Bild: План-максімум Крамля — захапіць дзве траціны Украіны, уключна з Кіевам
Паводле звестак нямецкага выдання Bild, Расія разглядае план захапіць дзве траціны тэрыторыі Украіны, уключна з Кіевам, піша «Украінская праўда».
04.12.2021 / 22:37
Выданне адзначае, што інфармацыя пра магчымае ўварванне Расіі ва Украіну заснавана на ацэнках некалькіх людзей з НАТА і службаў бяспекі, якія змаглі ўбачыць некаторыя з магчымых планаў нападу Расіі.
Па словах высокапастаўленага афіцэра, план захопу Украіны разглядаецца Пуціным, і канчатковае рашэнне яшчэ не прынята.
Крыніца адзначыла, што ў выпадку загаду Пуціна расійская армія нанясе «адначасовую атаку з паўночнага Крыма і цераз сепаратысцкія тэрыторыі на ўсходзе і поўначы». Атака нібыта можа адбыцца «ў канцы студзеня — пачатку лютага», калі Украіна і НАТА не адкажуць на патрабаванні Пуціна.
Іншыя крыніцы ў НАТА разглядаюць атаку ў тры этапы. Выданне адзначае, што кожная фаза таксама можа стаць апошняй у аперацыі, у залежнасці ад рэакцыі Захаду на ўварванне.
Фаза 1: Поўдзень
На першым этапе РФ плануе заваяваць поўдзень Украіны, «каб забяспечыць пастаўкі ў Крым, а таксама адрэзаць Украіну ад мора і, такім чынам, ад паставак», — сказаў Bild афіцэр службы бяспекі.
Расія плануе выкарыстаць дэсантныя караблі, перакінутыя з Балтыйскага мора ў рэгіён вясной, «для транспартавання танкаў і войскаў з Крыма ў раён Адэсы», — сказаў высокапастаўлены афіцэр заходняй выведкі.
Іншы высокапастаўлены вайсковец удакладніў, што расійскія планы прадугледжваюць правядзенне дэсантнай аперацыі «на ўсход ад Адэсы, паміж гарадамі Фантанка і Коблева». Расійскія войскі «рушаць на паўночны ўсход ад горада, пасля павернуць налева і прасунуцца да Прыднястроўя». Гэта аблажыла б Адэсу.
У той жа час у Херсонскай вобласці ўздоўж ракі Днепр будуць праводзіцца «паветрана-дэсантныя аперацыі спецназа», якія заблакуюць масты праз самую важную раку краіны і, такім чынам, спыняць забеспячэнне. Пры гэтым з Крыма будзе весціся артылерыйскі агонь па моцных украінскіх пазіцыях, што павінна звязаць украінскія войскі.
У той жа час расійскія танкавыя часткі, ізноў жа пры падтрымцы ваенна-марскога флоту і авіяцыі, будуць прасоўвацца на захад з акупаванага Данбаса, затым падзеляцца і рушаць з аднаго боку ў Запарожжа (важны вайсковы цэнтр на поўдні Украіны) і ў бок Крыма.
Калі гэта атрымаецца, увесь поўдзень Украіны акажацца пад кантролем Расіі і Пуцін пракладзе калідор з Расіі да мяжы НАТА з Румыніяй, піша выданне.
Фаза 2: Паўночны ўсход
Паралельна з першай фазай вайны авіяцыя Пуціна і балістычныя ракеты плануюць аслабіць вайсковы патэнцыял Украіны па ўсёй тэрыторыі.
Калі Крэмль палічыць, што ўмовы для гэтага выкананыя, расійскія танкавыя часткі могуць перайсці мяжу ў Луганскай і Харкаўскай абласцях і рушыць наперад да буйных гарадоў Днепр і Палтава.
«Перш за ўсё, яны будуць атачаць гарады і адключаць электрычнасць, газ і прадукты харчавання. Праз некалькі тыдняў рускія могуць праславіць сябе як ратавальнікі мірных жыхароў, увайсці ў гарады і выратаваць украінскае насельніцтва ад голаду ці смерці», — тлумачыць адзін з афіцэраў.
