Людзі таўсцеюць па двух тыпах: або яблык, або груша. Што горш? Расказвае доктар
Чаму з гадамі мы таўсцеем? Ці сапраўды з часам у нас замаруджваецца абмен рэчываў, што спрыяе набору кілаграмаў? Як лішняя вага шкодзіць нашаму здароўю? Ці можна, пахудзеўшы, перазапусціць арганізм і пазбавіцца многіх балячак? Пра гэта «Звязде» распавёў нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен Гурбаніджад.
18.12.2021 / 19:32
Фота: depositphotos.com
— Прынята лічыць, што з узростам абмен рэчываў у нашым арганізме замаруджваецца, і ад гэтага кілаграмы адкладваюцца куды хутчэй, чым у маладосці…
— Сапраўды, з гадамі ў нас павялічваецца вага — расце жывот, сцёгны, павялічваецца падскурная тлушчавая клятчатка. Мы звязваем гэта з узростам і лічым, што, чым больш нам гадоў, тым маруднейшы абмен рэчываў. І ёсць захворванні, якія з'яўляюцца з узростам: павышаны артэрыяльны ціск, болі ў суставах, некаторыя жаночыя хваробы, анкалагічная захворвальнасць. І часта можна пачуць такое апраўданне: «А ты ведаеш, колькі мне гадоў?»
Аднак апошнія даследаванні вучоных, адно з якіх апублікаванае ў часопісе Scіenc, паказалі, што гэта не так. Асноўны абмен (які, як мы думаем, з узростам пачынае мяняцца) — гэта энергія, што патрэбная нашаму арганізму ў пакоі, каб ён працаваў. Каля 60% энергіі асноўнага абмену забіраюць галаўны мозг, печань, сэрца і ныркі. Як ні дзіўна, разам яны складаюць усяго каля 5 % масы нашага цела, але патрабуюць вельмі шмат энергіі. Даследаванне цягнулася некалькі дзесяцігоддзяў, падчас яго вымяралі асноўны абмен у розных людзей: ад немаўляці да прадстаўнікоў сталага веку.
Вучоныя высветлілі, што ў дзяцей да года метабалізм паскораны на 50% у параўнанні з дарослым. З аднаго года да 20 ён змяншаецца на тры працэнты штогод. З 20 да 60 гадоў асноўны абмен застаецца нязменным. І не залежыць ні ад полу, ні ад цяжарнасці, клімаксу ці іншых станаў. Пасля 60 гадоў ён пачынае змяншацца на 0,7 % у год. Такім чынам, у 20 гадоў і 60 у чалавека абмен рэчываў прыкладна аднолькавы. Гэта пацвяржае назіранне, што павелічэнне вагі з узростам больш характэрнае для развітых краін, дзе людзі багацейшыя і больш могуць сабе дазволіць. Такое атлусценне ў медыцыне мае назву метабалічнага сіндрому.
— Ці азначае гэта, што пачынаючы з 20 гадоў, усё жыццё можна пражыць у адной вазе, скажам, 55 кілаграмаў?
‒ Нават крыху менш, бо пасля 30 гадоў змяншаецца мышачная маса, і ўсё, што мы набіраем, — гэта тлушч. Мы павялічваемся ў памерах ад добрага жыцця. У краінах Афрыкі такой праблемы не назіраецца, а вось у ЗША каля 40 % насельніцтва мае атлусценне, там праблема набыла нацыянальны маштаб. З-за гэтага змяншаецца працягласць жыцця. Праўда, амерыканцы, якія маюць больш высокі сацыяльны статус, сочаць за сваёй фігурай, стараюцца менш есці, не ўжываюць генна мадыфікаваную ежу, фаст-фуд.
— Метабалічны сіндром адносіцца да тых хвароб, якія «не баляць»?
