Памёр анколаг Эдвард Жаўрыд
На 83-м годзе пайшоў з жыцця вядомы вучоны-анколаг, даследчык, доктар медыцынскіх навук, прафесар Эдвард Антонавіч Жаўрыд.
22.12.2021 / 08:51
Эдвард Жаўрыд у 1962 годзе скончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. З 1966 года і па сёння працаваў у Рэспубліканскім навукова-даследчым інстытуце анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, у 1987 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Лячэнне злаякасных пухлін з ужываннем штучнай кіраванай гіпертэрміі і гіперглікеміі», піша Мінздароўя.
Эдвард Жаўрыд стаў адным з заснавальнікаў новага кірунку ў анкалогіі — выкарыстанні высокіх тэмператур пры лячэнні злаякасных новаўтварэнняў.
Таксама ён першым у краіне арганізаваў клінічныя выпрабаванні лекавых сродкаў у анкалагічнай практыцы. Быў ініцыятарам і актыўным арганізатарам падрыхтоўкі і выдання першых пратаколаў дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін.
За распрацоўку і ўкараненне ў практыку метадаў лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі ў 1988 годзе ўдастоены ганаровага звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі.