«З’явілася жаданне ўцячы ад усіх». Жанчына з трыма дзецьмі з’ехала ў глухую палескую вёску, купіла закінутую хату і зрабіла яе знакамітай
Сваім жыццём і ўчынкамі Людміла Недашкоўская даказвае: твой дом там, дзе табе добра. А калі шчыра любіш справу, якой займаешся, жыццё абавязкова пакажа табе твой шлях.
15.12.2021 / 09:18
Фота: «Драгічанскі веснік»
«Дабрацца сюды можна было толькі на лодцы»
Какорыца — унікальная вёска ў Драгічынскім раёне, яе амаль ніхто не ведае. Калісьці яе называлі другой Венецыяй. Вёска стаяла на вадзе, а мясцовыя перасоўваліся на лодках.
«Іх назвалі «чайкамі». У кожнага жыхара вёскі было па дзве лодкі. Адна парадная, другая працоўная. На лодках перавозілі нават будматэрыялы для дамоў. Але ўжо сення вёска на мяжы знікнення», — расказвае ў адным з відэа Людміла.
Людзі, якія прыязджаюць да гэтай жанчыны ў госці, так ёй зачароўваюцца, што з задавальненнем здымаюць пра яе сюжэты і нясуць славу ў народ.
Фота: Даша Сапранецкая, праект Humans of Minsk
«Какорыца стаіць па-суседству з Бездежам — яшчэ адной унікальнай беларускай вёскай. Я там нарадзілася, — дзеліцца сваёй гісторыяй Людміла з блогам Humans of Minsk. — Там мама мая жыве. Вескі падзяляе рака Плёса. У дзяцінстве мы бралі карыта, адзенне і беглі да ракі праць. Выдатнае дзяцінства ў нас было.
У Какорыцы быў дом культуры, бібліятэка, крама, стайня… Сёння ўжо чалавек 70 засталося. Вёска вымірае. Але прырода тут, як і раней, амаль некранутая. У нас нават дарога рукамі мясцовых жыхароў насыпаная. Завем яе «грэбля».
Яна і звілістая такая, бо пракладвалі ў тых месцах, дзе вады менш было. Да з’яўлення гэтай дарогі дабрацца ў Какорыцу можна было толькі на лодках.
Фота: Даша Сапранецкая, праект Humans of Minsk
«Марыла застацца ў адзіноце»
Людміле 40 гадоў. І ў яе ёсць усё, каб быць паспяховай жанчынай у сучасным уяўленні. У ёй і жаночае абаянне, і дзелавая хватка, і мноства талентаў.
Узнікае пытанне: што тыды гэтая жанчына робіць у палескіх балотах, у вёсцы, з якой у горад дзеці забіраюць нават старых. Тым больш у Какорыцы больш няма школы, дома культуры і нават крамы.
Два разы на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка. Пры гэтым жанчына адна выхоўвае траіх дзяцей! Старэйшай дачцэ 23, малодшай — 16, а сыну — 9, піша пра яе блог Humans of Minsk.
Фота: «Драгічынскі веснік»
Так здарылася, што вярнуцца дадому жанчыну падштурхнулі няпростыя жыццёвыя падзеі.
«Рана выйшла замуж, 14 гадоў жыла ва Украіне. Але жыццё не склалася. Таму і вярнулася да мамы. Пакінула там усё, што было: сваю справу і кліентаў. Я шыла сукенкі на заказ, — цытуе яе Humans of Minsk. — З’явілася жаданне ўцячы ад усіх у цішыню. Хацела жыць там, дзе няма нават суседзяў. Марыла застацца ў адзіноце».
Неўзабаве пасля вяртання ў родныя мясціны маладая жанчына занялася рамесніцтвам. Як і многія мясцовыя жыхары, яна з дзяцінства ўмела вышываць гладдзю, пячы хатні хлеб, рукадзельнічаць і гаспадарыць.
Фота: «Драгічынскі веснік»
Раней Людміла скончыла курсы кройкі і шыцця, а потым навучылася вышываць крыжыкам і бісерам, пачала выступаць у мясцовым самадзейным ансамблі «Купалінка» і завочна паступіла ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць «народная творчасць».
