«Хітом будзе бчб-шот». Вядомы віцебскі бізнэсовец адкрыў арт-паб у Кіеве
Віталь Броўка — вядомы віцебскі бізнэсовец і арганізатар канцэртаў. Яшчэ нядаўна яго арт-паб «Торвальд» быў культавым месцам для горада. Пасля пратэстаў яго давялося зачыніць, а сам Віталь з’ехаў у Кіеў. І адкрыў там беларускі арт-паб для тых, хто сумуе па драніках і роднай культуры.
20.12.2021 / 11:28
Фоты тут і далей — Алеся Пілецкага
Калі ў Віцебску пачалася пандэмія, арт-паб Віталя тры месяцы карміў медыкаў на перадавой. Вазілі абеды ў абласную інфекцыйную бальніцу, аддзяленне КТ абласнога дыягнастычнага цэнтра, лабараторыю, якая рабіла тэсты на кавід.
«Гатавалі для іх блізка ста порцый штодня. Вельмі часта я сам развозіў, потым ужо падцягнуліся валанцёры, якія сталі дапамагаць з дастаўкай», — згадвае Віталь.
Праблемы ў паба пачаліся ў верасні 2020 года. Прыйшла пазапланавая комплексная праверка: Дзяржкантроль, ДФР, падатковая, санстанцыя. Але ніякіх істотных парушэнняў не выявілі. Пасля была праверка з МНС. Калі гарадскі аддзел нічога не знайшоў, прыслалі абласное ўпраўленне.
«І ўжо яны знайшлі хібы ў канструктыве будынка, які знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці і ў якім заўсёды былі ўстановы харчавання. А тут нечакана аказалася, што ён не адпавядае патрабаванням», — расказвае Віталь.
У студзені паб давялося зачыніць.
«У нас заўжды была вельмі лаяльная аўдыторыя. І хоць ужо былі трывожныя часы, калі не да вяселля і застолляў, людзі са скрухай успрынялі навіну, што паб будзе зачыняцца. Многія выказвалі надзею, што усё яшчэ вернецца. І калі мы распрадавалі прадметы інтэр’еру, спадзеючыся сабраць сродкі і правесці рамонт, людзі падтрымлівалі. Казалі: «Я забіраю частку «Торвальда», але не для сябе, а для захоўвання, як толькі адродзіцца, вярну назад. А грошы лічыце ахвяраваннем на справу».
З гэтага моманту я пачаў адчуваць па сутнасці забарону на прафесію. Адмяняліся гастрольныя пасведчанні на артыстаў, канцэрты якіх я прызначаў. Пазней ліквідавалі і сацыяльна-культурную ўстанову «Віцебск для мяне». Я спадзяваўся нейкім чынам перасядзець, але калі снарады пачалі разрывацца занадта блізка, прыняў рашэнне з’ехаць».
У Кіеў Віталь перабраўся тры месяцы таму. Многія яму раілі не спяшацца з адкрыццём бізнэсу тут: спачатку агледзецца, зразумець, як што працуе.
«Але калі б я сядзеў на месцы, было б значна складаней. А калі кінуўся ў справу, і рукі, і галава занятыя, псіхалагічна лягчэй. Хаця з нуля пачынаць, тым больш у чужым і вялікім горадзе… Я ніколі не жыў у мегаполісе, гэта зусім не так, як у Віцебску, дзе ты ведаеш практычна кожнага.
Ва Украіне прасцей дакументальна афармляць бізнэс, хутчэй адбываюцца працэдуры. З іншага боку, у Віцебску ў мяне было больш інфармацыі і кантактаў, я ведаў, каму задаць пытанні. Ва Украіне многія інтэрпрэтацыі заканадаўства даволі блытаныя або супярэчлівыя ў залежнасці ад таго, дзе ты шукаеш каментарыі».
Адкрыццё паба з нуля заняло два месяцы. Каб паспець усё за гэты час, працавалі без выхадных і прыцягнулі ў дапамогу шмат сяброў. Колькі гэта каштавала, Віталь не агучвае.
«Праект толькі запускаецца, выдаткі яшчэ працягваюцца, — тлумачыць ён. — Зразумела, што ў Кіеве крыху даражэй, але не ў разы. Усё ж такі досвед стварэння месцаў грамадскага харчавання ў Віцебску ў мяне вялікі — быў не толькі «Торвальд», але і «Бро’бар», іншыя ініцыятывы. Ды і доступ да матэрыялаў і абсталявання тут значна лепшы, чым у Беларусі».
У кіеўскім «Торвальдзе» некалькі залаў. У асноўнай на сцэне будуць выступаць беларускія музыкі, ладзіцца розныя асветніцкія мерапрыемствы. Адна з залаў — «Радзівілаўская» — аформленая гравюрамі Напалеона Орды. На сценах у пабе выстава Уладзіміра Цэслера. Экспазіцыі будуць пастаянна мяняць, каб паказаць творы розных беларускіх мастакоў.
«Многія з беларусаў, асабліва тыя, хто з’ехаў раней, скардзяцца, што сумуюць па беларускай ежы, па родных драніках. Маўляў, дзеруны ўкраінскія — гэта не тое. Таму па меню стартуем з дранікаў і іншых нацыянальных страў — на патэльні, з мяса.
Будзе і веганскае меню на аснове фалафеля і тофу.
Напоі — нашы фірмовыя настойкі (вішнёўка, журавінаўка, хрэнавуха, «Таямніца Торвальда»), традыцыйнае і крафтавае піва, шырокая кактэйльная карта.
І, безумоўна, хіт 2019 і 2020 гадоў — бчб-шот. Ён будзе складацца з какосавага сіропу, журавінаўкі, светлага рому і таямніцы», — дзеліцца Віталь.
Ён не губляе надзеі, што «Торвальд» яшчэ адродзіцца ў Віцебску.
«Я веру, што гэта адбудзецца абавязкова, і адбудзецца даволі хутка. І месца будзе яшчэ лепшым, чым раней. Таму што новы кіеўскі досвед і падтрымка грамадства зробяць нас больш цікавымі і паспяховымі».