкі.
25.01.2022 / 14:57
Украіна ў расповедах «СБ. Беларусь сегодня» выглядае галотнай, галоднай, прадажнай і пад вонкавым кіраваннем краінай. «Нічога свайго няма». Ды і «ўкраінскай дзяржавы як такой больш не існуе».
«Украіна ўжо распрадала амаль усё. На вачах бяднеюць і транзітныя ніткі прадуктаправодаў. Хутка раскупяць зямлю, ужо можна. Нічога свайго няма, затое зброі — валам. Плюс грамадзянскія канфлікты. З Украіны метадычна і мэтанакіравана робяць еўрапейскае Самалі», — піша выданне.
«Самалі ‒ гэта не ў крыўду, гэта азначэнне», — удакладняе аўтар.
«Вакол разруха, поўна зброі, бандзюкі пануюць, «цывілізаваны свет «падкідвае дроўцаў», — папракае аўтар заходнія краіны, што тыя дапамагаюць зброяй Украіне, якая пазбавілася Крыма і ўжо восем гадоў ваюе не на суседскай тэрыторыі.
Больш за ўсё дастаецца «англасаксам», якія «гатовыя ваяваць за свой сусветны парадак чужымі, як заўсёды, рукамі».
«Бітыя жыццём і таму паразумнелыя немцы захоўваюць розум халодным. Англасаксы ж, як заўсёды, збіраюцца ваяваць чужымі рукамі. Чужымі жыццямі».
Не засталася без увагі і магчымасць стварэння траістай восі паміж Лонданам, Варшавай і Кіевам.
«Пакінем пакуль у баку, хто ў новай восі прэтэндуе на ролю Японіі, хто ‒ Італіі, а хто — Гітлера», — быццам не падазрае аўтар, што ў шмат каго наўпрост процілеглыя аналогіі.
У іншым артыкуле гэтага ж выдання ўкраінцы выступаюць «бесхрыбетнымі суседзямі», якіх «Штаты і Захад рыхтуюць да немінучай гібелі».
«Вам кажуць: забі брата, а вы? Рады?» ‒ у некалькіх словах аўтару ўдаецца змясціць максімум фантазій.
Выданне не абмяжоўвае сябе ў метафарах, эпітэтах, абразах.
«Цяпер асабліва прыкметна, што спрабуюць знішчыць усходнеславянскі праваслаўны этнас, куды ўваходзяць беларусы, рускія і ўкраінцы. Знішчыць праз апошніх, так прасцей.
Украіна, дакладней тое, што ад яе засталося, даўно стала для іх гарматным мясам, з дапамогай якога вырашаюць выключна свае праблемы. Мяса не супраціўляецца, яно пакорлівае».
«Украінскай дзяржавы як такой больш не існуе. У вярхах проста перастаўляюць адну марыянетку замест іншай. Суцэльныя фрыкі, накшталт Клічко, і ўзроўнем ніжэйшыя. Дзяржавы няма».
«Адукацыя, культура, традыцыі, гісторыя… а іх таксама няма, засталася пародыя».
Пасля такой «братазабойчай» вербальнай атакі, аўтар нагадвае, хто Украіне на самай справе сябар.
«Хіба брацкія народы вас не папярэджвалі? Не ўгаворвалі, не працягвалі руку дапамогі? А вы яе — па локаць ды ў душу плюнулі. Цяпер, значыць, у вас Расія «агрэсіўна пагражае».
«Вас жа на забой рыхтуюць тыя, каго вы лічыце сябрамі. Агульнавядомы факт: заходняя цывілізацыя будуецца на татальным падмане, зломе і знішчэнні».
«Галоўнае пытанне укруладам: які вынік патрэбны вам? Вы сапраўды ўсё яшчэ лічыце, што падчас і пасля вайны Украіне і ўкраінцам стане лепш, наступіць эра росквіту?.. Так, ЗША, Брытанія, Аўстралія і Германія ўжо абвясцілі аб эвакуацыі супрацоўнікаў амбасад на Украіне.
А ты ваюй, украінец, дурачок», — рэзюмуе аўтар.