Беларуска, дачка і зяць якой палітвязні, запусціла брэнд рэчаў з казінага пуху Babula. Паглядзіце, як стылёва!
Ганна Канавалава магла б спакойна займацца сваімі любімымі справамі на пенсіі, але яе дачка і зяць — палітвязні. І сама жанчына з’ехала з двума маленькімі ўнукамі ў Польшчу, асцерагаючыся, што іх могуць забраць. Праўда, аднаму са сваіх хобі яна цяпер зможа аддацца напоўніцу: дзякуючы падтрымцы польскіх актывістаў жанчына запусціла ўласны брэнд вязаных з казінага пуху рэчаў BABULA.
04.01.2022 / 16:05
Вось так выглядае лагатып брэнда, створаны, між іншым, на аснове малюнкаў унукаў Ганны.
Гісторыя любові да вязання пачалася на Сахаліне
Дачку Ганны Антаніну і зяця Сяргея Ярашэвіча асудзілі па так званай справе тэлеграм-канала «Армія з народам». Абодва атрымалі па 5,5 года пазбаўлення волі ў калоніі (Антаніна — агульнага рэжыму, Сяргей — узмоцненага).
У Польшчы старэйшы ўнук жанчыны Ваня пайшоў у першы клас варшаўскай спартовай школы, сястра — у мясцовы садок. Улічваючы, што Ганна з унукамі ў чужой краіне адна (муж застаўся ў Беларусі, амаль увесь ягоны заробак сыходзіць на перадачы), фінансава даводзіцца няпроста.
На падмогу Ганне прыйшлі актывісты Польшчы — у прыватнасці, беларуская мастачка Яна Шостак. Дзяўчына дапамагала сям’і адаптавацца ў новай краіне, а спадарыня Канавалава ў якасці падзякі аднойчы падарыла Яне самаробную хустку з казінага пуху.
Гісторыя яе любові да вязання пачалася больш за 30 год таму, калі яны жылі з мужам-афіцэрам на Сахаліне.
«Там былі халодныя зімы, і на дзень народзінаў мне падарылі вялікую пуховую хустку. Яна грэла не толькі мяне, але і маю нованароджаную дачку. Тады я пачала сама вывучаць розныя схемы вязання з пуху», — расказвае жанчына.
Ганна Канавалава і яе хусткі.
«Кожны з каманды хацеў, каб марка была максімальна персаніфікаванай»
Яна Шостак высветліла, што ў Ганны Анатольеўны ўжо назбіралася шмат вязаных рэчаў — яшчэ з часоў жыцця ў Беларусі ды працы з паплечніцамі ў Цэнтры прафесійнай актыўнасці. Так ёй у галаву прыйшла ідэя дапамагчы з продажам «калекцыі».
На запуск брэнда сышло некалькі тыдняў. У назву лягло самае папулярнае слова ў доме Канавалавых на сёння, а лагатып заснаваны на малюнках унукаў — Насці і Вані.
Ганна Канавалава з унукамі.
«Кожны з нашай каманды хацеў, каб марка была максімальна персаніфікаванай, і Ганна Анатольеўна цалкам даверылася нам», — расказвае Яна Шостак.
Асартымент рэчаў складаюць хусткі, рукавіцы, пальчаткі шкарпэткі, сукенкі, понча, накідкі. На днях Ганна Анатольеўна прыняла і першы ўнікальны заказ. Усе грошы з продажаў будуць ісці сям’і Канавалавых і іншым майстрыцам.
«Спадзяемся, што заказаў будзе дастаткова, каб забяспечыць годнае дзяцінства Насці і Ваню»
«Мы гэта робім, каб дапамагчы Ганне Анатольеўне падняцца: уся наша грамадзянская ініцыятыва «Партызанка» пабудаваная на тым, каб падтрымліваць не матэрыяльна, а даваць магчымасць рэалізавацца тым, хто быў вымушаны бегчы. Гэта адзін з прыкладаў падтрымкі рэпрэсаваных, — адзначае Яна Шостак.
— Спачатку, дарэчы, нашай мэтай было проста прадаць тое, што ёсць у наяўнасці. Але ўжо цяпер мы бачым, што людзі з усяго свету пачалі цікавіцца праектам. Спадзяемся, што заказаў будзе дастаткова для таго, каб забяспечыць годнае дзяцінства Насці і Ване, пакуль іх бацькі ў турме. Але нават калі б у нас нічога не атрымалася прадаць, шчыры смех Ганны Анатольеўны падчас нашай фотасесіі ўжо быў бы добрым вынікам: мы радыя, што паднялі ёй настрой і падарылі моманты, падчас якіх яна змагла забыць пра цяжкую штодзённасць у чаканні дачкі і зяця на волі».
Рэчы ад брэнда BABULA прадаваліся ў тым ліку падчас прэм'еры спектакля Івана Вырыпаева «1.8M». Гэта пастаноўка грунтуецца на тэкстах з беларускіх судоў, лістах палітвязняў, інтэрв'ю пацярпелых. Адзін зорны ўдзельнік праекта — акцёр з Беласточчыны Барташ Бяленя, вядомы па ролі крымінальніка Даніэля ў фільме «Цела Божае», падтрымаў брэнд і ў якасці мадэлі.