Казахстан папрасіў дапамогі ў АДКБ. Якія беларускія войскі могуць паехаць разганяць пратэсты?
Вечарам прэзідэнт Казахстана Касым Жамарт Такаеў у сваім выступленні назваў пратэстуючых «тэрарыстычнымі бандамі» і дадаў, што яны бяруць пад кантроль буйныя аб'екты інфраструктуры ў краіне. Такаеў заявіў таксама, што пратэстоўцы захапілі аэрапорт ў Алмаце, а таксама 5 самалётаў, у тым ліку і замежных. Ён назваў падзеі ў Казахстане «знешняй агрэсіяй» і папрасіў дапамогі ў АДКБ.
06.01.2022 / 01:06
Па яго словах, «тэрарыстычныя групоўкі» прайшлі падрыхтоўку за мяжой, менавіта таму, маўляў, Казахстану і патрэбна дапамога ў пераадоленні «тэрарыстычнай пагрозы».
«Зварот да партнёраў па АДКБ лічу дарэчным і своечасовым», — заявіў ён.
Па інфармацыі «Эха Масквы», гаворка ідзе пра ўзгадненне прыбыцця сілавікоў з Расіі і Беларусі для падаўлення пратэстаў.
Каго з беларускіх сілавікоў могуць адправіць у Казахстан, калі Беларусь адгукнецца на просьбу Такаева?
Вайскоўцы 103-й гвардзйскай паветрана-дэсантнай брыгады на вучэннях АДКБ. Фота: Мінабароны
У 2009 годзе на базе АДКБ былі створаныя Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання для супрацьдзеяння надзвычайным сітуацыям, а таксама вайсковай агрэсіі, тэрарызму, арганізаванай злачыннасці і наркатрафіку.
Кожная краіна-удзельніца АДКБ мае сваіх прадстаўнікоў, ад Беларусі гэта 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада, якая размяшчаецца ў Віцебску, яе байцы прымалі ўдзел у вучэннях АДКБ. Таксама брыгада мае міратворчую роту.
Як стала вядома «Нашай Ніве», на дадзены момант байцоў не рыхтуюць да адпраўкі ў Казахстан. Калі гэта і будзе зроблена, то найхутчэй абіраць будуць з кантрактнікаў.
У ліпені 2021-га Таджыкістан прасіў дапамогі АДКБ у ахове мяжы з Афганістанам, калі ўладу там захапілі талібы. Але тады сілы саюзных войскаў не задзейнічалі.
Дапоўнена
Пасля апоўначы стала вядома, што краіны-ўдзельніцы АДКБ усё ж вырашылі накіраваць у Казахстан міратворчыя сілы.