Прэм'ер-міністр Літвы не выключае адстаўкі ўсяго ўрада з-за сітуацыі з «Беларуськаліем»
Прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце сказала, што не выключае адстаўкі ўсяго ўрада з-за далейшага транзіту угнаенняў «Беларуськалія».
14.12.2021 / 10:17
Інгрыда Шыманіце і Габрыэлюс Ландсбергіс, Delfi.lt
«Я не выключаю такой магчымасці, магу прама сказаць пра гэта, — сказала яна ў перадачы «Тэма дня». — Калі дзейнасць урада выклікае так шмат пытанняў, то, напэўна, урад, калі не можа на іх адказаць, павінен завяршыць свае паўнамоцтвы, і нейкі новы ўрад мог бы працягнуць працу з нуля».
«У палітыцы многае залежыць ад таго, як ты сам ацэньваеш сябе пры канкрэтных абставінах і ў канкрэтным месцы, — сказала Шыманіце. — Гэта па сутнасці маё рашэнне, калі я ацэньваю свае магчымасці забяспечыць доўгатэрміновыя інтарэсы дзяржавы, менавіта гэта больш за ўсё паўплывае на мой выбар».
Транзіт угнаенняў «Беларуськалія» праз Літву працягваецца, нягледзячы на тое, што на мінулым тыдні ўступілі ў сілу санкцыі ЗША ў дачыненні да гэтай кампаніі. Да ўступлення санкцый у сілу беларуская кампанія перавяла аванс «Літоўскай чыгунцы» за некалькі месяцаў наперад.
У сувязі з гэтым міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс і транспарту Марус Скуодзіс падалі прэм'еру заявы аб адстаўцы.