З'явілася ВІДЭА падрыву міліцэйскай машыны ў Мінску. Што вядома пра гэта?
Здарэнне адбылося ў ноч з 7 на 8 студзеня недалёка ад будынка Цэнтральнага РУУС Мінска. Пра гэта журналістам сёння паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. Міліцыя затрымала падазраванага.
13.01.2022 / 18:52
Раней інфармацыя пра інцыдэнт была толькі ў тэлеграм-каналах, афіцыйных каментароў не было.
Затрыманаму мужчыне, паводле следчых, 45 гадоў, ён раней не судзімы і нідзе не працуе, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў і парушэнне правілаў дарожнага руху. Прозвішча яго не называецца, фота таксама пакуль што не публікуюцца.
Дзеянні падазраванага кваліфікуюцца па арт. 289 (акт тэрарызму, учынены паўторна) Крымінальнага кодэкса.
Здаецца, гэта першы выпадак падрыву машыны сілавікоў. Раней у 2020 і 2021 гадах часам спальвалі машыны людзей, датычных да фальсіфікацыі выбараў і палітычных рэпрэсій, а таксама аблівалі фарбай і прабівалі колы.
Усяго за перыяд 2020—2021 гадоў у Беларусі было больш за 45 тысяч затрыманняў па палітычных матывах, каля 40 тысяч чалавек было звольнена з працы. Ніхто не панёс пакарання і за палітычныя забойствы і выкраданні, у тым ліку Рамана Бандарэнкі, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара.