«Мы восьмы год ваюем і прывыклі». Што ва Украіне думаюць пра магчымае расійскае і беларускае ўварванне?

Вось ужо некалькі месяцаў напружанай застаецца сітуацыя на ўкраінска-расійскай мяжы. Расія сабрала вакол украінскіх межаў аграмадную вайсковую групоўку і перакінула самыя сучасныя наступальныя ўзбраенні, ад танкаў да «Іскандэраў». Адбываецца гэта на фоне складаных перамоваў Масквы і Вашынгтона, на якіх Расія патрабуе ад Захаду так званых «гарантый бяспекі». Але пакуль на Захадзе тэма Украіны не сыходзіць з першых палос газет, сама Украіна паказвае стойкі спакой і адсутнасць панікі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце заклікаў украінцаў не панікаваць, абяцаў вясну, лета, восень, зіму, шашлыкі і свой новы навагодні зварот. Разбіраемся, ці гатовая ўкраінская дзяржава да расійскага ўварвання, чаму ўкраінскія палітыкі ў гэты час занятыя ўнутранымі разборкамі, а таксама чаго чакаць ад патэнцыйнай вайны беларусам, у тым ліку тым, якія знаходзяцца ва Украіне.

23.01.2022 / 17:53

Украінскія вайскоўцы. Фота: Мінабароны Украіны.

Сітуацыя ва ўкраінскіх гарадах знешне застаецца спакойнай, таму вельмі цяжка сказаць па візуальнай карцінцы, наколькі ўкраінскія цывільныя і ваенныя службы гатовыя на выпадак поўнамаштабнага ўварвання. Ці ёсць у іх план дзеянняў, ці будзе адпаведная якасная каардынацыя? Мы спыталі ў публіцыста, удзельніка расійска-ўкраінскай вайны і экс-чыноўніка Станіслава Бязушкі. 

Усе ўкраінскія камандзіры і афіцэры прайшлі баі, бралі непасрэдны ўдзел у вайне, тлумачыць Станіслаў Бязушка, які і сам ветэран.

«Я больш, чым упэўнены, што з гэтым не будзе абсалютна ніякіх праблем, таму што ў нас зараз вельмі адэкватны і прытомны міністр абароны і яго намеснікі. У нас з новага года змянілася ўсё камандаванне Узброеных сілаў, галоўнакамандуючы, начальнікі штабоў. Усе гэтыя афіцэры прайшлі баі, бралі непасрэдны ўдзел у вайне, адпаведна, яны ведаюць, як усё працуе. Ёсць поўны давер і падтрымка падначаленых. Батальёны тэрытарыяльнай абароны таксама разгортваюцца. Кіраўнікі альбо ўжо прыступілі, альбо ў найбліжэйшыя дні прыступаюць да выканання сваіх абавязкаў. Атрымалі тэхніку, зброю, залучаюць людзей», — кажа ён. 

Украінскія вайскоўцы. Фота: Мінабароны Украіны.

Спадар Бязушка бачыць толькі адну галоўную праблему — пастаяннае накручванне ў інфармацыйным полі, праз якое людзі нервуюцца і стрэсуюць. 

«А так усё гатова. Там, дзе органы мясцовага самакіравання маюць адказваць за публікацыю інфармацыі пра месца сховішчаў, яны гэта робяць, публікуюць інфармацыю. Адзінае, што, магчыма, не ўсе органы мясцовага самакіравання ўсведамляюць рызыкі пагрозы. І некаторыя робяць гэта павольна і даволі кепска камунікуюць з людзьмі», — працягвае ён.

«Мы гатовыя да вайны, мы можам ваяваць, і мы гатовыя даваць паўнавартасны адказ расіянам у выпадку чарговай агрэсіі», — кажа публіцыст і ўдзельнік вайны.

Уладзімір Салаўян, прадстаўнік New Geopolitics Research Network, кажа, што палітычнае кіраўніцтва, вайсковае камандаванне, спецыяльныя службы назапасілі значны вопыт супрацьдзеяння выклікам бяспекі за гады гібрыднага супрацьстаяння з Расіяй.

«Гаворка не толькі пра баявыя дзеянні на Данбасе. Дзейнасць расейскіх спецслужбаў пастаянна трымае ў тонусе айчынны сектар бяспекі і абароны.

