Даследаванні: «Амікрон» мякчэйшы за папярэднія хвалі, людзі радзей трапляюць у бальніцу
Паводле папярэдніх даследаванняў, апублікаваных у Вялікабрытаніі і Паўднёвай Афрыцы, штам амікрон мякчэйшы ў параўнанні з папярэднімі хвалямі, піша BBC.
22.12.2021 / 23:26
У хворых на амікрон імавернасць патрапіць у стацыянар бальніцы на 30-70% меншая, чым у хворых на папярэднія штамы.
Аднак лекары перажываюць, што нават калі амікрон будзе ў сярэднім мякчэйшым, яго хуткае распаўсюджванне і высокая колькасць выпадкаў захворвання можа выклікаць высокую нагрузку на бальніцы.
Даследаванне, праведзенае ў Шатландыі, адсочвала каранавірус і колькасць людзей, якія апынуліся ў бальніцы.
У даследаванні паведамляецца, што калі б амікрон паводзіў сябе як дэльта, то 47 чалавек ужо былі б шпіталізаваныя. На гэты момант іх усяго 15.
Такім чынам патрэбнасць у стацыянарнай дапамозе скарачаецца на 2/3.
Іншае даследаванне, праведзенае ў Паўднёвай Афрыцы, таксама зазначае, што хваля амікрона мякчэйшая.
Людзі на 70-80% радзей маюць патрэбу ў стацыянарным лячэнні ў параўнанні з іншымі хвалямі.
Даследаванне амікрона, праведзенае Імперскім каледжам Лондана, адзначае, што мутацыі амікрона зрабілі яго больш мяккім вірусам за дэльту.
Амікрон больш мяккі не толькі з-за сваіх уласцівасцяў, але і з-за таго, што ўжо многія людзі набылі натуральны імунітэт альбо былі вакцынаваны.
Універсітэт Ганконга выявіў, што амікрон хутчэй заражае дыхальныя шляхі, але горш пранікае ў глыбокія тканкі лёгкіх, дзе ён можа нанесці большую шкоду.