— Сапраўды, гэта так, і, на вялікі жаль, людзі звяртаюцца да доктара толькі тады, калі атрымліваюць ускладненні. Чалавек звычайна ні на што не скардзіцца, не ідзе да ўрача і, самае цікавае, істотна патаўсцеўшы, можа адчуваць сябе лепш. Прычым трэба заўважыць, што метабалічны сіндром — праблема не толькі дарослых, але і дзяцей.
Фота: depositphotos.com
‒ Як яго ў сябе западозрыць?
— Метабалічны сіндром характарызуецца павелічэннем акружнасці таліі (больш за 102 см у мужчын і 88 см — у жанчын), гіпертаніяй (больш за 130/85 мм рт. сл), павелічэннем узроўню глюкозы (больш за 5,6 ммоль/л), зменай адчувальнасці клеткі да інсуліну (трыгліцэрыды больш за 1,7 ммоль/л), змяненнем суадносінаў дрэннага і добрага халестэрыну (менш за 1,04 ммоль/л для мужчын і 1,29 для жанчын).
Калі хаця б тры з гэтых умоў выконваюцца, тады можна ставіць метабалічны сіндром. І ўсё гэта наступствы атлусцення. Прычым тут няважна, якую ежу мы ўжываем — карысную ці шкодную, самае галоўнае — калорыі, якія атрымліваем. Калі іх колькасць перавышае норму, якую арганізм расходуе, то мы крок за крокам набліжаемся да метабалічнага сіндрому.
— Ці можна гэты працэс адкруціць назад, калі сесці на дыету і есці менш?
— Усё залежыць ад таго, на якім этапе метабалічнага сіндрому мы пачынаем страйнець. Ціск у некаторых выпадках можа ўрэгулявацца. Але ёсць і незваротныя змяненні: напрыклад, у сценках сасудаў, якія становяцца менш эластычнымі, адкладваюцца халестэрынавыя бляшкі. І калі чалавек пахудзее, яму стане лягчэй: зменшыцца нагрузка на суставы і пазваночнік, сэрцу будзе палёгка. Але змяненне сасудаў і бляшкі застануцца, лекаў ад гэтага няма. Таму лепш спыняць метабалічны сіндром у самым пачатку.
— Чым небяспечны метабалічны сіндром?
— Атлусценне — гэта праблема, якая расце марудна, але прыводзіць да пэўных сурʼёзных хвароб. Мы ўжываем калорый больш, чым расходуем, і пачынаем набіраць вагу. Гэта адбываецца па двух сцэнарыях. Ёсць людзі, якія таўсцеюць, і гэта адразу заўважна, а ёсць тыя, якія, здаецца, і не моцна набралі, але вагі паказваюць больш, чым можна падумаць. У іх пераважна развіваецца ўнутраны тлушч. І гэты тлушч якраз і ёсць тое, што запускае ўсе негатыўныя працэсы.
Унутраны тлушч нам, насамрэч, патрэбны. Ён падтрымлівае нашы органы, сагравае іх, бо працуе як тэрмаізаляцыя, амартызуе ўдары. Але праблемы пачынаюцца, калі гэтага тлушчу становіцца зашмат.
Людзі таўсцеюць па двух тыпах: або яблык, або груша. Фігура першага чалавека нагадвае шар, тлушч адкладваецца ў раёне таліі, другога — грушу, бо тлушч пераважна назапашваецца ў ніжняй частцы. Першы тып больш небяспечны.
Калі суадносіны акружнасці таліі да росту ў жанчын перавышаюць 0,48, а ў мужчын — 0,52, можна казаць пра атлусценне і пачатак праблемы. Ёсць, канешне, людзі, у якіх пачынае расці падскурная клятчатка, а не ўнутраны тлушч, у іх метабалічны сіндром развіваецца больш марудна. Ёсць людзі, у каго ёсць атлусценне, а метабалічны сіндром не назіраецца, але гэта рэдкасць і выключэнне з правіла.