Акрамя таго, уварванне статысячнай групоўкі краіны-агрэсара не можа адбыцца знянацку — гэтаму будзе папярэднічаць пэўны перыяд (прынамсі некалькі тыдняў) падцягвання груповак арміі Расіі да ўкраінскіх межаў. Ва ўмовах пастаяннага маніторынгу сітуацыі такія актыўнасці ўтаіць практычна немагчыма. Таму сітуацыя, пры якой кіраўніцтва краіны будзе заспета расійскім уварваннем знянацку, з'яўляецца даволі малаімавернай», — кажа эксперт.

Чаму падчас пагрозы паўнамаштабнай вайны ўкраінскія эліты занятыя разборкамі між сабой?

Любога чалавека, які паглядзіць на сённяшнюю Украіну, можа ўразіць, наколькі не адпавядаюць настроі ўкраінцаў панічнаму тону заходняй прэсы і палітыкаў, якія падазраюць Маскву ў падрыхтоўцы поўнамаштабнага ваеннага ўварвання.

На вуліцах украінскіх гарадоў няма ніякай панікі, людзі не скупляюць запалкі і грэчку, а занятыя сваім звычайным жыццём і завяршаюць святкаванне галоўных зімовых святаў. Вядома, людзі ў курсе пра расійскія войскі на мяжы, і расійскую пагрозу лічаць абсалютна рэальнай, але не больш за тое.

Ніякага панікёрства няма і ў інфармацыйнай прасторы. У медыя розных алігархічных груп тэма патэнцыйнага расійскага ўварвання застаецца важнай, але не дамінантнай. У жывым эфіры тэлебачання паказваюць скандальнае вяртанне экс-прэзідэнта Пятра Парашэнкі і суд з яго ўдзелам — цяперашняя ўлада падазрае яго ў дзяржаўнай здрадзе. Здаецца, многім украінцам цяпер цікавей назіраць за ўнутрыпалітычнымі разборкамі, чым за агрэсіўнымі манеўрамі расійскіх войскаў. У чым жа прычына? 

Украінскія вайскоўцы. Фота: Мінабароны Украіны.

Вось што тлумачыць палітычны эксперт Аляксей Рагавік, кіраўнік аналітычнага цэнтра Free Voice:

«Ва Украіне рэальнасць вайны зразумелая большасці ў грамадстве не першы год. Мы штодня сутыкаемся з інфармацыяй аб загінулых воінах і абстрэлах. Ёсць разуменне таго, што новыя акты расійскіх уварванняў магчымыя кожны дзень і гэта разуменне ў нас ёсць не адзін год. На жаль, да гэтага адчування нам прыйшлося прывыкнуць і быць гатовымі.

Таму інфармацыя аб рызыцы ўварвання ў грамадстве ўспрымаецца сур'ёзна, але не як нешта новае, не так востра, як у заходніх грамадствах, якія час ад часу падзабываюць, што вайна, агрэсія Расіі супраць Украіны нікуды не знікала, а Данбас, Крым не пераставалі быць акупаванымі Расіяй. Таксама мы разумеем, што ваенны шантаж з'яўляецца складнікам геапалітычнага ціску на Захад і Украіну для перагаворных і іншых уступак, у прыватнасці, у кантэксце ціску на Украіну адносна выканання так званых Мінскіх дамоўленасцяў.

Гэта не першы выпадак такога шантажу з-за ваенных пагроз з боку Расіі. Адзіная розніца ў тым, што маштабы непрымальных ультыматумаў Расіі глабальныя і тычацца не толькі Украіны, але і НАТА, дзяржаў Усходняй Еўропы», — кажа спадар Рагавік.

Розніца ў тым, што цяпер ультыматум Расіі глабальны і тычыцца не толькі Украіны, але і НАТА, дзяржаў Усходняй Еўропы, кажа ўкраінскі эксперт Аляксей Рагавік.

На думку эксперта, інфармацыя аб патэнцыйным маштабным уварванні прысутнічае ў парадку дня краіны, ёсць вострыя палітычныя дыскусіі адносна гатоўнасці Украіны сярод палітыкаў і СМІ.

«Журналісты і грамадскія дзеячы ставяць яшчэ больш пытанняў да дзеянняў, якія ў гэтых умовах здзяйсняе ўкраінская ўлада. Як улада, так і СМІ спрабуюць тут вытрымаць пэўны баланс, каб не сеяць панічных настрояў, якія не прыносяць карысці ні эканамічнай стабільнасці, ні гатоўнасці краіны да адпаведных падзей, а ўнутраная дэстабілізацыя з'яўляецца адной з мэтаў Расіі», — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтра.