Фаза 3: Кіеў
На трэцім этапе крамлёўская армія будзе наступаць на Кіеў з поўначы.
«Вядома, гэта можа адбыцца ў пачатку вайны, калі таго запатрабуюць абставіны», — сказала Bild крыніца.
Крыніцы ў НАТА не ўпэўненыя, ці будзе рэжым Лукашэнкі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях з Беларусі. Калі Беларусь далучыцца да атакі, Расія можа акружыць Кіеў з паўночнага ўсходу і паўночнага захаду.
Пасля расійскія войскі прасунуцца «прыкладна да лініі Карасцень — Умань, каб адрэзаць пастаўкі з Заходняй Украіны. Тады можна было б чакаць капітуляцыі Кіева, то-бок і Украіны, пад ціскам Захаду».
У выніку такога максімальнага плана Расія можа заняць каля дзвюх трацін цяперашняй тэрыторыі Украіны.
Іншая крыніца адзначыла: «Калі Расія ўвойдзе, санкцыі ўсё роўна будуць. Тады ўжо няма сэнсу спыняцца на паўдарозе».
«Украінцы будуць змагацца, але яны не змогуць супрацьстаяць буйной атацы рускіх», — сказаў Bild высокапастаўлены чыноўнік. Паводле яго слоў, узброеныя сілы Кіева адыдуць на захад краіны, «калі не будуць цалкам знішчаны».
Іншы афіцэр сказаў выданню, што амерыканскіх супрацьтанкавых ракет «Джавелін» не хопіць для ўсіх расійскіх танкаў, а турэцкія беспілотнікі «Байрактар» стануць лёгкай здабычай для расійскіх баявых самалётаў.
Паводле яго слоў, для абароны Украіне спатрэбяцца сучасныя заходнія зенітныя ракеты тыпу «Патрыёт» і супрацькарабельныя ракеты тыпу «Гарпун».
«Саюзнікі цяпер пераасэнсоўваюць пастаўкі зброі ва Украіну. Але гэта рашэнне не можа ісці ад НАТА, а толькі ад яго суверэнных членаў», — сказаў выданню афіцэр заходняй службы бяспекі.
Перадгісторыя:
Два амерыканскія выданні паведамілі аб перакідванні расійскіх войскаў да ўкраінскай мяжы: The Washington Post 31 кастрычніка напісала аб засяроджванні войскаў, а Politico апублікавала фота ад 1 лістапада ў пацвярджэнне гэтага.
11 лістапада Bloomberg напісаў, што ЗША паведамілі саюзнікам з Еўрасаюза аб тым, што Расія можа планаваць ўварванне ва Украіну, улічваючы ўзмацненне напружанасці з-за мігрантаў і праблем з пастаўкамі энергарэсурсаў.
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Кірыл Буданаў заявіў, што РФ рыхтуецца да самай маштабнай атакі на Украіну да канца студзеня — пачатку лютага.
Амерыканская выведка выявіла, што Крэмль плануе наступ на Украіну на некалькіх франтах ужо ў пачатку наступнага года з удзелам 175 тысяч вайскоўцаў, паведаміла выданне The Washington Post.
Расія адмаўляе планы аб наступе.
Аналітыкі разыходзяцца ў думках, ці сапраўды Крэмль гатовы распачаць паўнамаштабную вайну з Украінай, ці гэта псіхалагічны ціск, каб вытаргаваць саступкі і дэстабілізаваць эканоміку краіны. Насельніцтва Украіны ў чатыры разы меншае за расійскае, а ўкраінская армія на парадак слабейшая за расійскую, але яна значна ўмацавалася ў параўнанні з 2014 годам, калі расійскія сілы нават ва ўмовах унутранай нестабільнасці ва Украіне здолелі заняць толькі частку Данбаса, а не ўсю так званую «Наваросію», аб'ект інтарэсаў Масквы.