Макей расказаў пра нейкія таемныя сустрэчы ў Стакгольме, аб якіх прасілі не паведамляць
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей на палях пасяджэння Рады міністраў замежных спраў АБСЕ ў Стакгольме правёў шэраг міжнародных сустрэч, аб частцы з якіх па просьбе замежных калег не паведамлялі. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю БТ-1.
03.12.2021 / 22:18
«У мяне адбыўся шэраг сустрэч з маімі калегамі, пра іх паведамлена афіцыйна і на сайце Міністэрства замежных спраў. Большая палова сустрэч прайшла за зачыненымі дзвярыма, і пра іх мы не паведамлялі, таму што калегі папрасілі, каб яны заставаліся, скажам, канфідэнцыяльнымі. Такая дэмакратыя ў іх разуменні, такая свабода выказвання меркавання ў іх разуменні, калі асцерагаюцца сустрэч праз тое, што будуць падвергнутыя астракізму ў сваіх сродках масавай інфармацыі і ў сваім грамадскім меркаванні», — сказаў міністр.
«Але, тым не менш, гэтыя сустрэчы адбыліся. Якраз гэтыя сустрэчы з'яўляюцца больш паказальнымі. Тое, што гучыць афіцыйна на падобнага роду публічных пасяджэннях, — гэта адно, а ў кулуарах, вядома ж, калегі выказваюць меркаванне аб тым, што трэба ўсім спыніцца і ўжо думаць над тым, як спыніць далейшае нагнятанне напружанасці і далейшае раскручванне спіралі, звязанай з эскалацыяй сітуацыі», — заявіў кіраўнік МЗС.