Менавіта таму, на думку эксперта, Украіна сутыкаецца з энергетычным шантажом, кібератакамі і тэлефоннымі «мініраваннямі» з боку Расіі, што разам з нагнятаннем пра ўварванне ўжо негатыўна ўплывае на курс грыўні і эканоміку агулам.

«Прэзідэнт Зяленскі нядаўна звярнуўся да ўкраінскага народа з нагоды патэнцыйнага ўварвання і адказаў на пытанне, адпаведны запыт грамадства. Акрамя абаронных захадаў ва ўрадзе ўжо распрацаваныя і апублікаваныя спецыяльныя брашуры па паводзінах у выпадку надзвычайнай сітуацыі або вайны, працягваецца развіццё інстытута тэрытарыяльнай абароны і іншыя мерапрыемствы», — мяркуе эксперт.

Украінскія вайскоўцы. Фота: Мінабароны Украіны.

На думку спадара Рагавіка, ва ўкраінскім грамадстве і часам ва ўладзе ёсць разуменне, што вайна не павінна быць падставай для адкладання рэформаў, прыцягнення да адказнасці ў рэзанансных крымінальных справах. Супрацьдзеянне прарасійскім, карупцыйным або алігархічным сілам нельга спыняць.

«Усё гэта мае палітычныя наступствы ў выглядзе розных працэсаў, дыскусій, якія могуць быць успрынятыя як палітычныя разборкі. Вайна не павінна адмяняць у гэтай сітуацыі ўнутраны парадак дня, але толькі з папраўкай, што трэба мінімізаваць тое, што можа быць выкарыстана агрэсарам супраць нашай нацыянальнай бяспекі. Адназначна лішнім у гэтай сітуацыі з'яўляецца шоу-барацьба за ўладу любымі метадамі або правакаванне ўнутраных сілавых супрацьстаянняў улады і апазіцыі. У такія перыяды найлепшым з'яўляецца яднанне ўсіх сілаў», — канстатуе аналітык.

Фота: Мінабароны Украіны.

Нічога дзіўнага ў цяперашняй сітуацыі не бачыць публіцыст і ўдзельнік вайны Станіслаў Бязушка. Ён мяркуе, што ўкраінскія палітыкі часта ставілі ўласныя інтарэсы вышэй за дзяржаўныя і раней.

«Так яны паводзілі сябе і ў 2014 годзе, і ў 2015 годзе, і штогод. Яны заўсёды ставяць у прыярытэт сваю палітычную дзейнасць і свой прыход да ўлады. Яны лічаць, што хтосьці дзесьці за нас мае вырашыць. Гэта такая безадказнасць украінскіх палітыкаў. На нас нападалі: было Дэбальцава, быў Ілавайск, яны працягвалі казаць пра тое, хто добры, а хто кепскі», — кажа спадар Бязушка.

«Таксама трэба ўлічыць, што для Еўропы і для свету чарговая вайсковая эскалацыя становіцца чымсьці новым, нейкай трагедыяй. А мы восьмы год ваюем. Мы проста маем гэты імунітэт да вайны. Мы прывыклі, што ў нас пастаянна пра гэта гавораць. Мы прывыклі да страт, да таго, што ідуць баі, што можа нешта здарыцца, таму мы на гэта рэагуем не так, як у Еўропе», — кажа публіцыст і ўдзельнік вайны.

Таксама спадар Бязушка лічыць, што заходняя прэса не ўлічвае некаторыя важныя моманты. Нагадаем, спачатку амерыканскія выданні паведамілі аб перакідванні расійскіх войскаў да ўкраінскай мяжы: The Washington Post 31 кастрычніка напісала аб засяроджванні войскаў, а Politico апублікавала фота ад 1 лістапада ў пацвярджэнне гэтага.

Фота: Мінабароны Украіны.

11 лістапада Bloomberg напісаў, што ЗША паведамілі саюзнікам з Еўрасаюза аб тым, што Расія можа планаваць ўварванне ва Украіну, улічваючы ўзмацненне напружанасці з-за мігрантаў і праблем з пастаўкамі энергарэсурсаў.

