Лукашэнка расказаў, што ЗША папярэдзілі Мінск пра тое, якім будзе адказ у выпадку нарошчвання расійскай прысутнасці ў Беларусі
«Літаральна суткі таму да мяне давялі пагрозлівую пазіцыю Дзярждэпа ЗША», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 24 студзеня.
24.01.2022 / 12:25
«Літаральна суткі таму да мяне давялі пагрозлівую пазіцыю Дзярждэпа ЗША, — цытуе яго словы БЕЛТА. —
Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, дазволіце гэта, то мы ўвядзем санкцыі. Калі вы гэтую ядзерную зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэта.
Разумееце, ментарскі нейкі тон у дачынені да Беларусі. Дык вось я хачу звярнуць іх да таго, што я сказаў у Лунінцы. Думаю, не трэба нічога тут дадаваць. Нам не трэба ніякай вайны. Але гэтыя ж амерыканцы рукамі палякаў, латышоў і самі асабіста падштурхоўваюць нас да гэтых вось дзеянняў. Мы былі донарам бяспекі ў рэгіёне. Нас заўсёды шанавалі за гэта. Навошта вы нас у 2020 годзе штурхаеце і робіце агрэсарамі, па іх тэрміналогіі. Навошта гэта трэба было? А сёння яны нам пагражаюць», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Захаду і, у прыватнасці, Еўрасаюзу трэба ў першую чаргу звярнуць увагу на свае дзеянні.
«Навошта Еўрапейскі саюз згарнуў супрацоўніцтва па лініі пытанняў мяжы? Яны ж згарнулі гэтае супрацоўніцтва. Гэта ж не мы пайшлі на гэтую эскалацыю адносін. Мы проста па факце рэагавалі. Таму дзейнічаць будзем у інтарэсах нашай дзяржавы, што б нам ні казалі, як бы нас ні палохалі», — дадаў Лукашэнка.