«Усё аказалася не так складана. Знайшліся сябры, якія падказалі, дзе можна купіць хату, — расказвала жанчына. — Глядзела дзве. Адну ў цэнтры, але яна мне не спадабалася. А другая… Памятаю, як прыехалі да яе ўвечары. А яна закінутая, у быльнягу, унутры бардак… Гэта цяжка растлумачыць.
Але ў гэтым доме была такая светлая энергетыка, што я там і зразумела: сваё жыццё буду будаваць тут. Дом стары, але зроблены з добрага сталага дрэва. Побач возера, рэчка, шыкоўныя турыстычныя маршруты… Ідэальнае месца для жыцця, пра якое я марыла».
Фота: Даша Сапранецкая, праект Humans of Minsk
«Вырашыла захаваць і прымножыць палескія скарбы»
Даводзіць дом, у якім калісьці была польская школа, да ладу Людміле прыйшлося доўга і старанна.
«Я набыла яго за 700$, але шмат яшчэ ўклала, бо нічога, акрамя пагрызеных мышамі шпалер, тут не было. Усё карчамі зарасло. Сама тут усё рабіла, часам мне дапамагалі за гарэлку», — гаварыла жанчына.
Аказалася, што тут не толькі лёгка дыхаецца, але і з’яўляюцца творчыя ідэі. Са свайго новага старога дома Людміла вырашыла зрабіць аграсядзібу, спадзяецца прыцягнуць сюды турыстаў і ўзнавіць жыццё паміраючай вёскі. Сядзібу назвала «Куфрынкай».
Фота: «Драгічынскі веснік»
«Ад слова «куфар». Раней яны былі ў кожнай хаце. У іх захоўвалі найлепшыя рэчы і пасаг. Так і назвала сваю сядзібу, бо збіралася сабраць у ёй усё самае каштоўнае: традыцыю і культуру», — тлумачыла жанчына.
Сваю сядзібу Людміла падфарбавала, але ўнутры захавала каларыт сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі галоўным упрыгожваннем сялянскай хаты было тое, што людзі рабілі сваімі рукамі — ручнікі, куфры, кілімкі, калаўрот.
Тут засталася столь з бэлькамі і кручок ад старадаўняй дзіцячай калыскі, якую трэба было падвешваць. А таксама ложак з «падузорнікам», якім накрываюць падушкі і велізарная печ, у якой Людміла гатуе па старабеларускіх рэцэптах.
Фота: уласны архіў гераіні публікацыі
«Вырашыла пакінуць усё аўтэнтычным, захаваць і прымножыць палескія скарбы. Збірала па крупінках. Складана — нічога ж амаль не засталося. Нешта мне суседзі аддалі, нешта сама размалявала і вышыла, нешта набыла. Часам людзі выкідваюць дываны, бо імі ўжо ніхто не карыстаецца, дык я са саметніка дастаю».
«Кажу турыстам, што інтэрнэту няма, прыбіральня на двары — і ім нармальна»
Турысты, як прызнаецца гаспадыня аграсядзібы, валам у «Куфрынку» не едуць, але ў яе ўжо ёсць пастаянныя кліенты.
Нягледзячы на тое, што прыбіральня і летні душ тут на двары. Гаспадыня марыць падвесці ў хату ваду і ўсталяваць ванну. Пакуль жа ўладкаваныя нават не ўсе пакоі.
«Какорыца — іншы свет. Гэта складана перадаць словамі, там трэба жыць і бачыць. Мне падабаецца тая даўніна, што ў Бездзежы ўжо амаль страчаная. Падабаецца паліць у печы, грубцы.
Фота: уласны архіў гераіні публікацыі
Тут цішыня, не гудуць трактары, акунаешся ў прыроду. Побач Ясельда і Спораўскае возера. Я адразу кажу сваім турыстам, што інтэрнэту няма, туалет на двары — і ім нармальна, толькі б дзеці не сядзелі ў гаджэтах.
У нас можна пабачыць рэдкіх птушак, пачуць мясцовы дыялект, тут пасвяць кароў і авечак, я гатую ў печы натуральныя беларускія стравы без хімікатаў, праводжу майстар-класы. Я сама крыху саромеюся, што ў мяне няма гарадскіх умоў, але тыя, хто любіць Дубай, сюды і не паедуць», — расказвала жанчына Humans of Minsk.