Паводле звестак нямецкага выдання Bild, Расія разглядае план захапіць дзве траціны тэрыторыі Украіны, уключна з Кіевам.

«Bild не ўлічыў, што гэтыя войскі і так знаходзяцца на гэтай тэрыторыі ўжо больш, чым паўтара года, не ўлічылі кіламетражы. Тыя, хто не ўмее крытычна мысліць, натуральна, пачалі мітусіцца. Але, увогуле, з другой паловы снежня ўкраінская разведка і Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны проста нашмат лепш сталі камунікаваць, даваць больш інфармацыі», — кажа ўдзельнік вайны.

На яго думку, найбольшую напружанасць ва Украіне ствараюць палітыкі, якія хочуць скарыстацца цяперашняй сітуацыяй. З аднаго боку ўлада, якая кажа, што кепская апазіцыя нагнятае абстаноўку. З іншага боку апазіцыя, якая кажа, што ўлада прадае Украіну. 

«Гэта ў нас было, ёсць, і, на жаль, напэўна, будзе і далей», — кажа спадар Бязушка.

Ці вераць украінцы ў поўнамаштабнае ўварванне?

З 2014 года ўкраінцы жывуць у пастаянным асэнсаванні таго, што расійскія войскі ў любы момант могуць пачаць не проксі, а шырокамаштабную вайну, з выкарыстаннем авіяцыі і акупацыяй значнай часткі тэрыторыі. Але наколькі цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад папярэдніх? Ці сапраўды пагроза поўнамаштабнага ўварвання цяпер большая?

Фота: Мінабароны Украіны.

«На жаль, мы не можам разумець, што адбываецца ў галаве Уладзіміра Пуціна, не можам быць упэўненыя ў ягонай рацыянальнасці, і гэтым можна патлумачыць прэвентыўныя заявы і крокі нашых заходніх партнёраў. Расія выйшла на беспрэцэдэнтны градус ваенных пагроз,

якія ператварыла ў непрымальныя ўльтыматумы, якія ператварыліся ў міжнародныя кансультацыі і перамовы з ЗША і НАТА. Магчыма Расія не будзе прадпрымаць рэальных мер, акрамя спробаў дэстабілізацыі Украіны, па-першае, пакуль ідзе перамоўны працэс з Захадам як фактар стрымлівання і ў іх ёсць надзея на рэанімацыю Мінска-2 у нованармандскім фармаце, па-другое, да завяршэння кітайскай алімпіяды 20 лютага, а таксама, па-трэцяе, усё ж наша армія з'яўляецца досыць моцнай для стварэння Расіі вялікіх праблем у выпадку ўварвання, а нашы заходнія партнёры прадэманстравалі шмат патэнцыйных мер супраць Расіі. Хацелася б верыць, што ўсе гэтыя фактары разам адцягнуць новую пагрозу.

Але з Расіяй мы ніколі і ні ў чым не можам быць упэўненыя, бо нават подпісы Расіі пад дакументамі бяспекі ўжо не раз станавіліся такімі, што нічога не гарантуюць», — кажа аналітык Аляксей Рагавік.

Фота: Мінабароны Украіны.

Эксперт Уладзімір Салаўян мяркуе, што сярод украінскага грамадства пакуль што няма адзінай пазіцыі па ацэнцы сітуацыі.

Сацыялагічныя апытанні ў канцы мінулага года паказалі, што каля паловы рэспандэнтаў лічаць рэальнай перспектывай пагрозу ўварвання Расіі ва Украіну. Пры гэтым больш за 40% не бачаць у сітуацыі значных рызык. Чаму ж так?

«Першы аспект — стомленасць ад вайны значнай часткі грамадства. Гэты ход грамадскай думкі сфарміраваны стратай адчування прысутнасці вайны ў паўсядзённым жыцці большасці ўкраінцаў. Больш за тое, частыя спецаперацыі расейскіх спецслужбаў (кібератакі, эпідэмія тэлефонных «мініраванняў» і гэтак далей) сталі настолькі частай, нават штодзённай з'явай, што ў часткі грамадства з'явіўся «імунітэт» да алармісцкіх паведамленняў адносна расійскай пагрозы.

Урэшце, не варта адкідваць фактар інфармацыйнага ўплыву прарасійскіх медыя, дзейнасць якіх накіравана на дыскрэдытацыю ўкраінскай улады і навязванне міфалагемы аб «знешнім» кіраванні дзяржавай», — кажа аналітык.

