Генеральны сакратар NATO заклікаў Расію адвесці войскі ад мяжы з Украінай
У Масквы ёсць шанец забяспечыць спакойны перыяд навагодніх святаў, заявіў генеральны сакратар альянсу Столтэнберг. Ён нагадаў аб праве краін самастойна вырашаць, ці імкнуцца ім да сяброўства ў NATO.
23.12.2021 / 09:06
Паўночнаатлантычны альянс заклікаў Расію напярэдадні каталіцкага Раства адвесці свае войскі ад украінскай мяжы і тым самым знізіць напружанасць у рэгіёне. У Масквы ёсць магчымасць забяспечыць усім зацікаўленым бакам мірны і спакойны святочны перыяд, заявіў генеральны сакратар Енс Столтэнберг у інтэрв'ю агенцтву DPA, апублікаваным у чацвер, піша Deutsche Welle.
Па словах Столтэнберга, гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч вайскоўцаў, сабраных каля расійска-ўкраінскай мяжы. РФ ужо звярталася да агрэсіі ў дачыненні да Украіны пры анексіі паўвострава Крым вясной 2014 года, адзначыў генеральны сакратар NATO.
Ён асабліва выдзеліў маштаб нарошчвання сіл і адсутнасць прыкмет яго спынення або запаволення. Столтэнберг не патлумачыў, ці бачыць у перамяшчэнні расійскіх войскаў спробу Масквы дамагчыся саступак ад альянсу па пытаннях бяспекі.
Генеральны сакратар NATO выказаў гатоўнасць да размовы з Масквой у святле яе патрабаванняў «гарантый бяспекі».
У той жа час кіраўнік альянсу адхіліў ідэі аб магчымым непрыняцці ў склад альянсу асобных дзяржаў.
«Мы не можам падвяргаць сумненню права NATO абараняць усіх саюзнікаў, а таксама асноўны прынцып, па якім кожная нацыя мае права выбіраць свой уласны шлях», — падкрэсліў Столтэнберг.