Што адбываецца пры метабалічным сіндроме? У арганізме назапашваецца вялікая колькасць унутранага тлушчу. У ім ускладнены кровазварот, і з-за гэтага тлустыя клеткі пачынаюць дыстрафіравацца і адміраць. У гэты час стымулюецца імунная сістэма, выпрацоўваюцца запаленчыя інтэрлекіны. Яны зʼяўляюцца асноўнай прычынай хранічнага запалення у нашым арганізме.
Інтэрлекіны пачынаюць распаўсюджвацца па ўсім арганізме, выклікаючы розныя праблемы: ад сардэчна-сасудзістых і цукровага дыябету другога тыпу да анкалагічных і аўтаімунных. Гэта і нейрадыстрафічныя змяненні, такія як дэменцыя і хвароба Альцгеймера.
Акрамя таго, унутраны тлушч трапляе ў печань, выклікае тлушчавую дыстрафію, што ў сваю чаргу запускае многія працэсы ў нашым арганізме. Тлушч можа назапашвацца паміж рознымі мышачнымі валокнамі і такім чынам памяншаць адчувальнасць клетак да інсуліну, што ў далейшым прывядзе да цукровага дыябету другога тыпу.
Аслабляецца імунная сістэма, могуць узнікаць розныя анкалагічныя хваробы, напрыклад, рак эндаметрыю і малочных залоз у жанчын, рак прастаты ў мужчын, а таксама рак стрававода, кішэчніка.
Канечне, гэта нельга спісваць толькі на атлусценнне, уплываюць і канцэрагенныя фактары, і генетычныя. Аднак метабалічны сіндром — дадатковае масла ў агонь.
Пры атлусценні паступова пачынаюцца атэрасклератычныя змяненні сценак сасудаў. Зʼяўляюцца атэраскератычныя бляшкі, яны ўплываюць на тромбаўтварэнне, што прыводзіць да інсульту і інфаркту.
Змяняюцца самі сценкі сасудаў — становяцца грубымі і неэлестычнымі, што прыводзіць да павелічэння артэрыяльнага ціску.
Лішняя вага можа ўплываць на работу нырак, падстраўнікавай залозы, печані — яны павялічваюцца ў абʼёме. Дадатковыя кілаграмы могуць быць прычынай кістозных утварэнняў яечнікаў.
У мужчын змяншаецца ўзровень тэстастэрону і аслабляецца патэнцыя, у жанчын таксама можа развівацца фрыгіднасць. Усё гэта дае вялікі штуршок да павелічэння біялагічнага ўзросту чалавека.
І, на жаль, людзі звяртаюцца да доктара, як правіла, толькі тады, калі атрымалі гэтыя ўскладненні: ішэмічную хваробу сэрца, інфаркт, мікраінсульт, цукровы дыябет, гінекалагічныя хваробы, болі ў суставах.
Ёсць некаторыя эндакрынныя генетычныя захворванні, якія вядуць да атлусцення, як напрыклад, хвароба Кушынга, але яны сустракаюцца не так часта. І такім людзям патрабуецца сурʼёзная медыцынская дапамога, ад дыеты яны не худзеюць. Калі чалавек супакойвае сябе і кажа, што такая ў яго генетычная схільнасць, часцей за ўсё гэта не так.
Фота: depositphotos.com
— Нягледзячы на тое, што абмен рэчываў аднолькавы з 20 да 60 гадоў, мяняецца гарманальны фон, у прыватнасці, у жанчын падчас цяжарнасці ці клімаксу. Кажуць, што гэта спрыяе набору кілаграмаў.
— На асноўны абмен гэта не ўплывае, і ў даследаванні гэта было адзначана. Гармоны — прагестэрон і эстраген у дадзеным выпадку — ніяк не ўплываюць на абмен рэчываў. Варта проста сачыць за сабой.
— Але з чым тады звязана, што ў маладосці многія з нас больш худыя, чым ва ўзросце?