Уладзімір Салаўян мяркуе, што вайна — адзін з імаверных сцэнарыяў, які ляжыць на стале Пуціна.

«Зрэшты, я лічу, што ў найбліжэйшай перспектыве, па меншай меры найбліжэйшых месяцаў Расія не рашыцца на прамое ўварванне», — кажа эксперт.

Мэтай цяперашняй эскалацыі з боку Расеі з'яўляюцца прамыя перамовы з Захадам, з Вашынгтонам, мяркуе ён.

Што ж на самай справе ўтоена пад маскай расійскіх пагроз і запалохванняў?

Фота: Мінабароны Украіны.

«Думаю, варта ўважліва сачыць за ходам перамоваў. Па стане на сёння мы можам разглядзець першыя парасткі кампрамісу.

Ён уключае дамоўленасці ў сферы кантролю над узбраеннямі, а таксама ўзаемныя абмежаванні на размяшчэнне ракет у Еўропе, прагляд інтэнсіўнасці вучэнняў НАТА па-за тэрыторыяй арганізацыі, у прыватнасці ва Украіне, павышэнне ўзроўню транспарэнтнасці.

Здаецца, заходнія эліты не збіраюцца ахвяраваць асноватворнымі прынцыпамі НАТА, а кампраміс магчымы толькі пры ўмове ўзаемных саступак.

Таму Крамлю прыйдзецца альбо пагадзіцца на прапанаваны ў адказ пакет дамоўленасцей, альбо прызнаць сваё дыпламатычнае фіяска. Калі кіраўніцтва Расіі абярэ другі шлях — расце пагроза разгортвання вайсковай інфраструктуры Расіі ў Беларусі і ўзмацнення ціску на Кіеў праз абвастрэнне баявой абстаноўкі на Данбасе.

Што тычыцца поўнамаштабнага ўварвання, то гэты сцэнар утрымлівае шэраг істотных пагроз для Крамля, — па-першае, санкцыі калі не разбуральныя, то, без сумневу, надзвычай балючыя для расейскай эканомікі; па-другое, наяўнай паблізу ўкраінскай мяжы групоўкі войскаў Расіі недастатковая для забеспячэння акупацыйнага рэжыму ва ўмовах актыўнага партызанскага руху, а нарошчванне сіл уварвання абавязкова прывядзе да паслаблення стратэгічных пазіцый на іншых важных для Масквы кірунках; па-трэцяе, расійскае грамадства не гатовае да значных вялікіх страт і рэзкага пагаршэння ўзроўню жыцця.

Вайна з Украінай не ўпісваецца ў фармат «маленькай пераможнай»

і пры гэтых абставінах, цалкам верагодна, прывядзе да падзення рэйтынгу ўлады. У рэшце рэшт, люты — месяц правядзення зімовай Алімпіяды ў Пекіне. Наўрад ці Масква адважыцца пераключыць увагу ўсяго свету з Кітая на падзеі ва Украіне. У свой час Майдан сапсаваў Крамлю «паслясмак» сочынскай Алімпіяды. Пуцін выдатна разумее пікантнасць сітуацыі», — кажа Уладзімір Салаўян.

Фота: Мінабароны Украіны.

Чаго чакаць беларусам?

Абвастрэнне сітуацыі на расійска-ўкраінскай мяжы супала з беларуска-расійскімі вучэннямі.

Як распавёў Лукашэнка, ваенныя адпрацуюць «пэўную задуму ў супрацьстаянні з сіламі захаду (Балтыя і Польшча) і поўдня (Украіна)». 

Мяркуючы па фота і відэа ў сацсетках, расійская тэхніка стала лагерамі з беларускага боку непасрэдна ля межаў Украіны. Тэхніку заўважылі ў многіх раёнах Гомельскай і Брэсцкай абласцей, дзе няма палігонаў, заяўленых для вучэнняў.

Фота: Мінабароны Украіны.

Дзярждэпартамэнт ЗША адкрыта заявіў, што разглядае перамяшчэнне расійскіх вайскоўцаў у Беларусь як магчымую падрыхтоўку да ўварвання ва Украіну.

