Польскі салдат, што збег у Беларусь: Ніколі не было такой сітуацыі, каб мы праводзілі мігрантаў і іх не забілі
Аповед польскага салдата Эміля Чэчкі абрастае ўсё новымі падрабязнасцямі. Відэаінтэрвʼю з ім публікуе беларускае тэлебачанне.
17.12.2021 / 22:33
Напрыклад, Чэчка кажа, што на мяжы Польшчы і Беларусі шмат свежых магіл. Бо мігрантаў адмыслова забівалі польскія жаўнеры.
«Мы заўсёды забівалі. Целы мігрантаў закапаныя ў зямлю або разадраныя ваўкамі, але большасць у ямах. Мне цяжка сказаць, колькі там магіл», — кажа польскі вайсковец.
Таксама ён распавядае, што салдат перад забойствам мігрантаў паілі.
Сам ён таксама ў гэтым удзельнічаў.
«На першым патруляванні мы былі пʼяныя, па дарозе лавілі самотнага чалавека, везлі яго ў лес, выкопвалі яму і прама на нашых вачах памежнікі стралялі яму ў галаву», — распавёў ён.
На пытанне прапагандысткі, колькі, на яго погляд, на мяжы польскія сілавікі забілі мігрантаў, Чэчка адказаў: «Адзін патруль браў двух жаўнераў, якія штодня забівалі групу асоб, якія змяшчаліся ў кузаве вайсковага грузавіка».
Вайсковая паліцыя Польшчы паведаміла, што ў верасні Чэчку судзілі за жорсткае абыходжанне з блізкімі (паводле журналістаў, гаворка ідзе пра маці), а 12 снежня ён быў затрыманы за кіраванне ў нецвярозым стане. Паведамляецца таксама, што ў хлопца праблемы з алкаголем і наркотыкамі.
Трое кіраўнікоў Чэчкі былі звольненыя. Дзеянні былога салдата польскай арміі расцанілі як дэзерцірства, яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да дзесяці гадоў.