«Мы тыя нямногія, каму пашанцавала». Мігранты расказалі пра брутальнае падарожжа з Беларусі ў Еўропу

Журналісты The Moscow Times сачылі за падарожжам шасці сірыйскіх мужчын з Мінску ў Нідэрланды. Сірыйцы расказалі пра здзекі, дрыгву і голад.

03.12.2021 / 19:43

Фота: twitter Staz Graniczna

У галандскім горадзе Будэлі, у цэнтры ўцекачоў, пабудаваным на месцы былога ваеннага лагера на поўдні Галандыі, групы бежанцаў катаюцца на роварах паміж спальнымі карпусамі. Стомленыя і разгубленыя, шасцёра сірыйскіх бежанцаў стаяць у чарзе ля кавярні, каб атрымаць сасіскі і бульбу-пюрэ.

Усяго тры тыдні таму журналісты Moscow Times паразмаўлялі з імі каля гандлёвага цэнтру ў прыгарадзе Мінску, дзе яны куплялі ваду і ліхтарыкі перад адпраўкай на мяжу з Польшчай. З таго часу, кажуць яны, яны перажылі жахлівыя пакуты — іх збівалі, яны плылі праз дрыгву, у іх не было ежы і вады, і яны хаваліся ў бяспечным месцы ў Нямеччыне.

«Мы так шмат перажылі за апошнія тыдні… Як быццам цэлае жыццё», — расказвае Валід, седзячы на двух’ярусным ложку ў невялічкім пакоі, у якім жыве ён і яшчэ чатыры чалавекі.

«Беларусь была нашым адзіным варыянтам прабрацца ў Еўропу і выбрацца з нашага пекла ў Сірыі», — кажа Валід, які належыць, як і ягоныя пяцёра сяброў, да друзскай этнічнай меншасці. Хлопцы родам з гораду Ас-Сувайда, што недалёка ад мяжы з Ярданам.

Хлопцы патрацілі ўсе свае ашчаджэнні на візы і квіткі да Мінска, а ўжо адтуль яны ўзялі таксі да Гродна.

У Гродна іх сустрэлі беларускія жаўнеры, якія правялі мігрантаў у буферную зону ў лесе. Сірыйцы расказваюць, што беларускія жаўнеры шмат разоў штурхалі іх праз польскую мяжу, разразаючы для іх калючы дрот. Але польскія жаўнеры шторазу вылоўлівалі іх і штурхалі назад у Беларусь. Калі яны вярталіся ў Беларусь, беларускія жаўнеры збівалі іх дручкамі і галінамі.

Беларуская памежная служба не пракаментавала The Moscow Times гэтыя абвінавачванні ніяк.

«Гэта было прыніжальна», — расказвае Косай, высокі хлопец, які здымае кашулю, каб паказаць сінякі на спіне і руках.

Пасля трэцяй непаспяховай спробы, яны вырашылі адасобіцца ад групы і паспрабаваць перайсці мяжу ў іншым месцы, але ледзь не патанулі ў дрыгве, прабіраючыся туды.

На сёмы дзень у іх скончыліся запасы ежы і пітва. А польскія памежнікі з іншага боку дроту адмаўляліся ім дапамагаць.

«Яны глядзелі на мяне і вылівалі ваду ў зямлю», — расказвае самы малодшы ўдзельнік групы. І кажа, што да іх ставіліся хутчэй як да сабак, чым як да людзей.

У роспачы, нягледзячы на пагрозу збіцця, яны зноў вярнуліся да беларускіх памежнікаў і прасілі тых дапамагчы перайсці мяжу.

Іх пасадзілі з 200 іншымі мігрантамі ў шчыльна набітыя людзьмі грузавікі і павезлі на поўдзень, да пустога пераходу ля Брэста.

Там беларускія жаўнеры праклалі драўляны мост праз польскі плот.

«Было страшна і хаатычна», — кажа Валід.

Беларускія жаўнеры сказалі яму бегчы, нават калі пачуе стрэлы. Усіх, хто вернецца, папярэдзілі, будуць збіваць.

«Мы вымушаныя былі ісці па людзях, гэта было чыста выжыванне. Я не хачу думаць пра тое, што там адбылося. Многія адсталі», — сказаў ён.