«Паведамленні аб рухах расійскіх войскаў у кірунку Беларусі, якія, як мяркуецца, ажыццяўляюцца пад прыкрыццём рэгулярна запланаваных сумесных ваенных вучэнняў, выклікаюць непакой. Выбар часу адметны, і, вядома, выклікае асцярогі, што Расія можа размясціць войскі ў Беларусі пад выглядам сумесных ваенных вучэнняў, каб, магчыма, напасці на Украіну з поўначы», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпа ЗША.

Ці ўспрымаюць ва Украіне нападзенне расіян з тэрыторыі Беларусі магчымым варыянтам? Калі такое ўварванне адбудзецца, чаго чакаць беларускім палітычным дысідэнтам і бежанцам, якія знаходзяцца ва Украіне? Іх будуць успрымаць як патэнцыйных саюзнікаў, ці ў першую чаргу як прадстаўнікоў варожай Украіне дзяржавы з недаверам і насцярожанасцю?

«Уварванне з тэрыторыі Беларусі, па прычыне нейкай правакацыі з боку «ўлады» ў Беларусі, разглядаецца як адзін з патэнцыйных сцэнарыяў ўварвання. На працягу ўжо доўгага часу мы бачым, што Аляксандр Лукашэнка выконвае ўсе міжнародныя капрызы Пуціна, ад міграцыйных аперацый супраць Еўропы да прапагандысцка-ілжывых заяў і дзеянняў супраць Украіны», — мяркуе аналітык Аляксей Рагавік.

Фота: Мінабароны Украіны.

На думку эксперта, ва Украіне аддзяляюць пазіцыю лукашэнкаўцаў ад пазіцыі беларускага народа.

«Украіна заўсёды будзе ўспрымаць саюзнікамі ўсіх, хто будзе стаяць на пазіцыях павагі да нормаў міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Украінцы выдатна адрозніваюць дзеянні Лукашэнкі і пазіцыю беларускага народа і беларусаў, якім давялося ўцякаць ад дыктатарскага і прарасійскага рэжыму Лукашэнкі. Беларускім палітычным дысідэнтам і бежанцам ад Украіны ніколі не будзе ніякіх пагроз. Мы саюзнікі ў барацьбе за правы чалавека, свабоду народаў, дэмакратычныя пераўтварэнні. Пагрозы ў гэтай сітуацыі ёсць толькі ад расійскага агрэсара і залежнага ад яго Лукашэнкі», — кажа спадар Рагавік.

«Ва Украіне яшчэ два гады таму дастаткова пазітыўна ўспрымалі Лукашэнку, але зараз зусім іншая сітуацыя.

Я сур’ёзна стаўлюся да таго, што агрэсія можа быць з тэрыторыі Беларусі. Але я лічу, што яна можа быць не на тэрыторыі Кіеўскай вобласці, як кажуць многія, бо гэта нелагічна. Магчыма, што ўдары адбудуцца па тэрыторыі Валыні. Да гэтага рыхтуецца ўкраінская армія, Нацыянальная гвардыя. Мы гатовыя да гэтага», — кажа удзельнік расійска-ўкраінскай вайны, публіцыст і экс-чыноўнік Станіслаў Бязушка.

Фота: Мінабароны Украіны.

Беларускую армію ва Украіне ўспрымаюць як адзін арганізм з расійскай. Адпаведным будзе і стаўленне ў выпадку агрэсіі з тэрыторыі Беларусі. Але беларусаў як народ, беларусаў як людзей украінцы ад цяперашняга рэжыму адрозніваюць, пакуль што.

На думку Бязушкі, беларусам, што знайшлі прытулак ва Украіне, нічога не пагражае.

«Мы дакладна разумеем, што тыя беларускія дысідэнты, якія сёння ва Украіне, не маюць ніякага дачынення да таго, рэжыму, які стварыў Лукашэнка», — кажа публіцыст.

«У маім атачэнні, журналістаў і экспертаў, ніхто дакладна да іх не будзе негатыўна ставіцца. Хаця і магчымыя асобныя палітычныя правакацыі для таго, каб стварыць дадатковы канфлікт, каб даць Лукашэнку дадатковыя аргументы», — кажа Станіслаў Бязушка. 

Брытанія адправіла Украіне 2000 адзінак супрацьтанкавай зброі

Ваяваць з Украінай — вар'яцтва. Дзяржсакратар Блінкен звярнуўся да грамадзян Расіі

Максім Маханькоў