10 калядных фільмаў, якія варта паглядзець у святы

«Наша Ніва» сабрала для вас падборку найлепшых калядных фільмаў усіх часоў на любы густ, якія зробяць святочныя вечары больш утульнымі.

26.12.2021 / 12:49

«Гэтае цудоўнае жыццё» (1946), ЗША, драма, фэнтэзі

Амерыканскі казачны фільм ад рэжысёра Фрэнка Капры. Ён унікальным чынам сумясціў прыземленую, часта непрывабную штодзённасць рэальнага жыцця з яе адвечнымі праблемамі і побытавай бязладзіцай з чароўным адчуваннем казкі і непераможным, хай і трохі наіўным, аптымізмам.

Галоўны герой Джордж Бэйлі, жыхар невялікага правінцыйнага мястэчка, настолькі засмучаны незлічонымі праблемамі і доўгам перад мясцовым банкірам, што падумвае аб самагубстве напярэдадні Калядаў. Яму з'яўляецца анёл, які дапамагае ўбачыць, якое, насамрэч, важнае яго жыццё.

«Цуд на 34-ай вуліцы» (1994), ЗША, фэнтэзі, рэжысёр Лэс Мэйфілд

Вы не пралічыцеся, вырашыўшы паглядзець гэтае бессмяротнае каляднае кіно пра мужчыну, які сцвярджае, быццам бы ён сапраўдны Санта-Клаўс.

Маленькія дзеці шчыра вераць у цуды і заўсёды з заміраннем сэрца чакаюць самага чароўнага свята ў годзе. А шасцігадовая Сюзан, у якой няма таты, не верыць, што Санта-Клаўс сапраўдны чараўнік. Але цуд адбываецца пасля сустрэчы з Санта-Клаўсам у буйным нью-ёркскім універмагу «Коўл».

«Шчаўкунок і чатыры каралеўствы» (2018), ЗША, прыгоды, фэнтэзі, рэжысёры— Ласэ Хальстром і Джо Джонстан

Непатрабавальнае «сезоннае» кіно, знятае спецыяльна да сезонных свят. Казачныя мелодыі Чайкоўскага, гіганцкія ёлкі, балі і гурбы снегу з лёгкасцю зараджаюць патрэбным настроем.

Атрымаўшы незвычайны падарунак на Каляды, юная Клара адпраўляецца ў захапляльнае падарожжа па загадкавых мясцінах. Але дзяўчыне трэба патрапіць і ў чацвёртае каралеўства, дзе ёй давядзецца сутыкнуцца з цэлай арміяй мышэй на чале з неверагодна небяспечным Мышыным Каралём.

«Дзяўчаты» (1961), СССР, камедыя, меладрама

Савецкі мастацкі фільм, зняты на кінастудыі «Масфільм» у 1961 годзе Юрыем Чулюкіным.

У сібірскі пасёлак прыехала юная кухарка Тося Кісліцына — наіўная і эксцэнтрычная дзяўчына. Яна суне свой нос ва ўсе справы, кожнаму імкнецца дапамагчы. Мясцовы прыгажун Ілля, паспрачаўшыся на Тосю, заводзіць з ёй раман, які суправаджаецца масай камічных сітуацый…

І ўсё гэта пад Новы год!

«Чарадзеі» (1982), СССР, камедыя, мюзікл

Навагодняя музычна-камедыйная двухсерыйная кінаказка рэжысёра Канстанціна Бромберга.

Навагодняя гісторыя аб тым, што сапраўднае каханне можа тварыць цуды. У інстытуце «НУІНУ» (навуковы ўніверсальны інстытут незвычайных паслуг) кіпіць бурная праца па вырабе чароўнай палачкі. Прэзентацыя прызначаная на 31 снежня, у навагодні вечар. Але тут у справу ўступаюць супернікі дырэктара інстытута, якія пераследуюць свае мэты…

«Паўночны вецер» (2021), Расія, драма

Мастацкі фільм рэжысёркі Рэнаты Літвінавай. Стужка «Паўночны вецер» — пра чараўніцтва і дзівосны свет жанчын, якія жывуць у Паўночным полі і мараць аб сапраўдным каханні. У матрыярхальнага клана Паўночных палёў ёсць традыцыя. Кожны Новы год уся сям'я на чале з Маргарытай збіраецца разам, каб апоўначы дачакацца 13-га ўдару гадзінніка, спаліць паперу з напісаным на ёй жаданнем і выпіць попел разам з шампанскім.

Адно з такіх свят запускае ланцужок падзей, якія прывядуць да непазбежнага заняпаду клана.

«Крампус»(2015), ЗША, жахі, камедыя, драма

Да добрых дзяцей прыходзіць Дзед Мароз, да дрэнных і тых, хто не верыць у Дзеда Мароза — Крампус. Ох, і дастанецца гарэзам ад гэтага злыдня. Амерыканскі фільм жахаў рэжысёра Майкла Догерці — гэта гісторыя пра дэмана, які падчас Калядаў вышуквае непаслухмяных дзяцей, каб пакараць іх.

«Крамка за рогам» (1940), ЗША, драма, камедыя

Класічная калядная рамантычная камедыя Эрнста Любіча. Рэжысёр паказвае ў фільме кіраўніка невялікай будапешцкай крамы падарункаў Альфрэда, які спрачаецца з прадаўшчыцай гэтай жа крамы, сімпатычнай дзяўчынай Кларай.

Абодва яны маладыя, самотныя, і абодва спрабуюць знайсці сваё шчасце па аб'явах у газеце. І ён, і яна завязваюць перапіску з невядомымі партнёрамі. Кожны з іх зачараваны, і кожны спадзяецца на рамантычную сустрэчу ў калядны вечар, які павінен вырашыць іх лёс.

«Залатая моладзь» (1989), ЗША, драма, камедыя

Героі дэбютнага фільма Уіта Сцілмана, багацеі і «каралі жыцця» з Верхняга Іст-Сайда, бяспечна скакалі па Манхэтане 1980-х, пакуль да іх у кампанію не зачасаўся юнак з «няправільнага» боку Цэнтральнага парка.

«Прывітанне сям’і» (2005), ЗША, рамантыка, камедыя

Фільм зняты рэжысёрам Томасам Бэзучам, з галівудскімі зоркамі першай велічыні ў галоўных ролях.

У свае сорак гадоў Эверэт Стоўн яшчэ не жанаты. Але вось аднойчы ён прывозіць на калядную сямейную сустрэчу сваю дзяўчыну Мэрэдыт, з якой збіраецца ажаніцца.

Сям'я Стоунаў адрозніваецца шырокімі поглядамі і славіцца сваім узаемаразуменнем. Але на гэты раз яны наадрэз адмаўляюцца прыняць новага чалавека ў сваё кола. Упэўненыя, што Мерэдыт зусім не пара Эверэту, яны катэгарычна супраць гэтага шлюбу. Пара адчайна імкнецца наладзіць адносіны, але усё робіцца яшчэ горш. Ці атрымаецца ў закаханых застацца разам і пры гэтым захаваць цёплыя адносіны са сваякамі?

Nashaniva.com