Польскія памежнікі абвінавацілі беларускі рэжым у канструяванні драўляных мастоў і ўзвядзенні іншых канструкцый, каб дапамагчы мігрантам перайсці мяжу. Лукашэнка нават прызнаўся ў інтэрвью BBC, што гэта цалкам магчыма.

Калі Валід і яго сябры нарэшце змаглі прабрацца праз мяжу, яны пачулі стрэлы палякаў у паветра, але беглі і не спыняліся. У хаосе яны згубілі адно аднога, але зноў сустрэліся каля невялікай чыгуначнай станцыі.

«Мы тыя нямногія, каму вельмі пашанцавала. Гэта цуд, што мы групай прарваліся сюды», — кажа Адай.

Бяспечны дом

У Польшчы яны сустрэліся з сірыйскім кантрабандыстам, з якім скантактаваліся яшчэ з Беларусі. Ён іх і перавёз у бяспечны дом у Нямеччыне.

За 9-гадзінную дарогу да нямецкай мяжы ён не сказаў ні слова.

«Гэта як з прывідам мець справу», — кажа Валід, апісваючы кантрабандыста.

«Ты нічога пра яго не ведаеш. Ты проста не задаеш ніякіх пытанняў».

Яны правялі ноч у кватэры на ўсходзе Нямеччыны, а на наступны ранак кантрабандыст перавёз іх на захад да нямецкай мяжы з Нідэрландамі. Адтуль яны патрапілі ў галандскі горад Венло і там ужо першай справай накіраваліся ў паліцыю, каб пачаць працэс рэгістрацыі на атрыманне прытулку.

Умовы ў лагеры не такія добрыя, як хлапцы сабе ўяўлялі, паколькі галандскія ўлады не хочуць наплыву мігрантаў. Валід прызнаецца, што, хаця краіна і цудоўная, у лагеры цяжка — хлапцоў мала кормяць і ў іх няма цёплай вопраткі.

У іх добрыя шанцы застацца і атрымаць статус бежанца, кажа прадстаўніца Нідэрландскай рады па справах бежанцаў, бо ўлады ўсё яшчэ лічаць Сірыю небяспечнай краінай. Усё не так пазітыўна ў выпадку з іракскімі курдамі, якіх найбольш сярод мігрантаў, што ідуць праз Беларусь. Нідэрландскія ўлады лічаць іх краіну «бяспечнай».

Усяго ў Нідэрланды прыехала досыць мала мігрантаў беларускім шляхам — хаця дакладную лічбу назваць немагчыма, афіцыйна зарэгістраваліся ў лістападзе 53 чалавекі.

Большасць мігрантаў, якія патрапляюць у ЕС, просяць прытулак у Нямеччыне — там федэральная паліцыя зафіксавала 10648 чалавек, якія нелегальна дабіраліся праз Беларусь.

Некаторыя з мігрантаў, якія былі ў Беларусі, ужо вярнуліся ў Ірак, але пераважная большасць жыве ў надзвычай кепскіх умовах на складах ля мяжы, а некаторыя спяць на вуліцах Мінску.

«Мая віза скончылася, і мая сям’я больш не можа падтрымліваць мяне», — расказаў Афрон, 16-гадовы курд, які цяпер спіць на вуліцах Мінску і просіць ежу ў мінакоў. 10 лістапада Moscow Times паразмаўлялі з ім у Мінску — тады ён толькі быў прыляцеў са Стамбулу.

Нягледзячы на тое, што ім так пашанцавала, сірыйскія сябры не збіраюцца дзякаваць Лукашэнку за магчымасць патрапіць у Еўропу праз Беларусь.

«Лукашэнку было б пляваць, каб мы памерлі ў тым лесе. Ён пра нас зусім не думаў. Усё гэта мы самі зрабілі», — сказаў Валід.

 25-гадовы курд памёр у той самы дзень, калі дабраўся да Нямеччыны праз Беларусь

Ноччу яны чуюць крыкі з лесу на невядомых мовах, брэх сабак і сігналізацыю. Як змянілася жыццё польскага памежжа

Nashaniva.com