Суд над Сафіяй Сапегай пройдзе ў Гродне
Дата разгляду яшчэ не прызначаная, адзначылі ў прэс-службе Вярхоўнага суда.
14.01.2022 / 10:03
Паводле інфармацыі Генпракуратуры, абвінавачаная сумесна з іншымі асобамі, у тым ліку замежнымі грамадзянамі, «стварыла і адміністравала шэраг тэлеграм-каналаў. Іх дзейнасць была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейснай улады Беларусі і яе праваахоўнага блока, распальванне сацыяльнай варожасці, а таксама арганізацыю злачынстваў у дачыненні да асобных катэгорый грамадзян».
Паведамляецца, што такім чынам былі размешчаныя персанальныя звесткі не менш чым 238 чалавек: работнікаў міліцыі, пракурора, суддзяў, некаторых дзяржслужачых, журналістаў.
У выніку дзяўчыне выстаўленае абвінавачванне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Сафія Сапега была затрыманая 23 мая разам з Раманам Пратасевічам пасля пасадкі ў Мінску рэйса Ryanair Афіны — Вільня. Яна напісала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.