Каранавірус дабраўся да найвышэйшай іерархіі БПЦ. Сярод захварэлых і мітрапаліт Веніямін
Як мінімум у трох епіскапаў Беларускай Праваслаўнай Царквы пацверджана захворванне на COVID-19, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».
19.01.2022 / 20:57
Епіскапы БПЦ падчас службы ў Жыровіцкім манастыры 12 студзеня 2022 года.
Сярод захварэлых і сам мітрапаліт Веніямін. Ён сёння не ўдзельнічаў у мерапрыемствах з нагоды Вадохрышча, што ўскосна пацвярджае інфармацыю канала.
Тыдзень таму Веніямін удзельнічаў у мерапрыемствах разам з Лукашэнкам, калі той прызнаўся, што мае кавідную пнеўманію.
Таксама пацверджаныя захворванні ў аднаго з самых заслужаных архірэяў БПЦ 77-гадовага архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана і епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла.
Акрамя таго, сімптомы COVID-19 назіраюцца ў архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя.
Апошні раз разам епіскапы служылі тыдзень таму, 12 студзеня ў Жыровіцкім манастыры на дзень памяці мітрапаліта Філарэта, які памёр год таму ад каранавіруса. Антыкавідных мераў засцярогі ў храме тады не трымаліся.