— З тым, што мы становімся больш лянівымі. Арганізм прывыкае атрымліваць хуткае задавальненне ад ежы, а мы менш рухаемся.
Калі хлопца-школьніка ці студэнта паклікаць гуляць у футбол, ён прабегае паўдня і не ўспомніць пра ежу. А дарослага мужчыну, калі ў яго змяніўся лад жыцця, яшчэ паспрабуй выцягнуць у спартыўную залу! У маладым узросце і дзяўчаты больш актыўныя. А седзячы дома з дзецьмі, таўсцеюць, бо малое трэба карміць шмат разоў на дзень, але яно зʼядае адну лыжку кашы, а мама — усю талерку. А потым апраўдваюць свой стан цяжарнасцю і родамі.
Ды і многія замест таго, каб шукаць праблему ў сабе, знаходзяць апраўданні — у цяжарнасцях, узросце. Людзі ахвотна называюць свой узрост, але нікому не хочуць паказваць, колькі зʼядаюць на абед ці вячэру.
— Як змагацца з метабалічным сіндромам?
— Любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Але калі мы ведаем, што з узростам наш абмен рэчываў амаль не мяняецца, а атлусценне нязменна прывядзе да метабалічнага сіндрому, то мы мусім рабіць выбар. Што нам у жыцці больш важнае: здароўе ці лад жыцця, які вядзём, і тое задавальненне, якое атрымаем ад ежы? Доктар, дарэчы, таксама мусіць быць прыкладам. Калі ён сам ледзь змяшчаецца за сталом, то яго парады наўрад ці будуць пачутыя пацыентам.
Калі мы прыйшлі да метабалічнага сіндрому, варта зменшыць колькасць калорый, якія паступаюць у арганізм. Мы можам есці шмат, але павінны ўрэгуляваць калорыі. Калі колькасць калорый перавышае той узровень, які мы расходуем, яны ідуць у скарбонку метабалічнага сіндрому. Калі мы ядзім шмат некаларыйнай ежы, то проста расцягваем страўнік, але вялікіх крокаў да метабалічнага сіндрому не робім.
Час ад часу можна прымаць медфармін — гэта таблеткі, якія павялічваюць адчувальнасць клеткі да інсуліну, такім чынам мы змагаемся з павелечэннем узроўню інсуліну ў арганізме і затарможваем працэс развіцця метабалічнага сіндрому. Фізічная нагрузка таксама мае значэнне.
Фота: depositphotos.com
— Ці можа дапамагчы хірургічнае выдаленне тлушчавых адкладаў або ліпасакцыя ў барацьбе з метабалічным сіндромам?
— На жаль, гэта не выратоўвае. Ліпасакцыя змяншае нагрузку на пазваночнік, суставы ног, бо вага становіцца меншай. Але з метабалічным сіндромам такім чынам мы змагацца не можам, бо асноўная праблема — вісцэральны тлушч унутры арганізма. Ліпасакцыямі ад яго не пазбавішся — тут трэба худзець самастойна.
Метабалічны сіндром — хвароба развітых цывілізацый, тых, хто можа дазволіць сабе шмат есці. І на гэта працуе цэлая індустрыя, у тым ліку і рэкламная. Чым больш мы ўжываем ежы, тым лепш для кампаній, якія вырабляюць харчовыя прадукты. Ім не выгадна, каб мы мала елі і набывалі менш прадуктаў. Адсюль і шмат тэлепраграм: што зʼесці, каб пахудзець. Але тут правіла іншае: для таго, каб пахудзець, варта менш есці.
— Худзізна — залог здароўя?
— Калі паглядзець на доўгажыхароў, якім пад сто гадоў ці нават больш, сярод іх няма тоўстых. Канечне, на працягласць жыцця ўплывае і ген доўгажыхарства, але сярод тых, каму пад сто гадоў, няма людзей з вялікай вагой.