Жанчына на чыгуначным вакзале ў Мінску расцягнула пажарны рукаў, каб памыць рукі, і атрымала два месяцы турмы
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска асудзіў жанчыну, якая ўначы на 4-м паверсе лесвіцы службовага выхаду вакзала дастала з пажарнай шафы рукаў, які расцягнула па лесвіцы да 2-га паверха, пасля чаго адкрыла пажарны кран.
20.01.2022 / 14:19
У выніку вада заліла інжынерна-тэхнічныя канструкцыі будынка, прычыніўшы шкоду на 407 рублёў 53 капейкі, піша mlyn.by.
Але гэта не канец: пасля ў прыбіральні цокальнага паверха жанчына паўтарыла трук, але не паспела ўключыць ваду.
Жанчына віны не прызнала і сказала, што хацела памыць рукі.
У выніку яе асудзілі за хуліганства, арыштаваўшы на два месяцы. Таксама яе будуць лячыць ад алкагалізму і наркаманіі.