Таму і цана для гасцей у сядзібе невысокая. За суткі з чалавека — 30 рублёў. І гэта са сняданкам і вячэрай, з хлебам, уласнай выпечкай. Усё гэта Людміле дапамагае гатаваць яе мама.
Фота: уласны архіў гераіні публікацыі
Пакуль з прыбыткам у аграсядзібы не густа. І таму Людміла падзарабляе: шые і вышывае на заказ сукенкі, блузкі, эксклюзіўныя кашулі з ільнянога палатна.
«У мяне маленькая майстэрня. А як яшчэ выжываць у вёсцы? Пра дапамогу былога мужа нават сорамна казаць — атрымліваю 30 рублёў на адно дзіця, — расказала жанчына. — У людзей у Бездзежы невялікія заробкі: 300 рублёў — і тое добра, таму я шыю ім сукенкі за 40 рублёў.
Колькі маіх сукенак, вышытых рукамі, і ў Гомелі, і у Гродне, і нават у Германіі ёсць! За апошнюю атрымала 250 рублёў, тыдзень яе вышывала — днём і ноччу. Даражэй, можа, ніхто і не купіць, але я лічу, што такая праца каштуе больш.
Фота: «Драгічынскі веснік»
Працы няма, а дзяцей гадаваць трэба. Таму часам раблю нешта дзеля абмену. Суседка прынесла мне старыя фартухі, а я ёй навалачкі новыя».
«Стала найлепшым касцом, выйграла грант ад «Кока-Колы» і купіла мотаблок»
На пленэры ў «Куфрынку» прыязджаюць мясцовыя мастакі. Тут праходзілі нават здымкі тэлеперадачы «Беларуская кухня» з майстар-класам па прыгатаванні запечанага гусака з грачанай начынкай.
Гаспадыня сядзібы і сама ладзіць святы для мясцовых. Напрыклад, некалькі год таму ў Какорыцы арганізавала сустрэчу ўраджэнцаў гэтай унікальнай вёсачкі.
Фота: уласны архіў гераіні публікацыі
«Рыхтавалася і думала: ну хаця б 5-10 чалавек прыйшлі. А тут — больш за паўсотні людзей на падворку сабралася. Многія прыезджыя прыходзілі з дзецьмі, з унукамі. Людзі спявалі разам з намі, успаміналі сваю маладосць і тыя гады, што прайшлі ў Какорыцы. Зайшоўшы ў мой дом, многія адзначалі, што тут захавалася не толькі абстаноўка, але і атмасфера іх вясковага дзяцінства», — расказвала жанчына.
Людмла сябруе з суседзямі, хоць яны ўжо і моцна ў гадах. Так, напрыклад, сусед Іван Зіновіч некалькі год таму ўгаварыў Людмілу паўдзельнічаць у рэспубліканскім спаборніцтве касцоў «Спораўскія сенажаці». І нават змайстраваў для яе касу.
Фота: уласны архіў гераіні публікацыі
Так-так, Людміла ўмее касіць, а пустуючых участкаў у вёсцы больш за людзей. І што вы думаеце: разам са сваёй напарніцай Людміла выйграла і стала найлепшым касцом сярод жанчын-удзельніц.
«Атрымала грант ад «Кока-Колы» на падтрымку жанчын, за яго набыла матаблок, каб пасадзіць гарбузовае поле. Была ідэя рабіць з іх экалагічнае дзіцячае харчаванне, цукаты і чыпсы. Хацела зрабіць гарбузовы фестываль, алё моцна захварэла. Ідэй шмат, але патрэбныя сілы», — адзначала яна.
«Мне і цяпер кажуць: «Навошта табе трэба? Гэтае балота, гэтая Какорыца, камары, гэта ўсё». І мама кажа, што гэта занадта цяжка, дапамагчы ж няма каму. А хто захоча прыехаць у Какорыцу і працаваць?
Няма ўжо на вёсцы такіх мужчын, якіх можна наняць. Таму прыходзіцца ўсё рабіць самой, але мне тут добра. Мне хочацца, каб гэтая вёска жыла. Я ж «дзеравенская». Павінна справіцца», — аптымістычна гаварыла Людміла «Драгічынскаму весніку».